Гульня падымаецца ў неба

Прэзентацыя маляўнічай машыны адбылася ў аэрапорце Мінска
“Аб’яднанне намаганняў “Белавія” і Wargaming — паказчык таго, што ў нашай краіне вельмі шмат людзей, якія думаюць і працуюць сучасна і крэатыўна. І мы можам прасоўваць прадукт і паслугі нашых кампаній па ўсім свеце,” — растлумачыў ідэю сумеснага праекта генеральны дырэктар “Белавія” Анатоль Гусараў.


Для рэалізацыі гэтага крэатыўнага праекта выбралі сярэднемагістральны Boeing 737-300 з рэгістрацыйным нумарам EW-254PA. Аранжавая частка арнаменту мае форму танка. Акрамя таго, на бартах самалёта красуецца надпіс “Гульня з Беларусі, у якую гуляе ўвесь свет” на рускай і англійскай мовах, а таксама лагатыпы World of Tanks.

Каб намаляваць ліўрэю, патрацілі трыста літраў эмаляў і 450 квадратных метраў трафарэтаў. Размалёўвалі трынаццаць майстроў без перапынку на сон, у аэрадромным ангары ў чэшскай Астраве.

— Асноўная ідэя — паказаць, што гульня, вядомая ва ўсім свеце, родам з Беларусі. Толькі ў краінах СНД у яе больш за сорак мільёнаў фанатаў. Для іх будзе здорава апынуцца ў самалёце з такім брэндам, — лічыць кіраўнік адміністрацыі па СНД кампаніі Wargaming Дзяніс Варанкоў.

У бліжэйшы час абновяць і салон лайнера. Ён таксама стане тэматычным. Паводле слоў прадстаўнікоў “Бел­авія”, брэндзіраваны борт будзе эксплуатавацца два гады на ўсіх лініях.

Наша даведка

World of Tanks — камп’ютарны танкавы сімулятар. Распрацаваны беларускай студыяй Wargaming. У гульню рэжуцца геймеры ўсяго свету з 2010 года. Паводле слоў распрацоўшчыкаў, пры стварэнні быў задзейнічаны самы буйны бюджэт на тэрыторыі СНД. Сума, праўда, не выдаецца.

У гульні з максімальнай гістарычнай дакладнасцю прадстаўлены танкі Другой сусветнай вайны і сучасныя. У свеце налічваецца больш за 150 мільёнаў пастаянных гульцоў.

Аляксандр Піменаў
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter