Smart Patent'17: інавацыйныя распрацоўкі аказалiся ў цэнтры ўвагі інвестараў

Iдэi ў пошуках капiталу

Робаты, «разумныя» лямпы, мадэлі сэрца, раздрукаваныя на 3D-прынтары, і іншыя сучасныя распрацоўкі — у Мінску адкрыўся кірмаш інавацыйных ідэй Smart Patent’17. Выстава — ужо сёмая па ліку. Штогод свае праекты там прэзентуюць навуковыя лабараторыі з усёй краіны.

Памочнік Прэзідэнта — галоўны інспектар па Мінску Уладзімір КАРПЯК высока ацаніў інавацыйныя праекты і пажадаў поспеху распрацоўшчыкам

У гэтым годзе ў Мінгарвыканкам паступіла больш за сто заявак на ўдзел у кірмашы, унікальную магчымасць атрымалі самыя цікавыя праекты — такіх сабралася 54. Экспазіцыя на два дні размясцілася ў выставачным павільёне на праспекце Пераможцаў, 14. Інавацыйныя ідэі ацэньваюць эксперты, патэнцыяльныя інвестары, прадстаўнікі інавацыйных фондаў, цэнтраў трансферу тэхналогій, калегі, якія зацікаўлены ў партнёрскіх кантрактах.

Сферы распрацовак самыя розныя: медыцына, біятэхналогіі, IT, энергетыка, прамысловасць і многае іншае. Лепшых з лепшых выберуць сёння ўвечары — падчас афіцыйнага закрыцця кірмашу Smart Patent’17. А пакуль мы раскажам пра некаторыя яркія праекты, якія ў будучыні маюць намер гучна заявіць пра сябе як у краіне, так і за мяжой.

Лепшыя распрацоўкі назавуць сёння ўвечары — падчас афіцыйнага закрыцця кірмашу Smart Patent'17
Ідэй на кірмашы мора, галава кругам — бегла вывучаю кожны стэнд, але ўвагу прыцягвае той, што з жывымі раслінамі. Тут дэманструюць працу аўтаматызаванай палівальнай сістэмы SmartPlant. Адзін з аўтараў распрацоўкі, інжынер-электронік Ірына Курносава, тлумачыць:

— У свеце такога яшчэ няма: мы стварылі гаршчок для кветак, які сам вымярае вільготнасць глебы — палівае расліну, калі ёсць неабходнасць.

Дэманструе рэзервуар аб’ёмам 0,5 літра, які трэба запаўняць вадой усяго раз у месяц:

— На дысплей гаршка выводзяцца і іншыя важныя характарыстыкі: тэмпература і ціск навакольнага паветра, інфармацыя пра «самаадчуванне» расліны.

Гаршчок вельмі незвычайны: зараз ён «сілкуецца» ад звычайнай разеткі, а ў будучыні распрацоўшчыкі змесцяць туды акумулятар — сістэма будзе працаваць аўтаномна. У планах таксама дадаць функцыю аналізу хімічнага складу глебы: так гаспадыні будуць ведаць, ці варта падкормліваць расліны ўгнаеннямі. Дарэчы, ідэя спатрэбіцца не толькі ў побыце: будзе карыснай і ў прамысловых маштабах. Такая сучасная па-лівальная сістэма сёння каштуе каля 70 долараў. У масавай вытворчасці кошт значна знізіцца.

Полацкі дзяржаўны эканамічны каледж прапануе яшчэ адну цікавую ідэю: выпускаць «разумныя лямпы». Інжынер-праграміст Аляксандр Шадурскі расказвае:

— Дапусцім, лямпа стаіць у доме, дзе жыве вялікая сям’я. Яна па голасе чалавека вызначае, хто цяпер знаходзіцца ў пакоі, і цалкам падладжваецца пад чалавека. Выдае яркае або прыглушанае святло, мяняе спосаб яго падачы, выстаўляе патрэбны колер — з 16 мільёнаў магчымых. Усе гэтыя параметры загадзя можна індывідуальна для кожнага ўстанавiць праз спецыяльную праграму на камп’ютары або на смартфоне.

Ад стэнда да стэнда я ўсё больш дзіўлюся: сучасныя распрацоўкі неўзабаве сур’ёзна спросцяць нам жыццё. Да прыкладу, робат тэлепрысутнасці. Ён можа быць гідам у музеі, рэпетытарам па англійскай мове і нават вартаўніком: патруляваць памяшканні, запісваць усё на камеру, а калі трэба — ударыць злачынцу электрашокерам. Задаеш робату любое пытанне — той адказвае. Просіш прынесці каву ў ложак — каманда імгненна  споўніцца. Цуд!

Побач з сучаснымі робатамі і дронамі на выставе размясціўся з выгляду вельмі сціплы стэнд. Але ідэя вартая ўвагі: прадстаўнікі БДТУ прэзентуюць найноўшае антыбактэрыяльнае пакрыццё. Аспірант Ганна Пянко запэўнівае, што іх распрацоўка скароціць рызыку перадачы інфекцыі ў 50—100 працэнтах выпадкаў:

Ірына КУРНОСАВА: «Мы стварылі гаршчок для кветак, які сам вымярае вільготнасць глебы — палівае расліну, калі ёсць неабходнасць».
— Металічнае пакрыццё можна нанесці на поручні, турнікеты, дзвярныя ручкі, медыцынскае абсталяванне. Мікробы туды патрапяць, але бактэрыі не змогуць размножвацца — вірус будзе за-біты. Дарэчы, антыбактэрыяльнае пакрыццё прыйдзецца абнаўляць усяго адзін раз у пяць гадоў. Для параў-нання, аналагі з такiмi ўласцівасцямі абараняюць паверхні ўсяго на адзін год. Распрацоўшчыкі ўжо падалі заяўку на патэнт.

Папярэдні праект яшчэ не ўкаранілі ў жыццё, а ідэя Руслана Круглякова ўжо выратавала 30 чалавек. Аўтар дэманструе 3D-прынтар, дзе друкуе дакладныя мадэлі сэрца:

— Мы актыўна супрацоўнічаем з медыкамі — найноўшыя тэхналогіі моцна спрашчаюць іх працу. Напрыклад, хірургі перад складанай аперацыяй робяць камп’ютарную тамаграфію сэрца. Паводле яе вынікаў узнаўляецца рэальная структура органа, на прынтары друкуецца яго мадэль — індывідуальна, для кожнага пацыента. Усё, каб хірург змог да аперацыі вывучыць асаблівасці і дэфекты сэрца, вызначыць прыярытэтныя задачы.

Гэта першы 3D-прынтар для друку ўнутраных органаў у нашай краіне. Ён значна танней за замежныя аналагi. Кошт — 1600 долараў. У краінах Еўропы такi апарат каштуе амаль 3000. Да таго ж, медыкам прасцей супрацоўнічаць з нашымі распрацоўшчыкамі: тыя ў любы час могуць аказаць тэхнічную падтрымку прынтараў, навучыць і пракансультаваць персанал.

Арганізатары кірмашу — Мінгарвыканкам, Цэнтр маладзёжных інавацый, Беларускі інавацыйны фонд, Мінскі гарадскі тэхнапарк — заўсёды гатовыя аказаць падтрымку ініцыятывам. Пераможцы ў розных намінацыях Smart Patent’17 атрымаюць экспертную падтрымку і грашовыя прызы. А астатнія ўдзельнікі атрымаюць карысць з лекцый, майстар-класаў па дадатковай адукацыі, прэзентацый, круглых сталоў і іншых мерапрыемстваў.

МЕРКАВАННЕ


Уладзімір Карпяк, памочнік Прэзідэнта — галоўны інспектар па Мінску:


— Кірмаш інавацыйных ідэй выступае добрай пляцоўкай для прэзентацый перспектыўных распрацовак. Для маладых навукоўцаў і інаватараў гэта магчымасць прадставіць свае праекты і ўвасобіць у жыццё. Без навукі і інавацый немагчыма развіццё краіны. Дадзеная пляцоўка — толькі першая прыступка, калі моладзь можа сябе праявіць, каб затым арганізаваць серыйную вытворчасць, знайсці партнёраў у краіне і за мяжой.

ypopko@bk.ru
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter