В Большом театре отметят 100-летие со дня рождения знаменитого режиссера Дмитрия Смолича

Імя ў оперы

Юбілею народнага артыста Беларусі прысвечана выстава, якая пройдзе з 16 па 22 красавіка ў фае Вялікага тэатра. У экспазіцыі — рэдкія фатаграфіі і афішы з архіву тэатра, у якім Смоліч працаваў з 1962 па 1969 год.

bolshoibelarus.by

Дзмітрый Мікалаевіч быў унікальнай, шмат­граннай і вельмі таленавітай асобай. За што  б ні ўзяўся — усё выконваў на выдатна. Ён нарадзіўся ў Санкт-Пецярбургу ў сям’і вядомага савецкага опернага рэжысёра, народнага артыста СССР і Украіны Мікалая Смоліча. З поспехам скончыў оперна-драматычную студыю Станіслаўскага. Ужо ў студэнцкія гады праяўляў цікавасць да опернай рэжысуры.

Пасля заканчэння студыі працаваў у Кіеўскім оперным тэатры, дзе здзейсніў першыя пастаноўкі. У 1954 годзе рэжысёра запрасілі ў Грузію для пастаноўкі оперы «Багдан Хмяльніцкі». Прэм’ера прайшла так паспяхова, што Смолічу прысвоілі ганаровае званне заслужанага дзеяча мастацтваў Грузіі. У 1956 годзе загадам Мі­ністэрства культуры СССР яму даручылі стварэнне опернага тэатра ў Чалябінску. Праз год тэатр быў адкрыты, рэжысёру прысвоілі ганаровае званне заслужанага дзеяча мастацтваў Расійскай Федэрацыі. Пасля была праца галоўным рэжысёрам Адэскага дзяржаўнага тэатра оперы і балета і яшчэ адно званне — народнага артыста Украіны.

Калі ў 1962 годзе Дзмітрый Мікалаевіч быў прызначаны галоў­ным рэжысёрам і мастацкім кіраўніком Вялікага тэатра Беларусі, было зразумела, што і на новым месцы ён пакажа сябе найлепшым чынам.

На беларускай сцэне Дзмітрый Смоліч паставіў такія яркія самабытныя спектаклі, як оперы «Заручыны ў манастыры» Сяргея Пракоф’ева, «Джаконда» Амількарэ Панк’елі, «Атэла» і «Травіята» Джузэпэ Вердзі, «Князь Ігар» Аляксандра Барадзіна, «Багема» Джакама Пучыні, «Кармэн» Жоржа Бізэ і многія іншыя, паведамляе прэс-служба Вялікага тэатра. Убачылі гледачы ў пастаноўцы Смоліча і оперы сучасных яму кампазітараў: «Яснае світанне» Аляксея Туранкова, «Брэсцкая крэпасць» Кірыла Малчанава, «Алеся» Яўгена Цікоцкага, «Калі ападае лісце» Юрыя Семянякі. У 1964 годзе Дзмітрый Смоліч атрымаў званне народнага артыста Беларусі.

mila@sb.by

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter