I сябе паказаць, i на людзей паглядзець

Ішла рэпетыцыя. Хор «Надзея» развучваў песню «Перамога». Спачатку спявалі першыя галасы, другія, сапрана… Вельмі чынна і сур‘ёзна. Але ў перапынках пачыналіся гоман і жарты. Пасмейваліся з Сяргея Уладзіміравіча Скавародкі, які прыйшоў сёння на рэпетыцыю на паўтары гадзіны раней. Ды пры поўным парадзе, увесь у ордэнах і медалях: прымаў вучняў адной з гарадскіх школ у піянеры. Дарэчы, узнагародамі на грудзях удзельнікаў хору нікога не здзівіш – іх тут багата…
Хор ветэранаў вайны і працы Верхнядзвінскага раёна створаны ў 1985 годзе. А праз чатыры гады з‘явіўся клуб “Ветэран”, на базе якога зараз і дзейнічае хор. Кіруе ім цудоўны чалавек, загадчык аддзела культуры Верхнядзвінскага раёна Надзея Пагаранская. Сёння пад яе кіраўніцтвам — 22 ветэраны вайны і працы. Выступаюць ветэраны на гарадскіх і раённых святах, гастралююць па раёне і за яго межамі. Ні Каляды, ні Новы год, а тым больш Дзень Перамогі не абыходзяцца без «Надзеі». А не так даўно хор прымаў удзел у абласным конкурсе народнай творчасці ветэранскіх калектываў «Не старэюць душой ветэраны» ў межах усебеларускага конкурсу-фестывалю «Беларусь – мая песня». Рэпертуар у ветэранаў самы разнастайны. Разам з патрыятычнымі, ваеннымі песнямі выконваюць яны і лірыку. А як “грукнулі” жартоўную “Што ж ты, дзеўка, робіш?!” пра надта пераборлівую дзяўчыну, для якой усе хлопцы не па ёй, – ногі ажно самі ў скокі пусціліся. Нядзіва, што на сваіх канцэртах ветэраны нязменна збіраюць шмат слухачоў. Усе ўдзельнікі хору яшчэ і члены клуба “Ветэран”, які, дарэчы, мае ганаровы статус народнага. У клубе ветэранаў заўсёды чакаюць заняткі па інтарэсах. Акрамя калектыўнага захаплення харавымі спевамі, у клубе любяць вязаць, гатаваць, займацца вырошчваннем садавіны і агародніны. І не толькі жанчыны. Мужчыны таксама з задавальненнем прыкладаюць сваю руку да гэтых спраў. Тое, што зроблена, абавязкова экспануецца на выставах майстэрства. Традыцыйная выстава-продаж «Дары восені» — для апантаных агароднікаў. Чаго толькі ні ўбачыш у час яе правядзення: гарбузы-веліканы, гіганцкія таматы, прыгожыя букеты, кампазіцыі з кветак і агародніны. Можна пачаставацца тут і смачным варэннем, пакаштаваць саленняў і марынадаў, прыгатаваных руплівымі рукамі ветэранаў… У клубе адзначаюцца ўсе памятныя даты, юбілеі, дні пажылых людзей, інвалідаў, былых вязняў. Наладжваюцца цікавыя сустрэчы з юрыстамі, урачамі, супрацоўнікамі выканкома, бібліятэкі, іншымі спецыялістамі. На гэтых сустрэчах ветэраны могуць высветліць любое пытанне, якое іх цікавіць, паспрабаваць вырашыць узнікшую праблему. Сустракаюцца яны і з калегамі – членамі такіх жа клубаў з іншых раёнаў. Прымаюць гасцей на сваёй тэрыторыі і самі ездзяць у госці. Усе гэтыя сустрэчы, святы, выставы застаюцца не толькі ў памяці. У клуба «Ветэран» ёсць свой летапіс, у якім запісана ўся яго гісторыя з моманту заснавання. А колькі фотаальбомаў са здымкамі! Вось фотакарткі з тэматычнага вечара, прысвечанага творчасці Тараса Шаўчэнкі. Яго падрыхтавала салістка хору Людміла Раманава, украінка па нацыянальнасці. А гэта – мінулыя Каляды з пачастункамі, касцюмамі і нават… казой! Вось фота, на якім віншуюць імянінніка – 83-гадовага Мікалая Трыпука. Нягледзячы на свой сталы ўзрост, ён актыўны ўдзельнік шматлікіх мерапрыемстваў. Ды наогул, пасіўных тут няма. Такі яны народ – дружны, вясёлы, неабыякавы і цікаўны – ветэраны.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter