«Iду на таран!»

Лётчык Барыс Коўзан вымаўляў гэтыя словы чатыры разы...

Чатыры разы Барыс Коўзан у ваенным небе вымаўляў гэтыя словы

Да 65-годдзя вызвалення ад нямецка-фашысцкiх захопнiкаў у Бабруйску адкрылi Алею Герояў. Канешне, гэта была падзея: адбыўся ўрачысты мiтынг з удзелам ветэранаў вайны, заслужаных людзей, усiх гараджан. Шмат прачулых слоў было выказана i ў адрас герояў, i кiраўнiцтва горада, усiх, хто меў дачыненне да стварэння гэтага запамiнальнага збудавання.

Размясцiлася Алея Герояў на плошчы Перамогi: дзевятнаццаць сiмвалiчных надмагiльнiкаў на мураваных пастаментах з фатагра­фiямi герояў, лаканiчнымi надпiсамi. Хто нi iдзе — спынiцца, моўчкi пастаiць. Аддаць належнае героям – святы абавязак кожнага! Бо героямi становяцца далёка не ўсе, а тыя, хто праявiў выключную мужнасць. Яны не памiраюць, застаюцца ва ўдзячнай памяцi.

Вось i яшчэ раз пабываў каля гэтага мемарыяла памяцi. Хадзiў, углядаўся: што нi герой, то лёс, запамiнальная бiяграфiя!

Вось палкоўнiк з мужным тварам. Гэта адважны лётчык, якi здзейснiў чатыры паветраныя тараны, Барыс Коўзан. У Бабруйску ён заканчваў васьмiгодку, вучыўся ў аэраклубе, потым у лётнай школе. I вось вайна... Коўзан — абаронца Радзiмы, узнiмаўся ў неба, каб твар у твар сустрэцца з ворагам. Адзiн таран, другi, трэцi... Асаблiва памятны чацвёрты. Было гэта пад Старой Русай. На сваiм ЛА-5 смела ўступiў у бой з 13 варожымi самалётамi. Збiў нямецкi “месэр”, якi суправаджаў групу, i працягваў бой, але быў цяжка паранены. “Прабiтая галава, — перадаў на камандны пункт. — Iду на таран!” I так лупцануў самалёт са свастыкай, што той разляцеўся на кавалкi, але i свая машына была пашкоджана, лётчыка лiтаральна выкулiла з яе. Нейкiм цудам ён паспеў раскрыць парашут... Упаў у балота, што, мабыць, i выратавала яму жыццё. Аднак пакалечыўся моцна – зламаў руку, нагу, рэбры. Мясцовыя жыхары, якiя назiралi за паветраным боем, дапамаглi лётчыку выбрацца з багны. Амаль год па шпiталях... Па заканчэннi лячэння папрасiўся ў знiшчальную авiяцыю, збiў яшчэ 6 варожых самалётаў, а ўсяго на яго рахунку – 26. Адзiны ў свеце лётчык, якi здзейснiў чатыры паветраныя тараны! Чатыры разы мог загiнуць, а вось застаўся жыць. Барыс Васiльевiч даслужыўся да звання палкоўнiка, узначальваў Разанскае паветранае вучылiшча. Часта наведваўся ў Бабруйск. Меў гонар сустракацца з iм, працуючы ў раённай газеце, i я. Вельмi дасцiпны, магутнай волi чалавек!

Цi вось мужная патрыётка Вера Харужая. Яна нарадзiлася ў гора­дзе на Бярэзiне, маленства прайшло ў Мазырскiм раёне, дзе яе бацькi працавалi настаўнiкамi. У юнацкiм узросце змагалася супраць банд Булак-Булаховiча. Працавала ў Мазырскiм i Бабруйскiм павятовых камiтэтах камсамола, потым — падпольная работа ў Заходняй Беларусi. Пазней — арышт, беластоцкая турма “Фардан”. Там па яе заклiку вязнi да 1 Мая, свята Кастрычнiка выразалi белыя стужкi i мачылi iх крывёю.

А тут вайна... Вера чакае дзiця, але без роздуму ўступае ў партызанскi атрад Каржа, а восенню 1942 года Веру Захараўну разам з двума паплечнiкамi накiроўваюць на падпольную работу ў тыл ворага, у Вiцебск. Яна стварыла баявую групу, нямала звестак перадала камандаванню Чырвонай армii. Аднак па даносу яе арыштавалi. Вы­трымала пакуты, здзекi. Фашысцкiя каты расстралялi мужную патрыётку...

Веры Захараўне Харужай было пасмяротна прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.

...Легендарны партызанскi падрыўнiк, якi ўласнаручна дабываў тол i не адзiн дзесятак варожых эшалонаў пусцiў пад адхон на ўчастку Бабруйск—Жлобiн, Уладзiмiр Парахневiч; танкiст Саламон Гарэлiк пад Белгарадам да апошняга адстрэльваўся ў палаючай машыне, але не здаўся ворагу; Уладзiмiр Ярмак пад Ленiнградам закрыў сваiм целам амбразуру варожага дзота, i iншыя героi. Каму ўдалося выжыць, каму не... Ды наўрад цi хто думаў, iдучы ў апошнi бой, абмiне яго смерць цi не, ён думаў аб адным: каб адстаяць Радзiму ад нашэсця чужынцаў, да канца выканаць свой воiнскi абавязак.

Героi, гераiчнае... Добра, што гэтыя паняццi не пайшлi ад нас, а застаюцца. На прыкладзе лепшых сыноў Айчыны мы павiнны вучыць маладое пакаленне. I што гэта так, я пераканаўся, калi бачыў каля мемарыяла турыстаў, навучэнцаў СШ № 3, iншых навучальных устаноў. “Сюды не зарасце сцяжынка!” – мiжволi падумалася. Правiльна зрабiлi, узвёўшы такi запамiнальны помнiк, мы спаважылi не толькi герояў, але i самiх сябе.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter