I «Крылаў» узнёслы палёт

З 22-га па 27 красавiка ў Мазыры пройдзе фестываль дзiцячай творчасцi

У шосты раз Мазыр стане сталiцай Мiжнароднага фестывалю дзiцячай творчасцi

З 22-га па 27 красавiка Мазыр у шосты  раз стане  сталiцай мiжнароднага фестывалю дзiцячай творчасцi «Зямля пад белымi крыламi». Практыка правядзення гэтага маштабнага мерапрыемства на гасцiннай мазырскай зямлi даказала: апрача непасрэдна падтрымкi здольных i таленавiтых юнакоў i дзяўчат, фестываль выконвае вялiкую грамадска-палiтычную мiсiю  па ўмацаваннi добрасуседскiх адносiн i ўзаемаразумення памiж народамi, прапагандзе беларускай i iншых нацыянальных культур. Чым будзе вызначацца сёлетняе фестывальнае дзейства, якое месца займае гэта падзея ў жыццi горада над Прыпяццю — гэтыя i iншыя пытаннi карэспандэнт «Р» адрасаваў напярэдаднi адкрыцця мерапрыемства намеснiку старшынi Мазырскага райвыканкама, дырэктару дырэкцыi фестывалю Фелiксу ГАЛЮКУ (на здымку).

— Фелiкс Фёдаравiч!  Вось ужо адзiнаццаць год «Зямля пад белымi крыламi» традыцыйна збiрае пад свае творчыя сцягi юных вакалiстаў i харэаграфiчныя калектывы з розных краiн. Можна ўпэўнена казаць аб тым, што  фестываль набыў не толькi непаўторны iмiдж, але i мае сваю самабытную гiсторыю...

— Узнiкшы вясной 1998 года, гэты па-свойму ўнiкальны форум дзiцячай творчасцi вiтаў першых гасцей з блiзкага i далёкага замежжа на мазырскай зямлi. За мiнулыя адзiнаццаць год у творчым змаганнi на фестывальных сцэнiчных пляцоўках прынялi ўдзел больш за дзве тысячы маладых выканаўцаў з Японii, Францыi, Румынii, Славакii, Балгарыi, Македонii, Германii, Турцыi, Лiтвы, Эстонii, Латвii, Грузii, Казахстана, Малдовы, Кiргiзii, Расii, Украiны i Беларусi.

Што ж да творчасцi, то варта заўважыць:  менавiта «Зямля пад белымi крыламi» разам з iншымi значнымi культурнымi падзеямi, што адбывалiся на зямлi Мазыршчыны, у свой час далi крылы для высокага творчага палёту цэламу шэрагу яркiх мазырскiх зорачак, iмёны якiх сёння ведаюць не толькi ў роднай Беларусi, але i далёка за яе межамi. Згадаем некаторыя з iх: Ксенiя Сiтнiк, Ягор Ваўчок, Андрэй Кунец, Мiхаiл Лiла...

— Цi засталiся ранейшымi галоўныя крытэрыi адбору ўдзельнiкаў фестывалю?  Хто цяпер будзе ацэньваць таленты юных танцораў i вакалiстаў?

— Крытэрыi адбору застаюцца нязменнымi: высокае выканаўчае майстэрства, яркi сцэнiчны вобраз, нацыянальны каларыт выступленняў.  Для ўдзелу ў конкурсе было даслана звыш 300 заявак. Экзамен адбору вытрымалi, апрача юных талентаў з Мазыра, 10 вакальных груп, 46 выканаўцаў, 14 харэаграфiчных калектываў з 12 краiн свету, усяго ж на сцэнiчныя пляцоўкi фестывалю выйдзе каля паўтысячы канкурсантаў. Мiжнароднае прафесiйнае журы ўзначалiць прафесар Мiхась Дрынеўскi, мастацкi кiраўнiк Дзяржаўнага акадэмiчнага хору iмя Генадзя Цiтовiча, а ў яго склад увойдуць прадстаўнiкi шэрагу замежных краiн. У чарговы раз з прыемнасцю адзначаем узрастанне iнтарэсу да фестывалю i нашага горада ўвогуле, што абуджаецца ў замежных дзяржавах  ранейшымi ўдзельнiкамi «Зямлi пад белымi крыламi». Вось i ў гэты раз член журы папярэдняга фестывалю Янiс Урвiш з Латвii вязе ў Мазыр цудоўны народны дзiцячы харэаграфiчны калектыў «Дзiнтарыс», эстафету папярэд­нiкаў пераймае на сёлетнiм фестывалi i калектыў танца з Баку «Междуса»...

— Як горад рыхтуецца да прыёму юных талентаў i гасцей? Што новае прапануе ўдзельнiкам i гледачам праграма VI Мiжнароднага фестывалю «Зямля пад белымi крыламi»?

— На чале аргкамiтэта фестывалю — старшыня райвыканкама Анатоль Васiльевiч Лiс. Практычна ўсе фестывальныя дэлегацыi ўжо прыбылi ў Мазыр, арганiзавана вырашаны пытаннi па стварэннi для iх добрых умоў пражывання, харчавання, вызначаны месцы для правядзення рэпетыцый, конкурсныя ж праграмы i гала-канцэрт пройдуць на лепшых гарадскiх пляцоўках, у палацах культуры — гарадскiм i нафтаперапрацоўчага завода. Вялiкi аб’ём работы прыпаў на тры рэжысёрска-пастановачныя групы на чале з мастацкiм кiраўнiком i галоўным рэжысёрам фестывалю Людмiлай Панiнай.

Адна з навацый фестывальных дзён такая: пасля правядзення мiтынгу-рэквiема   каля памятнага знака «Ахвярам Чарнобыля» дзiцячыя калектывы i выканаўцы выступяць перад жыхарамi аграгарадкоў Мазыршчыны. Члены журы ў сваю чаргу дадуць майстар-класы для ўдзельнiкаў конкурсных праграм.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter