«I ўстануць з’явы, як жывыя...»

Праз “Новую зямлю” я вучыўся адкрываць i яшчэ з большай замiлаванасцю любiць нашу родную прыроду. Разумець i цанiць сялянскую працу i побыт. У творы я знаходзiў усё тое, што бачыў i адчуваў навокал, што мяне хвалявала i турбавала, радавала i засмучала

I ўстануць з’явы, як жывыя,

Малюнкi сэрцу дарагiя,

I моцна душу парываюць.

“Iдзi да нас! Iдзi”, — гукаюць.

Благаславёны час той будзе,

Калi я ў родным сваiм людзе

Куточак бацькаў прывiтаю

I радасць жыцця там пазнаю.

--------------------------------

Цудадзейная  сiла  паэмы

Радкi, што я прывёў у якасцi эпiграфа, узяты са славутай паэмы Якуба Коласа “Новая зямля”. Менавiта пра яе мой роздум. Можа, хто-небудзь з нашых чытачоў падумае: лiтаратурныя крытыкi шмат разоў усебакова прааналiзавалi гэты твор, што тут яшчэ можна сказаць новага? Я не лiтаратурны крытык i, вядома, не бяруся зараз гаварыць толькi пра мастацкiя вартасцi паэмы, якая  даўно заняла сваё дастойнае месца сярод класiчных твораў сусветнай лiтаратуры. 

Мне хочацца паразважаць аб тым, як коласаўская паэма пакiнула незабыўны след у маiм жыццi з самага дзяцiнства. Упэўнены, што гэта датычыць i многiх-многiх нашых беларусаў, якiя нарадзiлiся ў вёсцы, правялi там свае дзiцячыя i юнацкiя гады, каб з добрым душэўным багажом пайсцi ў вялiкае жыццё. 

Праз “Новую зямлю” я вучыўся адкрываць i яшчэ з большай замiлаванасцю любiць нашу родную прыроду. Разумець i цанiць сялянскую працу i побыт. У творы я знаходзiў усё тое, што бачыў i адчуваў навокал, што мяне хвалявала i турбавала, радавала i засмучала, чым я жыў, пра што марыў. Усё гэта пранiкала ў маё сэрца цудоўнымi коласаўскiмi радкамi. I засталося назаўжды. Такой цудадзейнай сiлай валодала паэма. 

З  пажару  я  вынес  бы...  кнiгу 

Вiдаць, надзвычай глыбока краналi гэтыя радкi  свядомасць вясковага хлапчука, калi аж цяпер, больш чым праз 60 гадоў, успамiнаю наступнае. Позняя восень, мы пасвiм кароў. Расклалi вялiкi касцёр, чакаем, калi набярэцца шмат прыску, каб у яго можна было высыпаць як мага больш бульбы. Ну вось, здаецца, пара: сцягваем палаючыя галавешкi ўбок, акуратна кладзём у гарачы прысак клубнi. Праз некаторы час у нас адмысловы абед: печаная з прыгаркамi бульба, хлеб,  некалькi цыбулiн i яшчэ што-небудзь, пакладзенае клапатлiвай мацi ў нашы пастуховыя торбачкi. 

Мы ўсе вясёлыя. Каровам — прыволле, яны не наробяць шкоды, бо ў полi ўсё прыбрана. Мы i гамонiм пра тое-сёе. У мяне з сабою кнiжка з мясцовай бiблiятэкi. Прызнаюся, калi па нейкай прычыне я выганяў пасвiць кароў не маючы з сабою кнiгi, настрой быў сапсаваны на ўвесь дзень. Бо ў такой сiтуацыi самымi лепшымi сябрамi для мяне былi менавiта кнiгi. 

I вось зайшла тады ля кастра памiж намi, хлапчукамi, гаворка. Дапусцiм, здарыўся ў нашай вёсцы пажар, гараць нашы хаты. Вядома, што падчас такога гора людзi як найхутчэй выносяць з агню самыя дарагiя рэчы. Мы i пытаемся адзiн у аднаго: што ў першую чаргу ў час пажару схапiў бы кожны з нас? “Вопратку i гэтую кнiгу, — кажу я i паказваю “Новую зямлю”. — “Кнiгу? — здзiўляюцца мае сябры. — Кнiгi ж ёсць у нашай бiблiятэцы. Пры пажары трэба ратаваць тое,  без чаго не пражывеш”. — “Але ж “Новая зямля” толькi адна ў нашай бiблiятэцы, — даказваю сваё. — Яна самая цiкавая. I калi, не дай бог, згарыць, дзе яе дастаць?” 

За  чым  была  чарга 

Нiякая iншая кнiга так не валодала маiмi пачуццямi, як “Новая зямля”. Яна арганiчна злiвалася з маiм дзяцiнствам. Верна сказана, што чалавек з добрай кнiгай у руках не можа быць адзiнокiм. Калi я браў “Новую зямлю”, то, здаецца, забываўся пра ўсё на свеце. Але ж тут узнiкалi свае праблемы. Наша вясковая бiблiятэка пасля вайны налiчвала ўсяго некалькi дзесяткаў тамоў. Ахвотнiкаў жа да чытання шмат. Ну, па-першае, у бiблiятэку запiсалiся ўсе школьнiкi. Немалы iнтарэс мелi i дарослыя. Словам, кнiгi ўвесь час былi на руках. А каб узяць самую цiкавую, трэба было загадзя запiсацца на яе ў чаргу. “Новая зямля” нiколi не ляжала ў шафе, бiблiятэкарка кожнага папярэджвала, каб не трымаў доўга гэтую кнiгу дома, бо яна патрэбна iншым. Вось, паважаныя чытачы, якi быў час i што значыў для беларускай вёскi Якуб Колас. 

Мой  верш  пра  паэта 

Я рабiў так: прыносiў у бiблiятэку здаваць “Новую зямлю” i тут жа зноў запiсваўся на яе ў чаргу. Бiблiятэкарка ведала пра маю любоў i захапленне коласаўскай паэмай, але ж нiчым дапамагчы не магла. I раптам усё наладзiлася даволi нечакана для мяне. У чацвёртым класе пачаў складаць вершы, калi iх можна так назваць. Свае творчыя сакрэты не адкрываў нi дома, нi тым больш у школе. Можна здагадацца, што вельмi хацелася прысвяцiць свой верш майму любiмаму Якубу Коласу. I напiсаў, у якiм, мiж iншым, былi такiя вельмi просценькiя радкi: “Прымiце ж, наш родны,// Гарачы прывет, // Любiмы, народны,//  Вялiкi паэт”. 

Верш у мяне выкралi аднакласнiкi. I паказалi яго настаўнiцы, якая выкладала беларускую лiтаратуру. Добра памятаю: настаўнiца нетаропка знаёмiцца з маёй творчай спробай. Вучнi ж сцiхлi i нецярплiва чакаюць, што яна скажа. Во будзе смеху — паэт з’явiўся ў школе... 

Настаўнiца нечакана для ўсiх, у тым лiку i для аўтара, пахвалiла верш. I сказала, што я буду чытаць яго на ўрачыстым вечары, якi рыхтуецца ў школе з нагоды кастрычнiцкiх свят. Так i выйшла. Больш таго, бiблiятэкарка, даведаўшыся пра мае “прысвячэннi” Якубу Коласу, сказала, што магу браць “Новую зямлю” на той час, якi мне неабходны. Дарэчы, той самы верш праз некаторы час быў надрукаваны ў рэспублiканскай газеце “Пiянер Беларусi”, якраз тады, калi адзначалася юбiлейная дата з дня нараджэння народнага пiсьменнiка. 

Дарагi  вобраз  Радзiмы 

Перачытваю зараз “Новую зямлю” i думаю: чым жа так паланiла яна сэрца i розум вясковага хлапчука? Разуменне таго, что паэма — паэтычная энцыклапедыя жыцця беларускага сялянства, выдатны шэдэўр сусветнай лiтаратуры, прыйшло да мяне пазней. У тыя ж нялёгкiя часiны, калi наша вёска, як i ўся Беларусь, толькi ўздыхнула з палёгкай пасля страшнай вайны, калi былi галадэча i цяжкая праца, у такiх жорсткiх умовах фармiравалiся характары нашай вясковай моладзi. Перад ёй паволi адкрываўся незнаёмы сусвет. 

Ах, як жа дарэчы была тады цудоўная коласаўская паэзiя. I сустрэча з “Новай зямлёй” быццам накавана лёсам. А можа, i па волi Усявышняга. Паэтычныя радкi выклiкалi ў маiм сэрцы хвалюючы роздум. Пад уплывам коласаўскай лiрыкi i фiласофii (!) я ўжо iншымi вачыма глядзеў, успрымаў тое, што мяне акружала. Поле, лес, балота, рэчка былi не толькi маляўнiчымi мясцiнамi. Яны прыносiлi ў маю душу хвалюючае i шчымлiвае пачуццё арганiчнай еднасцi чалавека з прыродай. I стваралi ў маёй свядомасцi вобраз Радзiмы. Добры i бясконца дарагi, ён такiм i застаўся назаўсёды са мною ў многiм дзякуючы Якубу Коласу. 

Скажыце, цi ж можна без хвалявання ўспрымаць вечныя коласаўскiя радкi, у якiх столькi глыбокай жыццёвай цеплынi i любовi да Бацькаўшчыны. “Мой родны кут, як ты мне мiлы!..// Забыць цябе не маю сiлы!..// Вось як цяпер, перада мною// Устае куточак той прыгожа...” 

У кожным раздзеле паэмы я знаходзiў тады  (знаходжу, дзякуй Богу, i цяпер) мноства прыкладаў цеснай узаемасувязi, моцнай знiтаванасцi памiж напiсаным паэтам i тым, што акружала маю родную вёску. Чым было дзяцiнства. I выходзiла, што Якуб Колас, апiсваючы сваё Парэчча, як бы апавядае пра мноства такiх куточкаў Беларусi, дзе былi свае клопаты, нягоды i хоць маленькiя радасцi. Дзе жылi шчырыя, руплiвыя беларусы, якiя пастаянна марылi, як Мiхал i Антось, пра сваю “новую зямлю”. 

“Зямля  не  зменiць  i  не  здрадзiць...” 

У “Новай зямлi” я знаходзiў асаблiвую чароўнасць, яна давала мне вялiкую асалоду i захапленне. Так усхвалявана i душэўна пiсаў Якуб Колас пра тое, што яму было дорага. I створаныя iм вобразы роднага краю, вядома ж, глыбока кранаюць чалавека. Нават нялёгкую сялянскую працу паэт апiсвае так, што ў ёй ёсць не толькi вялiкi жыццёвы сэнс i неабходнасць, але i свая прыгажосць. Напрыклад, жнiво. “Угрэла сонца. Жней чародкi// Iдуць паважна, як лябёдкi,// У хустках лёгкiх, кофты белы,// Iх рукi дужа загарэлi”. 

Безумоўна, надзвычай вабiлi мяне Мiхал i Антось. Менавiта ў iх асобах мы бачым самыя адметныя рысы характару беларусаў. Сваiмi ўчынкамi, паводзiнамi, адносiнамi да працы, сваiм сумленнем яны быццам даюць нам параду, як трэба жыць, каб чалавек заставаўся чалавекам. Як гожа прадстаўляць свой сялянскi род. 

I яшчэ — iх бязмежная i вечная любоў да роднай зямлi. Гэтае пачуццё паэт прапускае праз свой розум i сэрца. Вось чаму радкi, у якiх гаворыцца пра зямлю, не толькi высокая паэзiя хвалюючага грамадскага гучання, але i глыбокi фiласофскi роздум. “Зямля не зменiць i не здрадзiць, // Зямля паможа i дарадзiць,// Зямля дасць волi, дасць i сiлы, // Зямля паслужыць да магiлы, //  Зямля дзяцей тваiх не кiне,// Зямля — аснова ўсёй айчыне”. 

Максiм Горкi гаварыў, што трэба чытаць i паважаць толькi тыя кнiгi, якiя вучаць разумець сэнс жыцця, разумець жаданнi людзей i сапраўдныя матывы iх учынкаў. Далiбог, быццам сказана пра “Новую зямлю”, настолькi адпавядае гэтым словам увесь багаты змест, жыццёвая сiла i ўплыў коласаўскай паэмы на чытача. Яна ачышчае i ўзвышае душу. 

Зараз, калi мы рыхтуемся адзначыць юбiлей нашага славутага песняра, перачытваю “Новую зямлю” i з радасцю адчуваю: я ўжо даволi сталы чалавек, а коласаўская паэзiя хвалюе i зачароўвае мяне, як i раней. У тым i высокая вартасць сапраўднай лiтаратурнай класiкi, што яна нiколi не старэе. Добры, разумны твор — як верны, шчыры сябар i настаўнiк. 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter