Алесь Бадак — о книжных новинках ко Дню белорусской письменности, проблемах и успехах современного книгоиздания

Імідж даражэйшы за прыбытак ад бульварнага рамана

Беларускі пісьменнік, паэт, публіцыст, крытык, перакладчык, аўтар больш як дзесяці паэтычных кніг, шматлікіх крытычных артыкулаў і рэцэнзій, а таксама тэкстаў песень. Імя Алеся Бадака добра ведаюць як дзеці, так і дарослыя. З серыі займальных апавяданняў пра наваколле малеча пачынае свой шлях у вялікае падарожжа ў кніжны свет. Цікавяцца творчасцю Алеся Бадака і за мяжой. Яго аповесць «Адзінокі васьмікласнік жадае пазнаёміцца» перакладзена на рускую, венгерскую, польскую, таджыкскую і іншыя мовы. Пісьменнік пачынаў творчы шлях з раённай газеты «Будаўнік камунізма» (цяпер «Ляхавіцкі веснік»), у розныя часы быў рэдактарам літаратурных газет і часопісаў, сёння ўзначальвае адно са старэйшых кніжных выдавецтваў Беларусі — «Мастацкая літаратура». Аб тым, якія кнігі зараз выклікаюць найбольшую цікавасць у чытача і ў чым крыецца сапраўдны пісьменніцкі талент і поспех, гутарым з майстрам слова.

Дзівоснае свята


— Алесь Мікалаевіч, з якім настроем вы сустракаеце Дзень беларускага пісьменства?

— З цудоўным! Гэта свята кнігі, а кніга заўсёды нясе святло. Вось вы бачылі калі-небудзь злога, змрочнага чалавека, які любіць чытаць кнігі? Мне здаецца, такія людзі — рэдкасць. З імі можна ні разу не сустрэцца, нават пражыўшы вельмі доўга. Дзень беларускага пісьменства — дзівоснае свята. Не ведаю ніводнай іншай краіны, у якой бы на дзяржаўным узроўні адзначалася нешта падобнае, звязанае з іх пісьменствам.

— Што асаблівага і адметнага падрыхтавала выдавецтва «Мастацкая літаратура» для кнігалюбаў?

— Сёлетні год багаты на юбілеі нашых знакамітых класікаў, сярод якіх Багдановіч, Мележ, Шамякін. Летась мы пачалі праект «Народная бібліятэка» і папрасілі людзей розных прафесій і ўзросту назваць любімыя творы Максіма Багдановіча. Творы, якія ў выніку сабралі найбольш галасоў, увайшлі ў паэтава «Выбранае», выданне пабачыла свет сёлета. Апроч таго, мы абнавілі нашу вядомую серыю «Жыццё знакамітых лю­дзей Беларусі». Цяпер гэта не проста зборнік артыкулаў, успамінаў пра таго ці іншага вядомага дзеяча. Зараз яна будуецца па храналагічным прынцыпе, дзе кожны раздзел прывязаны да канкрэтнай даты ці перыяду, важных для біяграфіі героя.

Першая кніга ЖЗЛБ у новым варыянце прысвечана якраз Максіму Багдановічу. А перад ёй — таксама сёлета — выйшла кніга ў гэтай жа серыі, апошняя ў «класічным» варыянце, пра Івана Мележа.

Да юбілею Івана Шамякіна выдалі том яго выбраных твораў, які склала дачка пісьменніка Алеся Іванаўна Шамякіна. У кнігу ўвайшлі пенталогія «Трывожнае шчасце» і аповесць «Слаўся, Марыя!». Гэта не толькі самыя аўтабіяграфічныя творы класіка, але, на думку многіх літаратуразнаўцаў, адны з самых яркіх у яго багатай літаратурнай спадчыне. Усе пералічаныя кнігі мы прэзентуем на Дні беларускага пісьменства. Але, зразумела, не толькі іх.

Асалода чытання

— Якія кнігі, па вашых назіраннях, выклікаюць найбольшую цікавасць у сучаснага чытача?

— Самая шматлікая аўдыторыя — тая, у якой літаратура ўсяго толькі сродак для адпачынку. Гэта аматары жаночых раманаў, танных дэтэктываў, фэнтэзі, трылераў, альтэрнатыўнай гісторыі. Выдаўцы прапануюць ім просценькія раманы для аднаразовага прачытання, напісаныя па адной і той жа не сёння распрацаванай схеме, у аснове якой удала закручаны сюжэт з гарой трупаў ці любоўным трохкутнікам. Спа­дзяюся, кажучы так, я нікога не крыўджу: і дома за сталом пераважная большасць з нас далёка не гурманы: яечня, пельмені — чым не сняданак?

Літаратурныя гурманы — катэгорыя нешматлікая, як і сама проза ці паэзія такога кшталту. Успомніце, калі апошні раз вы чулі захопленае ад сваіх знаёмых пра якога-небудзь пісьменніка: «У яго выдатны стыль!» І адразу зразумееце, што я маю рацыю. Таму такая літаратура часцей за ўсё не самая запатрабаваная, але затое яна вельмі жывучая, у адрозненне ад так званай масавай літаратуры, бульварнага чытва. Знаўцы сапраўднай, выкшталцонай паэзіі як цанілі вершы Міхася Стральцова ў сямідзясятыя, так цэняць і сёння. Прычым большасць з іх — гэта ўжо сённяшняя моладзь, што асабліва радуе.

— Як выдавецтву захаваць спецыялізацыю «Мастац­кай літаратуры», а не спусціцца на выданне твораў на патрэбу масавага чытача?

— Я ўважліва сачу за тым, што адбываецца на расійскім кніжным рынку. Пандэмія вельмі моцна ўдарыла па ім, як, зразумела, і па любым іншым, і каб неяк выжыць, многія выдавецтвы сталі больш актыўна выпускаць літаратуру сумніўнай якасці, арыентуючыся ў першую чаргу на непатрабавальнага чытача. З аднаго боку, як вядома, попыт нараджае прапанову, з іншага — ролю літаратуры ў грамадстве нельга недаацэньваць і разглядаць яе толькі як нейкі бізнес-праект.

Старонкі разваг і пачуццяў

— Алесь Мікалаевіч, што вы зараз чытаеце для душы? Складзіце свой топ-5 твораў восені-2021, якія трэба абавязкова прачытаць.

— Не так даўно адкрыў для сябе цудоўнага сучаснага расійскага пісьменніка Яўгена Вадалазкіна. Адзін за адным прачытаў яго раманы «Лаўр» і «Авіятар». Цяпер чытаю «Апраўданне вострава». Побач ляжыць кніга Ісабэль Альендэ «Дом духаў»: проста люблю лацінаамерыканскі магічны рэалізм, а тут яшчэ аўтар — жанчына. Цікава. Чакае свайго часу раман Архана Памука «Чорная кніга».

Неяк для працы спатрэбілася выказванне Шамякіна пра літаратуру. Узяў з паліцы яго «Роздум на апошнім перагоне» ды пакуль так і не паставіў назад — пакінуў на стале. Цікава акунуцца ў літаратурную атмасферу савецкага часу і паглядзець на многія працэсы як культурнага, так і палітычнага жыцця краіны вачыма аднаго з тагачасных самых папулярных і ўганараваных беларускіх пісьменнікаў. Нядаўна адзначыў свой 75-гадовы юбілей наш цудоўны паэт Віктар Гардзей. З задавальненнем перачытаў яго вершы. Гэта тая ціхая, па настрою восеньская лірыка, якая лёгка кладзецца на сэрца.

— З кніг якіх пісьменнікаў і паэтаў пачыналася ваша станаўленне як асобы?

— У школе чытаў запоем, браў у бібліятэцы адразу па некалькі кніг. Пасля запісаўся ў сельскую бібліятэку, затым у дзіцячую раённую. Тады я не вельмі звяртаў увагу на прозвішча аўтара на вокладцы. Пакуль у старэйшых класах не адкрыў для сябе Андрэя Вазнясенскага. Яго манера пісьма вельмі ўразіла. Як і кніга Алеся Разанава «Шлях-360». Перачытаў яго квантэмы некалькі разоў, спа­дзяваўся, што з другога ці з трэцяга разу дабяруся да іх сэнсу. Не дабраўся, але зборнік усё роўна, як вір, зацягваў у сябе, заманьваючы якраз сваёй таямнічасцю. І тады ж захапіўся творчасцю Міхася Стральцова. Здавалася б, поў­ная процілегласць Разанаву, незвычайная прастата радка, але такая падманлівая!

Быкаў, Караткевіч таксама прыйшлі ў старэйшых класах. Не скажу, што тады пісьменнікі ўяўляліся мне нейкімі небажыхарамі. Было іншае: пісьменнік — значыць, мудры, інтэлігентны, ледзь не ідэальны ў паводзінах. І калі ты сам спрабуеш нешта пісаць, то не толькі звяраеш свой радок з радкамі куміраў. Ты як бы неўсвядомлена пачынаеш імкнуцца пераймаць іх манеры.

— Пра што быў ваш першы верш? Якія пачуцці перажылі, калі першы раз ўбачылі свой надрукаваны твор?

— Здаецца, гэта была вельмі вольная інтэрпрэтацыя верша Якуба Коласа «На рэчцы». Памятаеце: «Не сядзіцца ў хаце хлопчыку малому…» А можа, і не зусім вольная, таму што той верш так і не надрукавалі, і я яго амаль не памятаю. Было мне тады гадоў дванаццаць. А ў трынаццаць у адным з нумароў газеты «Піянер Беларусі» з’явілася цэлая падборка маіх вершаваных практыкаванняў — амаль на паўпаласы. Гэта было неверагоднае шчасце, аж галава закружылася! На жаль, такое шчасце бывае толькі раз у жыцці. Кожную сваю новую публікацыю ты ўспрымаеш ужо больш спакойна.

Творчасць як стан закаханасці

— Пра вас сябры і калегі кажуць так: з Алесем немагчыма пасварыцца. Сапраўдны беларус — памяркоўны, спакойны, задумлівы. Вы згодны з такой ацэнкай?

— Ну вы проста, відаць, не з усімі маімі сябрамі і калегамі размаўлялі на гэтую тэму. На жаль, я не раз і абсалютна незаслужана крыўдзіў і вельмі блізкіх мне людзей. Тут, магчыма, справа ў іншым. Мне, напрыклад, часта даво­дзіцца размаўляць з аўтарамі, якія прыносяць свае рукапісы ў «Мастацкую літаратуру». А прыносяць жа не толькі сапраўды вартыя выдання творы, вельмі часта якраз наадварот. Але я ніколі не рашыўся б сказаць аўтару так, як некалі адказваў малады Васіль Быкаў сваім карэспандэнтам, працуючы ў гродзенскай абласной газеце: «Вам пісаць катэгарычна забаронена». Не тое, што я ў кожным аўтары імкнуся знайсці нейкі творчы патэнцыял.

Што да калег… Паколькі праца ў выдавецтве вымагае творчага падыходу, то сваркі яму толькі нашкодзяць. Ісціна, як вядома, нараджаецца ў спрэчках, але не ў сварках. Гэтай формулы я, прынамсі, стараюся прытрымлівацца.

— Як вы выбіраеце кнігу для выдання?

— Большасць нашых аўтараў — гэта класікі альбо вядомыя сучасныя пісьменнікі, ад якіх загадзя ведаеш, чаго чакаць. Дый маладыя ўсе навідавоку. Тым больш цяпер, калі «Мастацкая літаратура» стала выдаўцом літаратурных часопісаў «Полымя», «Нёман» і «Маладосць». Многія творы спачатку будуць праходзіць апрабацыю ў перыёдыцы: ёсць добрыя чытацкія водгукі, можна запланаваць кнігу на наступны год. Вельмі шмат добрых чытацкіх водгукаў — трэба выдаць кнігай як мага хутчэй. Ёсць сумненні наконт шырокай запатрабаванасці рамана не вельмі вядомага пісьменніка — можна ў часопісе даць яго скарочаны варыянт. «Мастацкая літаратура» арыентуецца на арыгінальныя творы, якія нясуць у сабе чытачу нешта новае, не сказанае іншымі аўтарамі.

— Як напісаць кнігу? Такое пытанне сёння вельмі папулярнае ў інтэрнэце. Якія парады вы б далі пісьменнікам-пачаткоўцам?

— Самае галоўнае — ніколі не чытаць парады, як стаць пісьменнікам, якія даюць у інтэрнэце. Не чытаць пра гэта кнігі. Таму што там навучаць пісаць па нейкім гатовым трафарэце, а кожны сапраўдны талент — гэта заўсёды творчая індывідуальнасць, гэта літаратура, не падобная на іншую. Як не падобны Купала на Коласа, Набокаў на Булгакава, Павіч на Кутзее, Семянон на Крысці, браты Стругацкія на Брэдберы.

Пульс часу


— На ваш погляд, якой па­він­на быць літаратура сёння?

— Цікавай і сучаснай. Не ў прамым сэнсе — напісанай сёння ці пра сённяшні дзень. Караткевіч, якога не стала ў 1984 годзе, і сёння вельмі сучасны, таму што новыя пакаленні чытачоў знаходзяць у яго творах адказы на нейкія вельмі важныя для сябе пытанні, якія хвалююць іх у дадзены момант.

— Што трэба было б палепшыць у справе рэалізацыі кніг?

— Вялікая рэклама там, дзе вялікі прыбытак. Адзін знаёмы выдавец калісьці сказаў: «Дай мне мільён долараў, і я раскручу любое імя». Але ў нас няма мільёна долараў на рэкламу, ды і любое імя раскручваць не варта. Прапагандаваць трэба сапраўды таленавітае. Для нас вельмі важна захаваць імідж выдавецтва, ён каштуе значна даражэй, чым прыбытак ад бульварнага рамана. Чаго не хапае, дык гэта сістэмнай аналітыкі пра стан нашага кніжнага рынку.

— Што б вы прапанавалі зрабіць для папулярызацыі беларускіх кніг і ўвогуле чытання мастацкай літаратуры?

— Вельмі не хапае мастацкіх і мультыплікацыйных фільмаў, знятых па творах беларускіх пісьменнікаў. А гэта вялікая прапаганда літаратуры. Адзін толькі Лучанок сваімі песнямі на словы беларускіх паэтаў зрабіў для іх рэкламы столькі, колькі не зрабіў бы які-не­будзь паважаны крытык. А ўсё гэта — і кіно, і мультфільмы, і музыка — дапамагае зацікавіцца і ўласна літаратурай.

— Ці праўда, што паэзія апошнім часам зноў на хвалі запатрабаванасці?

— Да паэзіі ў беларусаў заў­сёды было крыху трапяткое стаўленне, відаць, гэта асаблівасць нашага менталітэту. Але калі ў нас пачаўся масавы паэтычны самвыдат — выданне зборнікаў за ўласныя грошы альбо за грошы спонсараў, мне здаецца, чытач крыху разгубіўся: столькі хлынула кніжак і кніжачак не самага высокага ўзроўню. Аднак радуе, што класіка запатрабаваная. Некалькі гадоў назад «Мастацкая літаратура» пачала новую серыю «100 вершаў», у якой ужо выйшлі і Танк, і Бураўкін, і Броўка, і Караткевіч, і Янішчыц, і іншыя нашы класікі, і магу смела сказаць, што серыя някепска разыхо­дзіцца.

— Наколькі важна для прыцягнення ўвагі пакупніка кнігі яе афармленне? Як да гэтай тэмы падыхо­дзіць «Мастацкая латаратура»?

— У нашым выдавецтве працуюць вельмі таленавітыя мастакі, у тым ліку і маладыя. Часам, калі яны прыносяць на абмеркаванне занадта ўжо крэатыўныя вокладкі, я з імі спрачаюся, даказваючы, што чытач у нас розны і тое, што падабаецца маладым, могуць зусім не прымаць людзі сталага ўзросту, але, думаю, спрэчкі гэтыя карысныя для абодвух бакоў.

Чакаць і думаць

— Алесь Мікалаевіч, колькі часу вы самі можаце пісаць адзін твор? Як распрацоўваеце сюжэт, што вам пры гэтым дапамагае?

— Я вельмі марудна пішу. Нават напісанне аднаго невялікага верша можа расцягнуцца на некалькі месяцаў. Справа ў тым, што я не магу, напрыклад, не закончыўшы папярэднюю страфу, пераскочыць на наступную. Скажам, калі ніяк не знаходзіцца рыфма, а радок са словам, якое трэба зарыфмаваць, перапісваць не хочацца. Тады напісанне проста адкладваецца, пераключаешся на нешта іншае, каб пасля паглядзець на недапісаную страфу свежым вокам. Часам гэта паўтараецца шмат разоў. Але я ведаю з вопыту: патрэбная рыфма калі-небудзь абавязкова знойдзецца, проста трэба пацярпець. Тое ж тычыцца і прозы. Табе хочацца, каб герой сказаў нешта мудрае, а атрымліваецца банальшчына. Значыць, трэба чакаць, думаць. Таму для мяне адзін з галоўных законаў пісьменніцкай творчасці — цярпенне.

Пры распрацоўцы сюжэта мне дапамагае жыццё, і хоць даводзіцца шмат выдумляць, фантазіраваць, але многае ­ідзе ад назіранняў, ад уласных успамінаў і гісторый, расказаных мне кімсьці.

— Дзе шукаеце натхненне? І ці патрэбна яно сапраўднаму майстру слова?

— Часам шукаю ў добрых кнігах, часам яно само неяк мяне знаходзіць. Але прырода натхнення настолькі загадкавая, не да канца вытлумачальная і зразумелая нават самому аўтару, што бывае цяжка зразумець: яго яшчэ няма ці ўжо няма.

— Як вы ўспрымаеце сучасных кніжных блогераў?

— Да інтэрнэт-публікацый з прэтэнзіяй на літаратуру адношуся насцярожана. З аднаго боку, інтэрнэт зрабіў неверагодна кароткім шлях ад аўтара да чытача. З іншага — якраз гэта вельмі часта замінае як след адшліфаваць думку, адкласці напісанае, каб паспрабаваць прыдумаць больш яркі вобраз. Паглядзіце, колькі арфаграфічных памылак у такіх публікацыях! Непісьменнасць — самае страшнае, што можна прыдумаць у літаратуры. А яшчэ ў сацыяльных сетках пісьменніцкае жыццё стала такім адкрытым, анлайн-празрыстым, што страціла ўсялякую прыцягальную загадкавасць.


— Якой вы сабе ўяўляеце беларускую літаратуру будучага?

— Вельмі разнастайнай, цікавай і шырока вядомай у свеце. Веру ў тое, што роля літаратуры заўсёды будзе вельмі вялікай, бо менавіта слова — аснова нашага духоўнага жыцця.

— Дзякуй за цікавую размову!

БЛІЦАПЫТАННЕ

— Чаго вы баіцеся больш за ўсё?

— Раней шмат чаго баяўся, цяпер мяне цяжка чым-небудзь напалохаць.

— Ці праўда, што ў пісьменнікаў пры іх занятасці бывае час на хобі?

— Некалі вельмі любіў рыбалку. Цяпер улетку хаджу ў грыбы і ягады.

— Аб чым вы апошнім часам марыце?

— Мая мама, якой сёлета споўнілася 80 гадоў, кажа, што вельмі доўгі час марыла, што аднойчы ўбачыць свайго бацьку, які пайшоў на фронт, калі ёй быў толькі год, і прапаў без вестак. Прапаў жа — не абавязкова загінуў. Але цяпер яму было б ужо пад 100 гадоў, і яна зразумела, што яе мара ніколі не збудзецца. З іншага боку, калі гляджу на маму, думаю пра тое, што 100 гадоў — не самая завоблачная лічба для чалавечага ўзросту. І мару пра тое, каб мамін стогадовы юбілей мы адзначылі разам.

— Якому занятку вы б хацелі навучыцца?

— З дзяцінства марыў навучыцца прыгожа маляваць.

— Калі б можна было выбіраць жыць дзе заў­годна, якое б гэта было месца?

— Там, дзе я нарадзіўся. Мая вёска Туркі ў Ляхавіцкім раёне.

— На якой з моў гучанне вашых твораў вам найбольш даспадобы?

— Cлухаў, як мае вершы гучаць па-руску, па-кітайску, па-сербску, па-ўкраінску… І ўсё-ткі больш за ўсё люблю слухаць, калі мае творы гучаць па-беларуску.

— Якое месца ў нашай краіне вы прылічылі б да восьмага цуду свету?

— Сама Беларусь і ёсць вялікі цуд!

kuzmich@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter