I воск са свечак — нiбы светлы сум...

Кожны год 2 лiстапада ва ўсiх каталiцкiх храмах Беларусi, пранiзваючы туманнае ранне, гучыць лiтанне: “Вечнае спачыванне, вечная памяць...” Трапечуць агеньчыкi тысяч свечак, пастаўленых за спачын, павольна, цяжкiмi празрыстымi кроплямi, падобнымi на слёзы светлага суму, сцякае са свечак воск. У першы лiстападаўскi дзень — на Усе Святыя i назаўтра — у Задушны дзень католiкi ўспамiнаюць сваiх памерлых, моляцца за iх, iдуць да родных магiл.

А потым — зноў жа на пачатку лiстапада — праваслаўныя адзначаюць Змiтраўскiя Дзяды, Асянiны, Дзмiтраўскую бацькоўскую суботу. Звычайна гэта першая субота месяца, трэцяя пасля свята Пакроваў (14 кастрычнiка), апошняя перад днём ушанавання святога Дзмiтрыя Салунскага (8 лiстапада). Здараецца, праўда, так, як сёлета, калi субота выпадае на 4 лiстапада — вялiкае праваслаўнае свята, дзень iконы Казанскай Божай Мацi, дзень памiнання памерлых продкаў пераносiцца на тыдзень наперад (сёлета бацькоўская субота адзначалася 28 кастрычнiка)...
Вось так i атрымлiваецца штогод на Беларусi, што самай самотнай восеньскай парой, калi на вачах памiрае ў раннiх прыцемках толькi народжаны дзень, калi ўсё жывое замiрае ў прадчуваннi халоднай тугi, мы нiбы знарок дадаём самi сабе смутку i горычы, успамiнаючы тых, хто незваротна пайшоў ад нас. Цi не лепш наладзiць “хэлоуiн”, са скокамi i пераапрананнем, каб унесцi кроплю весялосцi ў гэту лiстападаўскую цемру?.. Але так можа меркаваць толькi чалавек, не спрычынены да нашага народа i яго спрадвечных традыцый. Сум наш — светлы i празрысты, як воск, што сцякае са свечак, якiя на пачатку лiстапада гараць па ўсёй Беларусi за спачын душы нашых продкаў. На парозе зiмы мы свецiм iм у той свет сваiмi зямнымi цяпельцамi, каб не выраклiся, не забылiся, не пакiнулi нас без сваёй апекi, без Памяцi. Гэта як абяцанне дажыць да вясны, любiць гэту зямлю, як любiлi яе яны — тыя, што былi да нас, рабiць усё, каб на гэтай зямлi жылося яшчэ лепш. Мы не можам iнакш. Памятаеце, як у класiка:

Абяцаюць нам новы,
раскошны дом,
Але ТУТ нам жыць i канаць,
Тут пад кожным навекi
здабытым бугром
Нашы продкi забiтыя спяць.
Яны аддалi нам меч i касу,
Слова з вуснаў, цяпер
нямых...
I нам немагчыма пайсцi
адсюль
I пакiнуць са смерцю iх.

Упэўнена: большасць насельнiкаў Беларусi адчувае асабiстае суладдзе з гэтымi радкамi. А гэта значыць — у нас абавязкова ўсё атрымаецца.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter