I род свой, і народ не разлюбі

У Маладзечне прайшлі ўрачыстасці да 75-годдзя Міншчыны

Урачыстасці з нагоды 75-годдзя Мінскай вобласці прайшлі ў Палацы культуры горада Маладзечна

Вышэйшыя службовыя асобы, прадстаўнікі Адміністрацыі Прэзідэнта і ўрада, парламента, духавенства, дыпламатычных місій, грамадскіх арганізацый, дзеячы навукі і культуры, ветэраны і сённяшнія працаўнікі… Шматлікіх гасцей аб’яднала ў святочнай зале гэта знамянальная дата.

Лёс Мінскай вобласці — гэта ў многім лёс Беларусі. Таму юбілей — падзея далёка не мясцовага маштабу. І гэта відавочна.

«Міншчына займае лідзіруючыя пазіцыі ў эканамічным і сацыяльна-культурным жыцці краіны. Дынамічнае развіццё рэальнага сектара эканомікі станоўча адбіваецца на дабрабыце людзей. За апошні год набылі сучаснае аблічча гарады і населеныя пункты, абнавілася база ўстаноў адукацыі, культуры, аховы здароўя, фізкультуры і спорту. Усё гэта стала магчыма дзякуючы адданай працы людзей самых розных прафесій, іх сумленным адносінам да справы, уменню дасягаць пастаўленых мэт», — гаварылася ў віншаванні Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі, якое агучыў намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Андрэй Тур.

Няма такіх вяршынь, якія не маглі б скарыцца Мінскай вобласці, — у гэтым упэўнены старшыня Мінаблвыканкама Барыс Батура. У яго святочнай прамове, дынамічнай, эмацыянальнай, як у яркай мастацкай кінастужцы, паўстала багатая гісторыя краю, людзі, якія сваёй працай і талентам стваралі і ствараюць яе. «Міншчына павінна заўсёды быць лакаматывам у развіцці краіны. Сёння на яе прыходзіцца 15 % прамысловай вытворчасці Беларусі, чвэрць сельскагаспадарчай, пятая частка ўсяго жылля, што ўводзіцца ў краіне. Рэгіён з’яўляецца адным з лідараў па прыцягненні замежных інвестыцый. Важна, што ў вобласці адбыліся вельмі значныя якасныя зрухі. Актыўна развіваецца сельская гаспадарка, у гарадах адбываецца інтэнсіўная мадэрнізацыя індустрыі, адкрыта многа вытворчасцей», — адзначыў Барыс Батура.

Старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі Уладзімір Андрэйчанка назваў вобласць унікальным рэгіёнам і падкрэсліў, што адным з галоўных дасягненняў з’яўляецца эканамічны рост ва ўсіх галінах народнай гаспадаркі, а дзякуючы яму вырашаюцца сацыяльныя пытанні.

Шмат шчырых і цёплых слоў прагучала ў час віншавальных выступленняў. У адрас Мінскай вобласці паступілі шматлікія тэлеграмы ад прадстаўнікоў дзяржаўных органаў рэспублікі, арганізацый і прадпрыемстваў, вядомых грамадска-палітычных дзеячаў іншых краін. Відэавіншаванне прыйшло нават з каляземнай арбіты, дзе зараз працуе на Міжнароднай касмічнай станцыі наш зямляк Алег Навіцкі.

Своеасаблівай кульмінацыяй свята стала цырымонія ўшанавання людзей, якім напярэдадні юбілейнай даты прысвоена званне «Ганаровы грамадзянін Мінскай вобласці». Ім стаў Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Беларусі ў Літве і Фінляндыі па сумяшчальніцтве Уладзімір Дражын. Ён шмат зрабіў для развіцця сталічнага рэгіёна і краіны і зараз на дыпламатычнай ніве ўносіць вялікі ўклад у стварэнне станоўчага іміджу Беларусі ў свеце. Ганаровага звання ўдастоены відны дзеяч музычнай культуры, народны артыст Беларусі, мастацкі кіраўнік і галоўны дырыжор Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра Беларусі імя І. Жыновіча Міхаіл Казінец. Ганаровым грамадзянінам вобласці стаў мітрапаліт Мінскі і Слуцкі Філарэт, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі. У відэазвароце да ўдзельнікаў свята ён адзначыў поспехі, дасягнутыя Міншчынай. «Аднак у барацьбе за эканамічныя і культурныя паказчыкі мы не павінны забывацца пра духоўны бок жыцця. Спадзяюся, супрацоўніцтва царквы і кіраўніцтва Мінскай вобласці знойдзе свой працяг у сумесных сацыяльных праектах у галіне маральнага і патрыятычнага выхавання моладзі, у акцыях у падтрымку сям’і», — сказаў мітрапаліт Філарэт.

У святочны дзень на сцэне галоўнай канцэртнай пляцоўкі Міншчыны зіхацелі сапраўдныя зоркі. Вытанчаны, лёгкі і пранікнёны венскі вальс распачаў канцэрт, які падарылі лепшыя майстры беларускай сцэны.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter