«I верым свята ў нашу Беларусь!»

У Беларусі назвалі лаурэатаў конкурса «Жанчына года-2012»

Рэспубліканскі конкурс «Жанчына года-2012» пацвердзіў: талент у любой сферы — нацыянальны здабытак

Дабрыня, гасціннасць і спагада спакон веку былі адметнымі рысамі нашай нацыі і ўпрыгожвалі беларускіх жанчын. Сёння пра дасягненні і поспехі іх вядома далёка за межамі краіны. Аднак прыроджаная сціпласць яшчэ многіх і многіх нашых суайчынніц да пэўнага часу як бы хавае іх у цені...

Таму шчыра скажам: як добра, што ёсць такое мерапрыемства — рэспубліканскі конкурс «Жанчына года», дзякуючы якому мы ўжо ў пяты раз пачулі новыя імёны ў дзесяці традыцыйных намінацыях і парадаваліся прафесіяналізму, творчасці, сардэчнасці, мудрасці і мужнасці нашых прыгожых і высакародных зямлячак.

— Абмеркаванне кандыдатур на прысваенне ганаровага звання праходзіла на працягу 2012 года ва ўсіх раённых і абласных арганізацыях грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз жанчын», — расказвала сустаршыня ГА «БСЖ» Антаніна Морава. — Зрабіць выбар больш чым з шасцідзесяці дастойных прадстаўніц было няпроста. Канкурэнцыя вялікая. Журы ацэньвала асабістыя дасягненні кандыдатак, іх грамадскую дзейнасць, сямейны дабрабыт. У спісе намінантак і пераможцаў — бездакорныя прафесіяналы, паспяховыя кіраўнікі, маці-гераіні. Словы «шчаслівая» і «паспяховая» цудоўна дапасоўваюцца да кожнай кандыдаткі.

Колькі душэўнай цеплыні аддала дзецям — сваім і прыёмным — Наталля Усеваладаўна Салодкая, кіраўнік-выхавальнік дзіцячага дома сямейнага тыпу аддзела адукацыі Першамайскага раёна горада Бабруйска, пераможца ў намінацыі «За дасягненні ў выхаванні дзяцей»! Бацькі не раздзяляюць хлопчыкаў і дзяўчынак на сваіх і чужых. І ў іх цёплым, утульным доме, дзе сёння падрастаюць чатырнаццаць нашчадкаў, пануюць любоў, давер, радасць...

Талент у любой сферы — гэта нацыянальны здабытак. Старшыня прафсаюзнага камітэта ўнітарнага прадпрыемства «Віцебскаблгаз» Фрыда Гаўрылаўна Талан праявіла сябе выдатным арганізатарам і атрымала адзнаку «За актыўную грамадскую дзейнасць».

Дырэктар установы адукацыі «Дзіцячая музычная школа мастацтваў № 10 імя Я. Глебава» г. Мінска заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь Тамара Арцёмаўна Куніцкая прысвяціла любімай справе і душу, і майстэрства. Сёлета ёй заслужана адрасавана намінацыя «За вернасць і адданасць прафесіі». А індывідуальны прадпрымальнік, інструктар коннага клуба «Баярд» г. п. Баравуха Наваполацкага раёна Вольга Віктараўна Авяр’янава ў свой час не пабаялася змяніць прафесію, і вынікам такога рашэння стала намінацыя «За ўдалы дэбют у бізнесе».

У ліку адзначаных іншымі намінацыямі — жанчыны, вядомыя ўсёй краіне і сціплыя, таленавітыя працаўніцы, пра якіх звычайна гавораць так: чалавек на сваім месцы.

Дырэктар закрытага акцыянернага таварыства «Калінка» г. Салігорска Галіна Рыгораўна Каліценя адзначана ў намiнацыi «За лідарства і паспяховае кіраўніцтва». Кіраўнік фермерскай гаспадаркі «Тышкавічы» Іванаўскага раёна Соф’я Андрэеўна Новік — «За дабрачыннасць і міласэрнасць». Оперупаўнаважаны аддзялення па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі Упраўлення унутраных спраў Бабруйскага гарвыканкама Алена Валер’еўна Ладзеева — «За жаночую мужнасць». Кіраўнік сада СПК «Астрамечава» Брэсцкага раёна Надзея Сцяпанаўна Крывалевіч — «За ўклад у адраджэнне сяла». Дырэктар адкрытага акцыянернага таварыства «Кандытарская фабрыка «Слодыч» Таццяна Пятроўна Селіх — «За прафесіяналізм». Мастацкі кіраўнік Нацыянальнага цэнтра музычнага мастацтва імя Ул. Мулявіна, заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь Святлана Адамаўна Стацэнка — «За ўклад у духоўна-маральнае адраджэнне».

Акрамя таго, чатыры нашы суайчынніцы атрымалі спецыяльныя прызы ў намінацыі «Жанчына-легенда». Гэтыя незвычайныя ўзнагароды дасталіся старшыні праўлення Мінскай гарадской арганізацыі ГА «Беларускае таварыства інвалідаў» Людміле Цімафееўне Калмыковай, дырэктару, мастацкаму кіраўніку дзяржаўнай установы культуры «Ансамбль танца, музыкі і песні «Белыя росы», заслужанай артыстцы Рэспублікі Беларусь Веры Іванаўне Чычынай, намесніку генеральнага дырэктара па развіцці адкрытага акцыянернага таварыства «Стужка» г. Магілёва Ніне Рыгораўне Пятровай і народнай артыстцы Беларусі, вядучаму майстру сцэны ДУ «Заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь «Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі» Таццяне Мархель.

— Я шмат паездзіла па свеце з гастролямі і зразумела, што нашы жанчыны — лепшыя! — усхвалявана гаварыла Таццяна Рыгораўна і прыгадвала дарагія свайму сэрцу ролі — з рознымі характарамі, паводзінамі, лёсамі…

— Для беларускай жанчыны няма нічога немагчымага: яны цудоўныя гаспадыні, маці, лідары, аптымісткі, любяць жыццё, сваю справу і цудоўна ўсё гэта сумяшчаюць, — адзначыла старшыня грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз жанчын» Надзея Ермакова і мудра заклікала: «Жанчыны, не раўнуйце адна адну! Шырэй прадстаўляйце дастойных сябровак на падобныя конкурсы! Прапускайце іх перад сабою, каб вас наперад паставіў сам Бог!»

На здымку: у намiнацыi «За ўдалы дэбют у бізнесе» узнагароду атрымала Вольга АВЯР’ЯНАВА.

Фота: БЕЛТА

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter