Беларусы ўпершыню выступяць у “Бітве аркестраў” у Кіеве

Iграй, аркестр!

25 сакавіка Нацыянальны акадэмічны народны аркестр імя І. Жыновіча прыме ўдзел у маштабным шоу «Бітва аркестраў» у Кіеве. Гэта — унікальны праект кампаніі Magic Box, аналагаў якому няма ў свеце. Ён пачаўся ва Украіне вясной 2015 года. За гэты час на музычным рынгу ўжо сыходзіліся лепшыя аркестры Кіева, Адэсы, Львова, Нікалаева, Харкава. У мінулым годзе ў «бітву» ўключыліся музыканты сімфанічнага філарманічнага аркестра Малдовы. І вось зараз упершыню да ўдзельнікаў шоу далучыўся адзін з вядучых калектываў нашай краіны. Яго сапернікам на сцэне стане Нацыянальны акадэмічны аркестр народных інструментаў Украіны.

У аркестры пад кіраўніцтвам Міхаіла КАЗІНЦА музыканты не толькі іграюць, але і спяваюць.

Напярэдадні ад'езду ў Кіеў мы сустрэліся з мастацкім кіраўніком і галоўным дырыжорам Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра імя І. Жыновіча, народным артыстам Беларусі Міхаілам Казінцом.

— Міхаіл Антонавіч, як аркестр трапіў на праект?

— Запрашэнне выступіць у такім незвычайным для жанравых аркестраў шоу мы атрымалі з Кіева і з задавальненнем на яго адгукнуліся. Ідэя падалася вельмі цікавай і адразу ж захапіла. Можна сказаць, яна па-добраму выбіла нас з паў­сядзённай каляіны, з нашай звычайнай, звыклай канцэртна-рэпетыцыйнай абстаноўкі, і мы заняліся падрыхтоўкай да ўдзелу ў шоу. Працэс быў цікавы: шмат прапаноў паступала з боку артыстаў, з чымсьці адразу згаджаліся, пра штосьці эмацыянальна спрачаліся ў пошуках аптымальнага рашэння нашага выступлення ў шоу.

— Сапернік — салідны, адзін з самых вядомых украінскіх музычных калектываў.

— Гэты аркестр я выдатна ведаю. Сустракаліся яшчэ ў часы Савецкага Саюза. Калектыў сапраўды вельмі вядомы, пра­фесійны і дасведчаны. Дарэчы, у «бітве» ў адрозненне ад нас, пачаткоўцаў у гэтай справе, ён удзельнічаў ужо некалькі разоў. Мяркую, наша будучае мірнае саперніцтва дазволіць пазнаёміцца яшчэ лепш.

— Чытала, што нядаўна, якраз перад удзелам у адной з «бітваў», музыканты Нацыянальнага ака­дэмічнага аркестра народных інструментаў наладзілі незвычайны флэш-моб: сыгралі ў кіеўскай падземцы на косах эпохі Тараса Шаўчэнкі. Што мог бы прапанаваць у адказ ваш калектыў?

— Між іншым, нумар на косах мы паказвалі яшчэ гадоў 15—20 таму, ён быў у нашым рэпертуары, так што для нас гэта ўжо мінулы шарм. У сваіх выступленнях мы прадстаўляем, напрыклад, усе беларускія аўтэнтычныя духавыя інструменты — акарыну, дудку, дуду, ражок, жалейку, сурму, саломку... І, паверце, з'яўленне гэтых адметных «галасоў» у аркестры заўсёды цікавае для слухачоў, яны іх прымаюць на ўра.

— У чым сутнасць шоу «Бітва аркестраў»?

— На сцэне адначасова знаходзяцца два калектывы, якія быццам кідаюць адзін аднаму выклік і спрабуюць перасягнуць сваіх візаві ўласным майстэрствам. Пры гэтым ёсць дакладная праграма. Музычная «бітва» складаецца з трох частак. Першая — аўтарскі блок. У ім мы пакажам сачыненне «Звіняць цымбалы і гармонік у Кіеве», спецыяльна напісанае заслужаным артыстам Беларусі Аляксандрам Крамко для нашага ўдзелу ў спаборніцтве. У другім туры — нацыянальным — прагучаць чатыры сачыненні. Пакажам музычную прыпавесць Уладзіміра Кур'яна «Дзівосы Купалля» з салістамі — заслужанай артысткай Беларусі Ларысай Рыдлеўскай і лаўрэатам міжнародных конкурсаў Аксанай Хахол. Акрамя таго, выканаем знакамітыя песняроўскія «Калядачкі» Уладзіміра Мулявіна і зробім асаблівы падарунак слухачам — аркестравы варыянт украінскай народнай песні. Думаю, яны будуць прыемна здзіўлены. Гучыць грандыёзна.

Трэцяя частка шоу — сусветныя хіты. Аркестр і нашы салісты Ігар Задарожны, Андрэй Коласаў, Марына Васілеўская прадставяць джазавую і рокавую кампазіцыі, прагучаць таксама знакамітыя Sway і Besa me mucho.

— «Бітва аркестраў» спрабуе разбурыць стэрэатыпнае ўспрыманне акадэмічнай музыкі і, акрамя віртуознасці і выканаўчага майстэрства, патрабуе гумару і крэатыву ад удзельнікаў.

— Мы да гэтага гатовы. У кожным з нашых нумароў будзе прысутнічаць элемент шоу, але без балагана, вядома, на сцэне я гэта не люблю. Таму ўсё зроблена вельмі элегантна і інтэлігентна. Вобразы, якія нясе музыка, будуць адлюстраваныя не толькі ў ёй, але і ў паводзінах музыкантаў, разам мы разыграем невялікія сцэнкі.

— Напрыклад...

— Напрыклад, для аднаго з нумароў мы ўзялі музычны рэфрэн з вядомага кінафільма «Піраты Карыбскага мора». Я — капітан судна, выходжу ў касцюме адпаведным. Крычу боцману: «Аддаць швартовы!» Шумяць хвалі, адбіваюць склянкі. Гэта ўсё гучыць у выкананні аркестра, зразумела. Раптам з'яўляецца пірат — наш цудоўны саліст Сяргей Шаптуноў: мяне з «капітанскага мосціка» зганяе, бярэ ў свае рукі кіраванне суднам-аркестрам і — выдае выдатнае сола на ўдарных.

— Хто вызначае пераможцу і што чакае трыўмфатара?

— Нейкіх адмысловых прызоў не прадугледжана. Удзельнікам уручаюцца ганаровыя дыпломы. Пераможцаў выбіраюць толькі гледачы, якія прысутнічаюць у зале, — тры тысячы суддзяў у Нацыянальным палацы мастацтваў «Украіна».

svirko@sb.by

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter