Новую стратегию в сфере интеллектуальной собственности разрабатывают в стране

Ідэі каштуюць дорага

Пераацаніць важнасць аховы інтэлектуальнай уласнасці складана. Бо менавіта інтэлект — веды і інфармацыя — ляжыць у аснове канкурэнтаздольнасці краін на рынках навукаёмістай і высокатэхналагічнай прадукцыі. Прасцей кажучы, унікальны прадукт больш запатрабаваны, ён каштуе дорага. Але каб сістэма працавала, дзяржава павінна абараняць правы сваіх аўтараў. Палітыку ў сферы інтэлектуальнай уласнасці для ўніверсітэтаў і навукова-даследчых інстытутаў у Мінску гэтымі днямі абмяркоўваюць каля 80 экспертаў з 12 краін свету.

У лабараторыі прамысловай робататэхнікі ў Брэсцкім тэхнічным універсітэце не толькі вучацца, але і працуюць над навуковымі праектамі.
Фота  БЕЛТА

Курс на інавацыі


Наша краіна неаднаразова заяўляла: бяром курс на інавацыі. І гэта не пустыя словы. Як кажа старшыня прэзідыума НАН Уладзімір Гусакоў, сёння інавацыі актыўна ўкараняюцца ва ўсе галіны эканомікі краіны, аховы здароўя, адукацыі і гэтак далей.

— Ёсць нямала прыкладаў, калі думка вучонага за кароткі час становіцца паспяховым прадуктам. Гэта важна, таму што менавіта дасягненні робяць жыццё людзей больш камфортным і цікавым. І такіх прыкладаў павінна быць шмат. Многія навуковыя калектывы НАН працуюць на сусветным узроўні. Іх вынікі запатрабаваныя эканомікай, а ўклад беларускай навукі ў інавацыйнае развіццё краіны высока ацэньваецца як спецыялістамі ўнутры краіны, так і за яе межамі.


Што тычыцца самой акадэміі, яе дзейнасць заўсёды была звязана з рашэннем найважнейшых задач, адзначыў Уладзімір Гусакоў. Беларускія вучоныя разам са спецыялістамі розных галін эканомікі стаялі ля вытокаў індустрыялізацыі краіны, стваралі базу металургічнай, аўтама­більнай і хімічнай прамыс­ловасці, забяспеч­валі станаўленне новай сельскай гаспадаркі, у цэлым спрыялі станаўленню новай незалежнай дзяржавы.

— Сёння НАН — гэта буйны еўрапейскі навуковы цэнтр з шырокімі міжнароднымі сувязямі, які аказвае прамы ўплыў на інавацыйнае развіццё краіны. У акадэміі створаны і паспяхова працуе шэраг практыка-арыентаваных кластараў у галінах машынабудавання, прыборабудавання, мікрабіялогіі, генетыкі, фармацэўтыкі, касмічных дасле­даванняў, оптаэлектронікі ды іншых нап­рамкаў.

Робаты ўжо могуць паспяхова дапамагаць людзям.

Уладзімір Гусакоў перакананы, што кампетэнтнае распараджэнне вынікамі навуковай і навукова-тэхнічнай дзейнасці, у тым ліку перадача на камерцыйных умовах правоў на выкарыстанне яе вынікаў, становіцца адной з першачарговых задач, якія неабходна вырашаць як арганізацыям НАН, так і навуковым арганізацыям Міністэрства адукацыі.

Праца працягваецца


У плане аховы інтэлек­туальнай уласнасці ў краіне зроблена нямала. Створана сучасная нацыянальная сістэма прававой аховы аб’ектаў інтэлектуальнай уласнасці. Гэтая сістэма адказвае самым высокім сусветным стандартам. У прыватнасці, рэалізуецца Стратэгія Рэспублікі Беларусь у сферы інтэлектуальнай уласнасці на 2012—2020 гады. Галоўная роля тут належыць Дзяржаўнаму камітэту па навуцы і тэхналогіях і Нацыянальнаму цэнтру інтэлектуальнай уласнасці. Рыхтуецца і новы дакумент, які будзе рэгуляваць палітыку ў сферы інтэлектуальнай уласнасці краіны ў далейшым, расказаў першы намеснік старшыні ДКНТ Андрэй Касоўскі.

— Цяпер ідзе праца над новай стратэгіяй у сферы інтэлектуальнай уласнасці. Шукаем ключавыя падыходы, якія дадуць магчымасць выйсці на ўзровень развітых краін. Хоць трэба сказаць, што мы рухаемся ў гэтым напрамку вельмі хутка і колькасць зарэгістраваных ліцэнзійных дагавораў расце.


Па словах Андрэя Касоў­скага, галоўная праблема бела­рускіх навукоўцаў — гэта камерцыялізацыя іх распрацовак.

— Тут для нас важны перадавы замежны вопыт экспертаў Сусветнай арганізацыі інтэлектуальнай уласнасці. І вынікам семінара, які праходзіць у гэтыя дні ў Мінску, стане распрацоўка «дарожнай карты» для ВНУ і навукова-даследчых інстытутаў. Гэта будуць практычныя рэкамендацыі, патрэбныя кожнай навуковай арганізацыі пры вызначэнні сваёй стратэгіі ў сферы кіра­вання інтэлектуальнай уласнасцю.

Наша краіна неаднаразова заяўляла: бяром курс на інавацыі.
У неабходнасці такой працы перакананы і адзін з міжнародных экспертаў, госць семінара, рэктар Расійскай дзяржаўнай акадэміі інтэлектуальнай уласнасці Іван Блізнюк:

— Неабходнасць такіх сустрэч ёсць заўсёды. Гэта ў першую чаргу звязана з новымі павевамі ў заканадаўстве, развіццём эканомікі, дзе сёння інтэлектуальная ўлас­насць пачынае іграць вырашальную ролю. І, зразумела, патрэбны прафесійныя кадры, якія могуць уводзіць падобныя аб’екты ў эканамічны абарот, абараняць інтарэсы праваўладальнікаў як на нацыянальным, так і на міжнародным узроўні. Сістэмная палітыка ў сферы інтэлектуальнай уласнасці патрэбна і ўніверсітэтам, якія ў апошнія гады таксама пачынаюць займаць ключавыя пазіцыі ў стварэнні аб’ектаў інтэлектуальнай уласнасці. І вельмі важна ведаць, як выяўляць і рэгістраваць гэтыя аб’екты, як у далейшым выкарыстоўваць іх на карысць універсітэтаў і ў канчатковым выніку на карысць краіны.

Семінар «Палітыка ў сферы інтэлектуальнай уласнасці для ўніверсітэтаў і навукова-даследчых інстытутаў» праходзіць у гэтыя дні на базе Нацыянальнай акадэміі навук. Яго арганізатарамі выступілі Дзяржаўны камітэт па навуцы і тэхналогіях, Нацыянальны цэнтр інтэлектуальнай уласнасці і Сусветная арганізацыя інтэлектуальнай уласнасці (САІУ).


Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter