Мінскае метро да 1 красавіка цалкам пяройдзе на радыё-карткі.
Цяпер у касах метрапалітэна пасажырам усё часцей прапаноўваюць радыёаналагі звыклых нам магнітных картак.
— Мы пачалі памяншаць колькасць магнітных картак, якія паступаюць у продаж. Ім ужо больш за дзесяць гадоў, і, па сутнасці, іх можна назваць рэччу ўчарашняга дня. Калі такая картка патрапіць у моцнае магнітнае поле, то яна можа размагніціцца, і вы ўжо не зможаце ёй карыстацца, — распавядае намеснік начальніка службы руху Мінскага метрапалітэна Ігар Дадалка. — Бескантактавая картка значна зручнейшая. Яе закладны кошт — 10 тысяч рублёў. Пасля выкарыстання яе можна здаць у касу метрапалітэна і атрымаць грошы.
Акрамя таго, ужо вясной на кожнай станцыі метро ўсталююць спецыяльны тэрмінал, праз які можна будзе аплаціць праезд з дапамогай паведамлення. Для таго, каб скарыстацца такой паслугай, дастаткова адправіць запыт свайму мабільнаму аператару, які ў адказ вышле вам код. Затым трэба паднесці экран мабільнага тэлефона з кодам да электроннага тэрмінала — і можна ісці. Кошт такой паслугі будзе ўстанаўлівацца мабільным аператарам.