Iгар ЛУЧАНОК: “Не трэба блытаць шоу-бiзнес з мастацтвам”

Да 10 снежня ў Мiнску будзе праходзiць ХIV з’езд Беларускага саюза кампазiтараў.Яго старшыня народны артыст СССР Iгар ЛУЧАНОК — госць “Народнай газеты”

— Вам проста пашанцавала, што вы мяне засталi, — пачаў ён размову “з месца ў кар’ер”. — Толькi што вярнуўся з Масквы, дзе гучалi песнi беларускiх кампазiтараў. Спяваў iх Iосiф Кабзон, якi, пры ўсёй сваёй блiскучай артыстычнай кар’еры, з’яўляецца яшчэ i старшынёй Камiтэта па культуры Дзяржаўнай думы Расii. Давялося пагутарыць мне i з Аляксандрай Пахмутавай, Мiкалаем Дабранрававым — таксама маiмi даўнiмi сябрамi. Увогуле нашых творцаў, лепшых выканаўцаў, сярод якiх ансамблi “Сябры”, “Песняры”, там сустракаюць заўсёды з вялiкай павагай.
— Няўжо не так, як у роднай Беларусi?
— Навошта гэтае супрацьпастаўленне? Але i сапраўды, такiя паездкi, падчас якiх на свае вочы бачыш прызнанне нашай музыкi, даюць дадатковую падставу для гонару за нашу нацыянальную культуру. Хаця ёсць i пажаданне: каб у Маскве i iншых гарадах Расii гучалi не толькi нашы песнi, але i творы так званай сур’ёзнай музыкi.
— Дарэчы, як вы ацэньваеце стан сучаснай беларускай музыкi? Куды, на вашу думку, рухаюцца нашы кампазiтары?
— Да творчасцi! У той час, калi прадстаўнiкi iншых творчых спецыяльнасцей, здараецца, актыўна рушаць у палiтыку, кампазiтары застаюцца найперш кампазiтарамi. Гэта не значыць, вядома, што яны ўвогуле апалiтычныя! Але ўсiм трэба займацца прафесiйна. I трэба толькi радавацца таму, што кампазiтары, як кажуць, “трымаюцца” —  гэта значыць, прафесiйна, не здраджваючы свайму высокаму прызначэнню, займаюцца тым, чаму вучылiся на працягу многiх i многiх гадоў. Хто, як не мы, падтрымае планку сапраўднага мастацтва! Бо шоу-бiзнес —  гэта, прабачце, штосьцi зусiм iншае. Не трэба яго блытаць з мастацтвам.
— Вы так негатыўна ставiцеся да сучаснай эстрады? Можа, гэта канфлiкт пакаленняў?
— Пры чым тут “бацькi i дзецi”? Справа, паўтару, у прафесiяналiзме. I Беларускi саюз кампазiтараў, яшчэ раз падкрэслю, аб’ядноўвае прафесiйных кампазiтараў i музыказнаўцаў, а не тых, кiм рухае безгустоўнасць i, галоўнае, грошы. У мiнулыя гады былi спробы стварыць асобны саюз кампазiтараў, куды б уваходзiлi тыя, хто мае дачыненне да “папсы”, але скончылiся яны нiчым. Наш жа творчы саюз за больш як 70 гадоў даказаў сваю жыццястойкасць. Створаны дзяржавай, ён верна служыў i служыць роднай Беларусi, праслаўляючы яе ва ўсiм свеце.
I не толькi песнямi! Так, у свой час “Песняры” з Уладзiмiрам Мулявiным адкрылi свету прыгажосць беларускiх песень, сакавiтасць нашай мовы. Сёння ж усё часцей у замежжы гавораць пра беларускую камерную музыку. Нашы камерныя творы (у тым лiку авангардныя, эксперыментальныя) з поспехам гучаць на прэстыжных мiжнародных фестывалях, куды збiраецца ўвесь еўрапейскi музычны бамонд. Так, гэта не шматмiльённая тэлеаўдыторыя, але такое прызнанне нашых спецыялiстаў у прафесiйных колах — гэта таксама вельмi i вельмi многа.
А яшчэ калi б часцей гучала за мяжой беларуская сiмфанiчная музыка! На жаль, нашы музычныя калектывы, выязджаючы за мяжу, не заўсёды ўключаюць у свой рэпертуар нацыянальныя творы, робяць стаўку на папулярную класiку, заўсёды i паўсюль любiмую. Але каб палюбiць беларускую музыку, яе трэба для пачатку хаця б пачуць. Вось мы i дайшлi да галоўнага “галаўнога болю” — i майго, i маiх калег...
— Раней гэта называлi “прапагандай беларускай музыкi”, так?
— Назавiце як хочаце, але музыка павiнна гучаць. Дзяржава шмат робiць для гэтага, падтрымлiвае творцаў. Лепшыя партытуры набываюцца мастацкiм саветам, што iснуе пры Мiнiстэрстве культуры (дарэчы, такая грашовая падтрымка кампазiтараў, што iснавала раней ва ўсiм Савецкiм Саюзе, у iншых рэспублiках даўно знiкла, а ў нас захавана). Але больш павiнны дбаць i самi выканаўцы, каб захоўвалiся нашы лепшыя традыцыi, любоў да сваiх нацыянальных каранёў.
— Нацыянальная самасвядомасць шмат у чым пачынаецца з любовi да малой радзiмы. А вы самi цi даўно былi на малой радзiме, у Мар’iнай Горцы?
— Днi тры таму. Увогуле, заязджаю туды даволi часта, як толькi ёсць хаця б хвiлiна. Нарадзiўся я, праўда, у Мiнску, але сваiм бацькоўскiм домам лiчу той, дзе правёў усё сваё дзяцiнства. У Мар’iнай Горцы мы жылi, калi вярнулiся з эвакуацыi, з далёкага расiйскага горада Сальска. I менавiта тут я ўжо ў свядомым узросце спасцiгаў беларускасць, перададзеную мне яшчэ на генным узроўнi — ад усiх маiх продкаў, ад бацьцi, якi калiсьцi iграў на скрыпцы ў знакамiтым тэатры Уладзiслава Галубка. У тым доме i зараз стаiць старэнькае пiянiна, якое бацька прыдбаў адразу пасля вайны. Паводле ўсiх законаў, яно павiнна патрабаваць пастаяннай “настройкi”, каб не фальшывiла. Але — дзiўная рэч! — яно амаль зусiм не “расстройваецца”. Мабыць, там сама атмасфера нейкая жыватворная! Бо я туды прыязджаю адпачываць душой i целам, чэрпаю там натхненне.
— I што апошнiм часам напiсалi?
— Новы песенны цыкл. Яшчэ не прыдумаў, як яго назваць, але песнi гэтыя ўжо выконваюцца: “Спецназ”, “Зязюля”, “Афiцэры”, “Варапаеўская вулiца”, “Няскораная краiна”, дзве песнi на народныя словы. Але навошта пра мяне? Лепей давайце пра тыя творы, якiя напiсаны нашымi кампазiтарамi за чатыры гады, што мiнулi з апошняга з’езда.
Iгар Мiхайлавiч пачаў пералiчваць: оперы, балеты, сiмфонii, сюiты, прозвiшчы, прозвiшчы, прозвiшчы... Раптам падумалася: колькi ж мы страчваем, калi не ведаем, што робiцца побач з намi! Калi не чуем усяго таго багацця, што ствараецца для нас! Заўважыўшы маю разгубленасць ад такога бясконцага пералiку невядомых назваў i iмёнаў, Iгар Мiхайлавiч удзячна працягнуў мне стос запрашальнiкаў:
— Прыходзьце, калi ласка, на канцэрты з’езда. Самi ўсё зразумееце!
Я зiрнула — ажно 13 канцэртаў у розных залах! Лучанок усмiхнуўся:
— Спадзяёмся, гэта лiчба не стане ракавой. Заўважце, усе канцэрты бясплатныя. Так было заўсёды: уваход на канцэрты з’езда кампазiтараў — свабодны. Бо гэта не проста кампазiтарская справаздача, гэта своеасаблiвае “музычнае прынашэнне” нашых творцаў свайму народу. I сведчанне дзяржаўнага клопату пра нашу нацыянальную культуру.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter