«90 лет? Молодежь! »: чем живет лучшее в стране стационарное учреждение социального обслуживания

Іх шчаслівая восень

Гісторыя гэтай арганізацыі стартавала ў 1969 годзе з указа Вярхоўнага Савета аб пачатку будаўніцтва інтэрната для персанальных пенсіянераў. І ўжо праз пяць гадоў установа прыняла сваіх першых жыхароў — людзей з гераічным мінулым. У гэтым годзе ў ліпені Рэспубліканскі інтэрнат ветэранаў вайны і працы адзначыць адразу дзве даты — 75-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і сваё 45-годдзе. Разлічаны на 180 месцаў, сёння ён гатовы прымаць не толькі тых, хто ўнёс асабісты ўклад у гісторыю сваёй краіны, але і простых грамадзян. Як праводзяць тут час пастаяльцы і што могуць прапанаваць адпачывальнікам, даведвалася карэспандэнт «Р».

Пакой Часлава ВЫСОЦКАГА нагадвае музей. Ён піша карціны, выразае з дрэва, іграе на многіх інструментах

Прага жыцця

Некалькі карпусоў тут злучаны такім чынам, што з аднаго можна патрапіць у іншы, не выходзячы на вуліцу. У калідорах пуста. Пасля снедання і перакуленай за здароўе шкляначкі з травяной гарбатай жыхары разышліся па сваіх пакоях. Перад чарговым марш-кідком на працэдуры ім яшчэ трэба адпачыць. Як-ніяк, а сярэдні ўзрост тут 94 гады, а самым пажылым даўно перавалiла за сто.

— Наша асноўная задача — гэта захаваць у падапечных здольнасць да самаабслугоўвання, —
гаворыць дырэктар установы Людміла Шарай. — Ёсць шмат ляжачых, каму неабходны індывідуальны догляд. Але што добра, часта бывае так: прывозяць да нас на насілках, а яны тут пачынаюць хадзіць. Негаваркія на трэці-чацвёрты дзень ужо ахвотна кантактуюць. Мы праводзім рэабілітацыю, вяртаем іх да жыцця.

Сёння ў інтэрнаце 111 жыхароў. Гэта інваліды і ўдзельнікі Вялікай Айчыннай вайны, працаўнікі тылу, былыя вязні, ветэраны працы, заслужаныя работнікі розных галін, ліквідатары наступстваў аварыі на ЧАЭС, выдатнікі народнай асветы і народныя настаўнікі.

— Прымаем з усёй краіны. Грамадзянін, трапляючы пад устаноўлены пералік, можа пражываць тут альбо на дзяржаўным забеспячэнні, альбо за аплату. Гэта залежыць ад рознага роду нюансаў, і кожная сітуацыя разглядаецца індывідуальна, — тлумачыць Людміла Вячаславаўна.

У штаце інтэрната 100 чалавек. У асноўным гэта медыцынскія работнікі.

— У нас ёсць урачы практычна ўсіх спецыяльнасцей. Яны дзяжураць і ў выхадныя, плюс два кругласутачныя сястрынскія пасты, — расказвае пра свой калектыў суразмоўца. — У кожным пакоі знаходзіцца кнопка выкліку персаналу. Ноччу дзяжурыць яшчэ і санітарка.

У кабінеце спелеалячэння лёгка дыхаецца.

Пастаяльцы інтэрната маюць права з’язджаць у «адпачынак» — да сваякоў, сяброў. Аднак бывае так, што з такіх адпачынкаў яны не вяртаюцца. Тут, у інтэрнаце, ім могуць экстранна аказаць дапамогу, у той час як «хуткая» часам не паспявае прыехаць своечасова.

У водалячэбніцы прымаюць мінеральныя, хвойныя, жамчужныя, віхравыя і салявыя ванны, робяць падводны масаж.

— Па медыцынскай частцы мы забяспечаны вельмі добра, — працягвае Людміла Шарай. — Абсталяваныя ўсім комплексам фізіятэрапеўтычных працэдур, таму ў дачыненні да лячэння можам даць усё, што чалавеку неабходна. А яшчэ мы адзіны інтэрнат у краіне, у якім ёсць басейн і саўна. Праводзім у вадзе ЛФК. На жаль, не ўсе могуць яго наведваць з-за супрацьпаказанняў. Але адпачывальнікі, якія да нас прыязджаюць, як правіла, маладзейшыя, таму больш актыўна наведваюць i басейн, і саўну.

Як у санаторыі

Дарэчы, з нядаўніх часоў пажыць у лепшай стацыянарнай установе сацыяльнага абслугоўвання краіны можа любы жадаючы пенсіянер. З інваліднасцю і без. Максімум месяц. Для гэтага трэба звярнуцца ва ўпраўленне сацыяльнай абароны і падрыхтаваць невялікі пакет дакументаў. За 19 рублёў у суткі адпачывальнік атрымае ў распараджэнне пакой 15 квадратных метраў, а таксама пяціразовае харчаванне.

Пастаяльцы спяваюць у хоры, чытаюць лекцыі, асвойваюць інтэрнэт і нават ствараюць сем’і.

— Зараз разглядаецца пытанне, каб мы пашырылі аддзяленне кароткатэрміновага знаходжання да 60 ложкаў, — знаёміць нас з планамі дырэктар і запрашае на экскурсію.

У кабінеце спелеалячэння ўжо ся­дзяць бабулі. У водалячэбніцы рыхтуюць жамчужныя ванны. У кабінеце ароматэрапіі праветрыванне — адпачывальнікі былі тут а сёмай гадзiне раніцы. У інтэрнаце ўсюды безбар’ернае асяроддзе, ёсць ліфты і пад’ёмнікі. Тых, хто дрэнна перамяшчаецца, на інвалідных калясках возяць санітаркі — нязменныя памочніцы пенсіянераў. Яны не толькі прыбяруць, памыюць, пераапрануць і накормяць, але і пад­бадзёраць добрым словам тых, хто яшчэ не адаптаваўся.

— Бывае, родныя кажуць сваяку, што гэта санаторый, але з часам той разумее, што тут інтэрнат. Шмат у каго дзеці жывуць за мяжой, не ў стане дапамагчы, тады і аддаюць сюды бацькоў. Адзінокіх у нас толькі 15 працэнтаў.

Танчаць усе!

Вакол — сасновы лес. Зямлі ў інтэрната 6 гектараў. Усюды пракладзены дарожкі. Ёсць капліца і магазін. У будынку — пошта, аддзяленне банка, цырульня.

Кабінет механатэрапіі.

— Абсалютна ўся інфраструктура: свае гаражы, пральня, кацельня і водазабор. Мы аўтаномныя. Тут свой свет, — акідвае позіркам тэрыторыю кіраўнік. — Ёсць кіназала, дзе паказваем фільмы. Да нас часта прыязджаюць артысты, праводзяць канцэрты. Увесь час нешта адбываецца.

Хор, літаратурныя чытанні, пасяджэнні савета ветэранаў і пярвічнай арганізацыі Кампартыі. Але галоўнае — танцы па панядзелках. Сюды імкнуцца трапіць усе жыхары інтэрната. Раней іх праводзілі двойчы на тыдзень, але ўрачы папрасілі скараціць, бо пасля актыўных рухаў у многіх падскокваў ціск.

— Калі б вы ведалі, колькі мы тут вяселляў робім, — усклікае Людміла Вячаславаўна. — Афіцыйных! Бывае, што, стаўшы тут парай, адпраўляюцца ад нас дадому. Некаторыя нават прыязджаюць з мэтай знайсці жонку. Потым з’язджаюцца, жывуць у адным блоку. Рэўнасць, запал, эмоцыі. Не кожны ў маладосці адчувае такія пацуцці. Памятаеце, ў фільме «Масква слязам не верыць» гучыць фраза: «Пасля 40 гадоў жыццё толькі пачынаецца». А я магу сказаць, што і ў 90 яно не заканчваецца.
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter