“I просiцца хата: хоць брамку пакратай!”

Якой глыбiнёй i мудрасцю бываюць прасякнуты дзяржаўныя рашэннi! Указ Прэзiдэнта № 70 накiраваны на тое, каб ачысцiць зямлю ад хламу i навесцi элементарны парадак. Сухая афiцыйная пастанова, але абудзiла раптам патрыятычныя, настальгiчныя, лiрычныя, уласнiцкiя i бог ведае якiя яшчэ чалавечыя пачуццi. Прымусiла да актыўных дзеянняў нават тых, хто дзесяцiгоддзямi не заглядваў у родную вёску. Размова iдзе аб прывядзеннi ў парадак тысяч сельскiх населеных пунктаў, бо амаль у кожнай вёсцы ёсць кiнутыя або вымарачныя хаты. Гэта калi памiрае гаспадар, а гарадскiм дзецям не да бацькоўскай сядзiбы.

Гэта толькi пачатак
На Вiцебшчыне амаль сем тысяч старых дамоў i каля 500 сельскагаспадарчых памяшканняў — закiнутых разваленых ферм, майстэрань i iншых непрыгодных пабудоў. Гэта аб’ём работы на бягучы год. Мiж тым знос аднаго сельскагаспадарчага памяшкання абыходзiцца дзяржаве амаль у десяць мiльёнаў рублёў. Праўда, многiя падыходзяць да гэтай справы надзвычай ашчадна. 180 такiх памяшканняў сёлета было знесена за 1,2 мiльярда рублёў. Лiквiдавана i 1200 дамоў, не прыгодных для жытла.
У Расонскiм раёне, дзе ўжо знесена каля сотнi хат, не проста ўбiраюць развалюхi: следам iдуць мелiяратары, даводзяцца землi да ладу, заворваюцца або адводзяцца пад новыя забудовы.
Строгая iнвентарызацыя выявiла па вобласцi 14 132 пустуючыя дамы, i ўжо каля пяцi тысяч гаспадароў паведамiлi мясцовым уладам, што будуць карыстацца iмi i даглядаць.
— Гэта толькi пачатак вялiкай справы навядзення парадку на зямлi, — падкрэслiў на адным з пасяджэнняў аблвыканкамам губернатар вобласцi Уладзiмiр Андрэйчанка. — Усё трэба рабiць па-гаспадарску, фармалiзму тут быць не павiнна.
Галоўны клопат Саветаў
Мясцовым уладам трэба не толькi арганiзаваць будаўнiчыя работы, але i адшукаць гаспадароў цi iх нашчадкаў, бывае, аж у чацвёртым цi пятым калене.
— Указ вельмi своечасовы, мы чакалi яго даўно, — гаворыць старшыня Чашнiцкага раённага Савета дэпутатаў Генадзь Астапенка. — Ён дазваляе задзейнiчаць розныя формы i метады, у тым лiку юрыдычнага характару, лiквiдацыi пабудоў, якiя псуюць выгляд нашай зямлi, навесцi парадак, не ўшчамляючы законныя iнтарэсы грамадзян. Нарэшце для гэтага ёсць нарматыўная база. Нельга адрадзiць вёску, калi не вызвалiцца ад хламу... Пасля зносу халуп землi выкарыстоўваюцца пад новыя забудовы або агароды цi палi. Калi хто захоча будавацца, толькi вiтаем такое жаданне. I прыклады ўжо ёсць.
У Чашнiцкiм раёне 421 стары дом. 65 ужо знесены. I яшчэ 350 пустуючых.
— Сельскiя Саветы праз старэйшын, суседзяў пачалi шукаць гаспадароў. Пiсьмы паляцелi ва ўсе канцы свету — i па нашай краiне, i ў блiзкае i далёкае замежжа. Двойчы давалi аб’явы ў раённай газеце, некалькi разоў выступалi па радыё. Змяшчаем здымкi. Цяпер рыхтуем спiс дамоў, гаспадароў якiх пакуль што адшукаць не можам, каб праз iншыя сродкi масавай iнфармацыi яшчэ раз напомнiць. Калi ж гаспадары не адгукнуцца, будзем прымаць рашэннi ў судовым парадку ў адносiнах да такой вымарачнай спадчыны.
— Гадоў шэсць назад быў выпадак, калi чалавек быў згодны купiць пустуючы дом у Лукомлi, — уступае ў размову старшыня Лукомльскага сельсавета Мiкалай Бакурын. — Але з абавязковай умовай: аформiць здзелку праз натарыуса. А як аформiш, калi нарматыўнай, юрыдычнай базы няма. Той дом дагэтуль пустуе...
Спадчыннiкаў вымарачных дамоў сельсавет будзе чакаць на працягу года. Калi не аб’явiцца гаспадар — дом перадаецца на баланс сельсавета. Мясцовая ўлада прымае рашэнне: адрамантаваць, аддаць пад кватэру, прадаць цi знесцi. Сельсавет будзе несцi за яго i адказнасць — тады ужо ён уступае у гаспадарскiя правы.
— Асаблiва радуе, калi вяртаюцца людзi ў вёску, на бацькоўскiя сядзiбы, рэанiмiруюць iх. Вёску адраджаюць i тыя, каго пацягнула да родных вытокаў. Праўда, выпадкi такiя пакуль што адзiнкавыя...
У гарадской кватэры мне цесна!
Тамара Ягораўна i Вiктар Паўлавiч Фадзеевы — энергетыкi па прафесii, усё жыццё працавалi на Лукомльскай ГРЭС. У вёсцы Слабодка — бацькоўская сядзiба, дзе Тамара Ягораўна i вырасла. Дом яшчэ даваенны, яго толькi адрамантавалi. Тут выраслi шасцёра дзяцей, i вялiкi прыгажун каштан — упершыню, мiж iншым, бачыла такi на Беларусi — пасадзiў адзiн з братоў гадоў шэсцьдзесят таму.
— З дзяцiнства памятаю, што кожны з нашай вялiкай сям’i працаваў. Мы, малыя, мiсачкамi пераносiлi жыта з падлогi на печ — раней ураджай развозiлi па хатах для сушкi. Быццам i нялёгкiм было жыццё, i не дужа сытым, i не дужа вольным. Але якi дарагi ўспамiн. Я даўно марыла вярнуцца ў вёску. Мы ўжо гадоў пяць жывём тут. Мне неяк давялося заначаваць у Новалукомлi, дык, не паверыце — у трохпакаёвай кватэры адной было i цесна, i душна. Тут жа, гляньце, якая прыгажосць, якiя краявiды, якая вольнасць, чысцiня!.. Гэта ўсё дарагiя мае мясцiны. Цяпер, калi ёсць з чым параўнаць, крыху шкадую: трэба было жыць у вёсцы. Тут вытокi, радавы “маёнтак”, — смяецца Тамара Ягораўна.
На падвор’i ў Фадзеевых — суцэльныя зараснiк ... кветак! Тут i ружы, i клематысы, i бархатцы i яшчэ добрая сотня разнастайных высокiх, нiзкiх, паўзучых, бардзюрных i iншых жывых “крынiчак” прыгажосцi, пяшчоты, душэўнага спакою.
— Што вы, — адмахваецца гаспадыня ад майго захаплення. — Каб вы бачылi мiнулае лета — жорсткая зiма “прарэдзiла” прыгажосць.
Гаспадары не толькi адрамантавалi дом, але i паставiлi лазню-церамок, цяпер майструюць веранду. На падвор’i трымаюць дзвюх кароў, парсюкоў, iншую жыўнасць i ўвогуле вядуць амаль што натуральную гаспадарку.
— Двойчы на тыдзень, а бывае, i часцей, да нас у вёску прыязджае аўтамагазiн. Мяне заўсёды здзiўляе, калi вяскоўцы купляюць масла, тварог, сыр, яйкi.. У нас усё сваё. Хапае i самiм, i сынам.
Сын Вiталiй жыве ў Мiнску, працуе ў дэпартаменце аховы МВД, але ў Слабодцы часты госць.
— Нiводзiн водпуск я не правёў без Слабодкi. Вясной, зiмой цi летам выпадае адпачынак — я заўсёды ў бацькоў.
Другi сын увогуле побач — працуе на ГРЭС.
Мужчыны, бацька з сынамi, самi выкапалi калодзеж — ажно 11 кольцаў прыйшлося апусцiць пад зямлю, каб дастаць ваду. I пакуль мы размаўлялi, бацька з сынамi завiхалiся ля сваёй калодзежнай новабудоўлi. З задавальненнем прыязджае сюды i ўнучка Таня.
Валерыя марыць пра вёску
Дачка Раiсы Пятроўны Багданавай — чатырнаццацiгадовая Валерыя — ўвогуле просiць бацькоў, каб пераехалi на пастаяннае месца жыхарства ў Слабодку з... Мiнска. Раiса прызнаецца, што апошнiм часам пачала задумвацца. Спыняе адно: цi ёсць магчымасць уладкавацца на работу па спецыяльнасцi i атрымлiваць годную зарплату? У сям’i трое дзяцей, i старшая дачка — студэнтка. Асаблiва ж прывольна ў вёсцы двухгадовай Дар’юшцы. Лера — галоўная нянька, дарослыя заняты на будоўлi, але дзяўчынка паспявае i на агародзе дапамагчы, i карову падаiць, i з вясковымi дзецьмi пабегаць.
Бацькоўскую хату, у якой жыве брат Леў, рамантуюць, пашыраюць, надбудоўваюць, каб хапiла месца вялiкай сям’i, калi збяруцца разам. Ужо прынялi рашэнне аб пераездзе ў Слабодку пасля выхаду на пенсiю две сястры Раi, падумвае i трэцяя: кватэры ў горадзе пакiнуць дзецям. Адна з iх будуе ў Слабодцы новы дом. Памiж новабудоўляй i бацькоўскай сядзiбай — якраз адзiн з безгаспадарчых дамоў, цёмны, зарослы, напаўразвалены. Гаспадары яго ў Новалукомлi жывуць, iх ужо адшукаў сельсавет, i пасля зносу хаты ўчастак будзе перададзены Раiсе Пятроўне i яе сёстрам.
Пажылыя вяскоўцы i ў Слабодцы, i ў iншых населеных пунктах падкрэслiваюць асаблiвую карысць указа: маўляў, прызваў да парадку i такiх, каго жаба душыла. Здаецца, развалюха нiкому не патрэбная, але калi паўстае пытанне аб яе зносе, узыграе iнстынкт прыватнай уласнасці. Толькi быць сабакам на сене — i сам не гам, i iншаму не дам — ужо не атрымлiваецца па закону.
Зямля — наша, i наводзiць парадак на ёй нам. А хто забыўся, як гэта робiцца на вёсцы, хай прыязджае ў Слабодку да Фадзеевых цi Багданавых...

Указ Прэзiдэнта № 70 прымусiў да актыўных дзеянняў нават тых, хто дзесяцiгоддзямi
не заглядваў у родную вёску
...З цягам часу асунецца вугал, лопне шкло, быльнiк падымецца вышэй плоту, а то i комiна. Вецер нанясе бруду, смецця, а бывае, i несумленныя суседзi. Апалае счарнелае лiсце пакрые былы палiсад, двор, агарод, i не адным слоем. Здзiчэюць яблынi ў садку i паселiцца вараннё. Бяды можа нарабiць выпадковы цi наўмысны агонь — цi то цыгарку забудзе якi бомж, цi то п’янiца якi, схаваўшыся ад людскога вока, гэтак злосна “пажартуе”, i тады пагроза навiсае над усёй вёскай...
Няма больш балючай карціны, чым гадамi памiраючая халупа, якая была калiсьцi бацькоўскiм домам, утульным i родным...

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter