В Минске в 6-й раз прошла ярмарка инновационных проектов Smart Patent

Ідэя на мiльён

В Минске в 6-й раз прошла ярмарка инновационных проектов Smart Patent
У Мінску ў 6-ы раз прайшоў кірмаш інавацыйных праектаў Smart Patent. Распрацоўшчыкі прэзентавалі свае ноу-хау ў сферы аховы здароўя, адукацыі, прамысловасці, будаўніцтва, бяспекі.

Арганізатары ўпэўненыя: абсалютна ўсе ідэі вартыя ўвагі.

Да ўдзелу ў кірмашы было дапушчана 88 праектаў. Усе — з акцэнтам на заўтра. Вялікую будучыню ў сістэме зарадкі электрамабіляў бачыць каманда Rewatt. Кірыл Васільеў, заснавальнік кампаніі, знаёміць з задумкай: «Эра электрамабіля пачалася. У Еўропе, да прыкладу, паўмільёна такіх аўто, да 2022 года іх колькасць, плануецца, будзе вагацца ў межах 3—4 мільёнаў. Па прагнозах найбуйнейшых аўтавытворцаў свету, да 2025 года каля 30% ад усіх аўтамабіляў будуць электрычнымі. Але да такога глабальнага росту інфраструктура не гатовая. І ў нас ёсць патэнцыял, каб заняць важкую долю рынку і нават дамінаваць на ім».

Суразмоўца адзначае: калі ў чалавека ёсць электрамабіль, яму нязручна карыстацца звычайнай АЗС. Навошта чакаць 2—4 гадзіны, пакуль машына зарадзіцца энергіяй? Rewatt прапануе спрасціць працэс: усталяваць «кропкі» каля гандлёвых цэнтраў, буйных магазінаў. «Чалавек уставіць пісталет, пойдзе па сваіх справах. Пасля шопінгу вернецца і паедзе далей», — дадае Кірыл Васільеў.

У выставачным цэнтры «Белэкспа» па вуліцы Янкі Купалы сапраўдны мурашнік. Наведвальнікі перамяшчаюцца ад павільёна да павільёна — усе праекты вартыя ўвагі. Сярод цікавых распрацовак — ідэі па стварэнні пратэза рукі, выкарыстанні 3D-друку пры планаванні хірургічных умяшанняў, сістэма «Аватар» па візуалізацыі мімікі, артыкуляцыі і жэстаў у прасторы віртуальнай рэальнасці.

Аляксандр АЎДЗЕВІЧ прэзентуе, па сутнасці, механічныя штаны.
 Пры дапамозе электрычнасці і спецыяльных гіраскопаў яны прымусяць рухацца нават паралізаваныя ногі.

Аляксандра Саўчук, курсант Універсітэта грамадзянскай абароны МНС, прэзентуе праект інавацыйнай тэхналогіі тушэння пажару. «Аўтар распрацоўкі — кандыдат тэхнічных навук, дацэнт Уладзімір Пасавец. Ідэя такая: да пажарнага ствала прымацаваны цеплавізар, з дапамогай якога ў густым дыме ратавальнікі дакладна вылічаць пункты ўзгарання. Выдаткуюць менш часу, сіл і сродкаў, каб патушыць усе ачагі агню. Аналагаў такога рашэння ў свеце няма», — расказвае Аляксандра.

На кірмашы прыцягнула ўвагу распрацоўка спецыялістаў БДТУ. У павільёне прадстаўленыя, здавалася б, звычайныя пральныя парашкі. Але гэта не так. «Гэта экалагічна бяспечны прадукт на аснове малафасфатнага напаўняльніка», — удакладняе Андрэй Суміч, малодшы навуковы супрацоўнік.

Дэманструе грануляваны парашок, створаны па ўнікальнай тэхналогіі: «Большасць вытворцаў выпускаюць парашкі з высокім утрыманнем фосфару. Іх прымяненне прыводзіць да забалочвання вадаёма, гібелі фаўны, а таксама шкодна ўплывае на чалавечую скуру. Наш прадукт змяшчае невялікую колькасць гэтага хімічнага элемента. Ён не выклікае алергіі, а значыць, прыдатны і для мыцця дзіцячай бялізны. Да таго ж значна танней за аналагі».

На кірмаш трапляюць праекты з самай высокай ступенню прапрацоўкі.

Каб прыцягнуць патэнцыяльных інвестараў, каманды аформілі яркія вітрыны, транслююць анімацыйныя прэзентацыі сваіх ідэй. У кожным павільёне плошчай шэсць квадратных метраў не праціснуцца: распрацоўкамі цікавяцца як калегі, так і патэнцыяльныя спонсары. Аўтары лепшых інавацыйных ідэй атрымалі грашовыя сертыфікаты, граматы і падзякі. А таксама — шлях у паспяховую будучыню.

ypopko@bk.ru
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter