Што трэба ведаць тым, хто вырашыў павянчацца ў царкве або касцёле

“І будуць двое адным целам”

Можна па-рознаму ставіцца да вянчання. Адны лічаць яго занадта сур’ёзным крокам, які патрабуе абдумвання і правераных часам адносін. Іншыя бяруць шлюб толькі па загадзе моды або з-за прыгажосці абраду. Трэція не прымаюць сумеснае жыццё без вянчання зусім, лічачы гэта вялікім грахом. Але, мабыць, амаль усе адчуваюць, што вянчанне — гэта вельмі хвалюючае, трапяткое і ў той жа час ўрачыстае дзеянне. І ў праваслаўнай царкве, і ў каталіцкім касцёле існуе шэраг правілаў і ўмоў, без якіх немагчыма правядзенне вялікага сакраменту шлюбу. Так што, калі вы адчуеце неабходнасць блаславення вашага саюзу і прызнання ўзаемнай любові і вернасці перад Богам, трэба абавязкова ўлічваць гэтыя правілы і ўмовы.

Пад вянец — пасля загса

Першае, што неабходна зрабіць, прыняўшы рашэнне павянчацца, — звярнуцца ў храм. Каталікам гэта трэба зрабіць за тры месяцы да запланаванай даты вянчання, праваслаўным — за два-тры тыдні. Такая розніца ў часе тлумачыцца тым, што жаніху і нявесце каталіцкага веравызнання давядзецца прайсці спецыяльнае навучанне, разлічанае на некалькі заняткаў, а ад праваслаўных патрабуецца толькі адзінкавая гутарка з бацюшкам.



У касцёл маладыя павінны будуць прынесці перад шлюбам пасведчанні аб хросце, першай Святой Камуніі, сакраменце канфірмацыі, а таксама пашпарты. У праваслаўнай царкве
папросяць толькі пашпарты. Але ж у абаіх выпадках у пашпартах павінны стаяць штампы аб рэгістрацыі шлюбу ў загсе. Дарэчы, зарэгістраваць шлюб можна і ў дзень вянчання, тады пра гэта трэба паведаміць пры запісе на вянчанне. У некаторых выпадках могуць дазволіць павянчацца і перад афіцыйнай рэгістрацыяй шлюбу, аднак у храм трэба будзе прынесці даведку з загса аб назначаным часе рэгістрацыі.

Падыходзяць не ўсе дні

Калі нявеста з жаніхом жадаюць павянчацца ў дзень рэгістрацыі шлюбу, ім варта ведаць, што вянчанне праводзіцца толькі па вызначаных днях тыдня. Гэта важна ўлічыць пры планаванні даты шлюбу.

У каталіцкім касцёле вянчаюць ва ўсе дні, акрамя пятніцы, якая лічыцца ў каталікоў днём пакуты і пакаяння. У праваслаўнай царкве абрад вянчання праводзяць у панядзелак, сераду, пятніцу і нядзелю. Недапушчальна вянчанне і ва ўсе дні посту.

— Пост — час устрымання ў шлюбных адносінах, таму Царква не бласлаўляе шлюб у гэты час, — тлумачыць протаіерэй Яўген Свідэрскі. — На жаль, нярэдка можна ўбачыць карціну, калі ў перыяд посту да храма пад’язджае шлюбны картэж і маладыя, якіх суправаджаюць гучныя галасы і агульны смех, ідуць у храм. Такі ўчынак будзе выклікаючым не толькі для вернікаў, але і для простага прыстойнага чалавека.

Сем разоў падумайце

Вянчанне — вельмі сур’ёзная і адказная падзея, якая патрабуе шмат разважанняў і абдумванняў.

— Пачуццё закаханасці, узаемнае захапленне перад шлюбам могуць стварыць ілюзію таго, што любыя праблемы абмінуць менавіта гэту новую сям’ю. Ад моманту знаёмства да моманту шлюбу павінна прайсці дастаткова часу, каб жаніх і нявеста мелі магчымасць добра пазнаёміцца, навучыцца шукаць паразуменне ў цяжкія моманты, — раіць ксёндз Кірыл Бардонаў. — Гэта дапаможа потым са шчырым сэрцам захаваць абяцанне любові, вернасці і пашаны ў “шчасці і няшчасці, у здароўі і хваробе ажно да канца жыцця”.
Акрамя глыбокіх разважанняў, жаніху і нявесце варта падрыхтаваць сябе да вянчання постам (толькі ў праваслаўных), малітвай, споведдзю і прыняццем Святой Камуніі, або Святога Прычасця.

Пра пярсцёнкі і не толькі

Падрыхтавацца да вянчання варта не толькі духоўна. Калі каталікам на вянчанне неабходна прынесці толькі пярсцёнкі, то праваслаўным — яшчэ і абразы Хрыста Выратавальніка і Найсвяцейшай Багародзіцы, вянчальныя свечкі, ручнікі — пад ногі і для перавязвання рук. Карысна ведаць, што ў царкоўных лаўках можна набыць адразу цэлыя вянчальныя наборы.

Варта не забыць і пра двух сведкаў, якія павінны прысутнічаць пры вянчанні і ў касцёле, і ў царкве. Неабходна ўлічыць, што па каталіцкіх канонах веравызнанне сведак шлюбу не мае істотнага значэння. А згодна з праваслаўнымі правіламі яны абавязкова павінны быць праваслаўнымі і пажадана ўцаркоўленымі людзьмі.

“Што Бог злучыў, чалавек няхай не разлучае...”

Сур’ёзнасць вянчання тлумачыцца яшчэ і тым, што яго нельга так проста скасаваць, як шлюб у загсе. Па каталіцкіх канонах, заключанае сужэнства не можа быць разарвана ніякай людской уладай і ні па якой прычыне, акрамя смерці. Часам шлюб, заключаны ў касцёле, можа быць ануляваны, але толькі ў тым выпадку, калі будзе даказана, што ён па пэўных прычынах ад самага пачатку быў па сваёй сутнасці несапраўдны.

У праваслаўі дапускаецца скасаванне шлюбных саюзаў, асвечаных царквою, аднак прычыны для гэтага павінны быць досыць сур’ёзныя. Сярод іх, да прыкладу, пралюбадзейства, няздольнасць да шлюбнага сужыцця, замах на жыццё або здароўе жонкі альбо дзяцей, невылечная цяжкая душэўная хвароба і гэтак далей.

ДАРЭЧЫ

Што апрануць

Калі для рэгістрацыі шлюбу ў загсе маладыя могуць выбраць любое адзенне, то вянчальныя строі павінны адрознівацца сціпласцю. Па традыцыі нявеста на вянчанні павінна быць апранута ў сукенку белага колеру, які з’яўляецца сімвалам чысціні і цноты. Акрамя таго, сукенка павінна быць максімальна закрытая, без глыбокага дэкальтэ, вялікіх разрэзаў і какетлівых сетачак. Выратаваць могуць накідка, шаль і пальчаткі. Вядома, галава нявесты ў царкве павінна быць пакрыта вэлюмам ці шалем. І на жаніху, і на нявесце падчас абраду вянчання павінны быць нацельныя крыжыкі.

Змешаныя шлюбы

У Беларусі доўгі час жывуць разам прадстаўнікі розных хрысціянскіх канфесій, і змешаныя шлюбы — досыць частая сітуацыя на тэрыторыі нашай краіны. Ні праваслаўная царква, ні каталіцкі касцёл не забараняюць вянчанне з ахрышчаным чалавекам іншай канфесіянальнай прыналежнасці. Але не ўсё так проста, як можа здацца на першы погляд. Каталіцкія святары дазваляюць вянчацца каталікам з праваслаўнымі або пратэстантамі, толькі на такі шлюб неабходна атрымаць асобны дазвол кампетэнтнай касцёльнай улады. Пры гэтым асоба каталіцкага веравызнання павінна засведчыць, што захавае веру ў сужэнскім саюзе і зробіць усё магчымае, каб усе іх дзеці былі ахрышчаныя і выхаваныя ў веры каталіцкага касцёла, удакладняе ксёндз Кірыл Бардонаў.

Аднак праваслаўная царква не дае дазволу праваслаўным веруючым вянчацца ў касцёле. Часам бацюшка яшчэ можа даць згоду на шлюб у касцёле з каталіком дзяўчыне праваслаўнага веравызнання, аднак не хлопцу — праваслаўны хрысціянін можа ажаніцца на каталічцы толькі ў тым выпадку, калі вянчанне будзе здзейснена ў праваслаўным храме і дзеці іх будуць выхоўвацца ў праваслаўі. А яшчэ для такога вянчання неабходна атрымаць блаславенне кіруючага архіерэя вашай епархіі.

ЦІКАВА

А як у іншых рэлігіях?

У іудзеяў

Цырымонія вянчання ў іудзеяў называецца хупа — па назве спецыяльнага навеса, пад якім заключаецца шлюб. Сярод цікавых традыцый іудзейскага вянчання — памазанне ілба жаніха попелам, абыход нявестай сем разоў вакол жаніха, чытанне ктубы — шлюбнага пісьмовага абавязацельства жаніха перад нявестай і, нарэшце, надзяванне пярсцёнка на руку нявесты са словамі: “Ты прысвячаешся мне гэтым пярсцёнкам па законе Мошэ і народа Ізраіля”.

У мусульман

Ісламская цырымонія вянчання ніках прадугледжвае чатыры ўмовы, выканаўшы якія, закаханыя могуць аб’яднацца святымі вузамі шлюбу. На цырымоніі павінны прысутнічаць любы сваяк мужчынскага полу з боку нявесты і двое сведак-мужчын. Жаніх павінен выплаціць належны выкуп за нявесту — калым. І самае галоўнае — маладыя павінны хацець спалучыцца шлюбам і жыць сямейным жыццём. Ніках можа праводзіцца як у мячэці, так і дома. Мула зачытвае Каран, дае настаўленні для будучага сумеснага жыцця, пасля чаго некалькі дзён доўжыцца свята туй.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter