І роднасць, і сяброўства

Актывісты Нацыянальна-культурнага цэнтра беларусаў Курганскай вобласці “Батькавщина” даўно адладзілі дзелавыя і сяброўскія сувязі з жыхарамі вёскі Новае Ільінскае Петухоўскага раёна
Актывісты Нацыянальна-культурнага цэнтра беларусаў Курганскай вобласці “Батькавщина” даўно адладзілі дзелавыя і сяброўскія сувязі з жыхарамі вёскі Новае Ільінскае Петухоўскага раёна. І тыя кантакты маюць працяг.


Беларусы з Кургана выступалі ў Шадрынску

Не сакрэт: беларусаў у вялікай Расіі — сотні тысяч. Шмат іх і ў Заураллі. Вось і заснавальнікі вёскі Новае Ільінскае Петухоўскага раёна, продкі сённяшніх жыхароў, былі выхадцамі з Віцебскай губерні: яны пераехалі ў зауральскі край з тэрыторый, што належаць цяпер Рэспубліцы Беларусь, яшчэ ў 1853 годзе. Прычым, што цікава, у вёсцы і сёння жывуць нашчадкі тых першых беларусаў. І ёсць у іх гарачае жаданне адраджаць традыцыі продкаў-беларусаў, быць бліжэй да сваіх нацыянальных каранёў. А дапамагае новаільінцам у такой няпростай справе суполка “Батькавщина”. Для таго з Кургана, абласнога цэнтра, і едуць супляменнікі ў глыбінку, да вяскоўцаў. 

Папярэдняя такая сустрэча адбылася ў лістападзе 2015 года. А 29 ліпеня курганскія беларусы зноў прыехалі ў Новае Ільінскае. Гасцей сустракалі ў сельскім клубе. У мінулы прыезд курганскія беларусы сустракаліся са старажыламі вёскі, запісвалі ад іх народныя песні, паданні. На гэты раз кіраўніца арганізацыі Людміла Урванцава ўзнагародзіла ўсіх, хто дапамагаў энтузіястам збіраць фальклор. Напрыклад, Фёкла Андрэеўна Развятдзінава і Кацярына Пятроўна Мазурава былі рады атрымаць Падзячныя лісты ад “Батькавщины” і па вышываным беларускім фартуху. Любоў Анатольеўна Залатых атрымала грамату і нацыянальны беларускі касцюм. Адзначаны і вучань мясцовай школы Андрэй Панфіленка: ён чытае вершы на беларускай мове, калі ў вёсцы праходзяць культурныя мерапрыемсты. Андрэю таксама падарылі нацыянальны касцюм.

Не застаўся без падарункаў і сельскі клуб. Людміла Урванцава падарыла ягонай загадчыцы Любові Пятроўне Фраловай газеты, кнігі, кампакт-дыскі з мінусоўкамі беларускіх песень. Людміла Рыгораўна прэзентавала кнігу, што нядаўна пабачыла свет: “Сямейна-бытавая абраднасць беларусаў Зауралля: фальклорна-этнаграфічная экспедыцыя”. Госця расказала, як ішла праца над кнігай, падарыла яе асобнік мясцовай грамадзе. А потым быў канцэрт фальклорнага гурта “Журавачка”. Гледачам спадабаліся песні ў яго выкананні, самадзейных артыстаў доўга не хацелі адпускаць са сцэны, ім нават падтанцоўвалі.

Госці наведалі сядзібу Аляксандра Цябутава, аднаго з прадстаўнікоў найстарэйшага сельскай роду і галоўнага ініцыятара афармлення ў вёсцы “Беларускай хаты”. Ён беражліва зберагае старадаўнія рэчы, якія дасталіся яму ў спадчыну ад бабулі. Цяпер яго хата ўжо падобная на музей старадаўняга побыту.

 І яшчэ адзін канцэрт дала “Журавачка” ў Новым Ільінскім — на беразе салёнага возера. Пра тое папрасілі прадстаўнікі розных гарадоў Урала, якія адпачывалі там у кемпінзе. Беларускія песні ім таксама прыйшліся да душы.

Таццяна Макавеева,  г. Курган, Расія

Ад рэдакцыі. Людміла Урванцава даслала ў рэдакцыю і фотаздымкі без тэкста з горада Шадрынска Курганскай вобласці — там, напэўна, таксама пабывалі курганскія беларусы. Тамтэйшы Цэнтр рускай народнай культуры “Лад” Падзячным пісьмом ушанаваў народны калектыў, ансамбль беларускай песні “Журавачка” — за ўдзел у святочнай праграме “Мілы сэрцу гарадок”, якая ладзілася ў Дзень горада. 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter