Музей Якуба Коласа ў Мінску атрымаў з Аргенціны каляндар з невядомым партрэтам народнага паэта

І ў Аргенціне шануюць Коласа

Каляндар з невядомай выявай народнага паэта прыляцеў да нас з заакіянскай краіны больш чым праз 70 гадоў
Культурныя сенсацыі прыходзяць часта адтуль, адкуль не чакалі. Здавалася б, што можа звязваць Якуба Коласа, 135-годдзе з дня нараджэння якога мы адзначаем сёлета, і далёкую Аргенціну? Тым не менш менавіта з гэтай заакіянскай краіны трапіў у музей народнага паэта ў Мінску беларускі ілюстраваны каляндар 1944 года. Ён быў выпушчаны па ініцыятыве беларускай дыяспары ў Аргенціне і мае на вокладцы графічны малюнак з выявай Коласа.


Невядомы раней партрэт класіка, здабыты ў юбілейны для яго год, несумненна, добры знак. Напамін пра сілу сапраўднага таленту, які пераадольвае кантыненты і адлегласці праз дзесяцігоддзі, напамін аб духоўных сувязях розных пакаленняў беларусаў, якія па тых ці іншых прычынах апынуліся далёка ад роднай зямлі. Пра гісторыю гэтай знаходкі распавёў першы сакратар Пасольства Беларусі ў Аргенціне Павел Міронаў:

— У Аргенціне існуе шмат клубаў славянскай культуры і яны вельмі папулярныя. Ёсць сярод іх і клубы беларускай дыяспары. Да аднаго з такіх — імя Вісарыёна Бялінскага — мае дачыненне Ганна-Марыя Ліс-Прыступа, прадстаўніца ў трэцім пакаленні выхадцаў са Стаўбцоўскага раёна. Яна і пажадала перадаць у пасольства асобнікі рэдкіх выданняў, у тым ліку каляндар з графічным малюнкам — выявай Якуба Коласа на вокладцы. Яго імя беларусы Аргенціны не забываюць. У іншым клубе, які носіць імя Максіма Горкага, ёсць куток беларускай культуры, працуе бібліятэка імя Якуба Коласа. Акрамя таго, да 135-годдзя паэта мы арганізуем выставу ў Буэнас-Айрэсе, якую прадаставіў Літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа. Мы робім усё, каб папулярызаваць беларускую культуру за 14 тысяч кіламетраў ад дома.

На жаль, працэсы глабалізацыі не спыніць, пакаленні змяняюцца, нашчадкі выхадцаў з Беларусі ўсё радзей выкарыстоўваюць рускую і беларускую мовы ў паўсядзённым жыцці, кажа Павел Міронаў:

— Нехта размаўляе ўжо толькі на іспанскай мове. Таму мы стараемся падтрымліваць любыя ініцыятывы, накіраваныя на падтрымку роднай мовы і нашай нацыянальнай культуры. Сёння славянская дыяспара ў Аргенціне налічвае 300 тысяч чалавек. Па нашых падліках, каля 5 тысяч з іх маюць беларускія карані.

— Калі я размаўляла з Ганнай-Марыяй па тэлефоне, яна нават заплакала, — успамінае дырэктар Літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа Зінаіда Камароўская. — Аказалася, што яе мама і бабуля родам са Стаўбцоўскага раёна, гэтак жа, як і я, як і Якуб Колас. Я нават трохі здзівілася: “Чаму вы плачаце? Вы ж нарадзіліся ў Аргенціне?” — “Гэта не замінае мне адчуваць сувязь з Беларуссю”, — адказала яна.

Дырэктар музея Якуба Коласа Зінаіда Камароўская і першы сакратар Пасольства Беларусі ў Аргенціне Павел Міронаў спадзяюцца, што ў далёкай краіне выстава стане значнай падзеяй.

— Зінаіда Мікалаеўна, у чым асаблівасць гэтага календара?

— У ім з трывогай і болем распавядаецца пра падзеі на гістарычнай радзіме паэта. Бо гэта 1944 год, ідзе вайна. Таму на вокладцы мы бачым партрэт Якуба Коласа невядомага пакуль нам мастака на фоне ахопленых полымем кніг. Гэта напамін і пра тое, што ў акупіраваным Мінску немцы знішчалі многія культурныя каштоўнасці, у тым ліку кнігі Коласа і Купалы.

— Да выставы, якая адкрыецца ў Буэнас-Айрэсе, мае дачыненне і ваш музей. Раскажыце пра яе.

— Выставы будзе нават дзве: адна — для пасольства, другая — для дыяспары. Мы перадаём Пасольству Беларусі ў Аргенціне кнігі, плакаты, мультымедыйныя матэрыялы. У наведвальнікаў з’явіцца рэдкая магчымасць пачуць голас паэта ў запісе. Я думаю, нашым землякам гэта будзе вельмі цікава.

Дарэчы, клуб суайчыннікаў імя Вісарыёна Бялінскага быў створаны ў 1951 годзе выхадцамі з Расіі, Беларусі і Украіны. Усяго ў Буэнас-Айрэсе дзейнічае сем рускіх клубаў. Яны названыя ў гонар класікаў, у тым ліку Пушкіна, Шаўчэнкі, Горкага і іншых літаратараў.

pepel@sb.by

Фота аўтара
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter