Белорус прошел в финал эксперимента Sirius 18/19, имитирующего полет на Луну

Гульня ў імітацыю

Сабраліся сем рускіх, два амерыканцы і адзін беларус. Гэта не пачатак анекдота, а эксперымент SIRIUS 18/19 — сумесны праект Інстытута медыка-біялагічных праблем (ІМБП) Расійскай акадэміі навук і NASA HRP (Human Research Program). Удзельнікі эксперымента чатыры месяцы правядуць у ізаляцыі, дзе бу­дзе імітавацца палёт на Месяц. Было 70 кандыдатаў з усяго свету, але ў фінал выйшлі толькі 10. Сярод іх — супрацоўнік Цэнтральнага батанічнага сада НАН Данііл Дубар. Ён нам і расказаў падрабязнасці пра незвычайны эксперымент. 

Важнымі будуць псіхалагічныя, фізіялагічныя і псіхафізічныя даследаванні. Таксама даследаванні імунітэту, метабалізму, мікрабіялагічныя, санітарна-гігіенічныя і аперацыйна-тэхнічныя.
Фота Алега Валошына

Месяцы на Месяцы 

Зараз навучанне і трэніроўкі, а ў сакавіку — эксперымент: пералёт да спадарожніка Зямлі. Удзельнікам неабходна будзе абляцець яго, каб знайсці месца для прызямлення. Пасля — само прызямленне членаў экіпажа для правядзення аперацый на паверхні. Затым — знаходжанне на арбіце Месяца і дыстанцыйнае кіраванне месячным роварам для падрыхтоўкі базы. Пасля заканчэння эксперымента — вяртанне на Зямлю. Гучыць касмічна, ці не так? Але ўсё гэта імітацыя. Дзе ж будуць на самай справе знаходзіцца ўдзельнікі? Жыць і працаваць усе гэтыя 4 месяцы яны будуць у наземным эксперыментальным комплексе (НЭК) ІМБП, з якога не выйсці. Там ужо створаны ўсе ўмовы: устаноўлены сістэма падачы кіслароду і азоту, асвятлення для аптымальнага псіхафізіялагічнага стану экіпажа, лічбавае відэаназіранне. Вядома, будуць каюты, сталовая, прыбіральні, трэнажорная зала, душ, склад і іншае для жыцця. А што яны будуць бачыць вакол сябе? Імітацыю планет і месячнай паверхні, на якую, дарэчы, некаторыя будуць выходзіць у скафандрах.

Напэўна, самае галоўнае пытанне — для чаго ўсё гэта? На афіцыйным сайце праекта SIRIUS паведамляецца, што гэта даследаванне «па псіхалогіі і працаздольнасці чалавека ва ўмовах ізаляцыі павялічанай працягласці». Накіраваны праект на памяншэнне рызыкі ў рэальных касмічных місіях, будучых даследаваннях на МКС.

Ужо да сакавіка стане дакладна вядома, хто з дзясяткі ўвойдзе ў шасцёрку: камандзір экіпажа, бортінжынер, урач і тры даследчыкі, якія дакладна трапяць у эксперымент, а хтосьці будзе дублёрам. У любым выпадку, дзесяць кандыдатаў ужо ўдзельнікі даследавання. І сярод іх адзін беларус.

Падчас «месячнага» эксперымента, калі ўдзельнікі будуць жыць у ізаляцыі, будзе 8  гадзін на працу, яшчэ  8 на сон і 8 гадзін вольнага часу.
sirius.imbp.info

Па стане здароўя

З 13 студзеня Данііл Дубар жыве ў Расіі. З панядзелка па пятніцу ён ходзіць на працу не ў звыклую яму лабараторыю біяразнастайнасці раслінных рэсурсаў Цэнтральнага батанічнага сада НАН, а ў Інстытут медыка-біялагічных праблем РАН. Як так склалася, што ён трапіў у «месячны» эксперымент? Пачнём па парадку.

Я скончыў біялагічны факультэт БДУ, вучыўся на кафедры мікрабіялогіі. Яшчэ падчас вучобы на біяфаку ў 2007 годзе ўладкаваўся ў Інстытут генетыкі і цыталогіі НАН. Пасля былі магістратура і аспірантура. Мой навуковы кіраўнік магістарскай працы член-карэспандэнт, доктар біялагічных навук Уладзімір Ціток перайшоў працаваць у батанічны сад, праз нейкі час і я туды трапіў. Працую з 2011 года да гэтага часу, — успамінае, як пачаўся навуковы шлях, 32-гадовы Данііл Дубар. — У лабараторыі сада мы займаемся гаспадарча-карыснымі, рэзкаводарнымі і лекавымі раслінамі, рэдкімі знікаючымі відамі і чырванакніжнікамі — гэта асноўныя напрамкі.

У мінулым верасні, калі ў Мінску праходзіў Міжнародны касмічны кангрэс-2018, кіраўніцтву нашай Нацыянальнай акадэміі навук паступіла прапанова паўдзельнічаць у праекце SIRIUS. Савет маладых навукоўцаў, які дзейнічае пры прэзідыуме НАН, пачаў запрашаць кандыдатаў для ўдзелу ў гэтым праекце.

Звязаліся і са мной. Вядома, сказаў, што мне вельмі цікава і хацеў бы прыняць удзел у такім маштабным праекце. Падобных, у прынцыпе, было няшмат: «Месяц-17», «Марс-500», SIRIUS-17 і некаторыя іншыя. Безумоўна, трэба было прайсці сур’ёзны адбор. Яшчэ на этапе праверкі стану здароўя многія адсеяліся, — дзеліцца падрабязнасцямі Данііл. — Неабходна было прайсці поўны медагляд: здаць разнастайныя аналізы, прайсці дадаткова розных спецыялістаў.

Пасля таго як сабраў увесь пакет дакументаў, уключаючы сваё рэзюмэ, і адправіў яго, мне прыйшоў ліст пра тое, што дадатковы медагляд павінен прайсці ў спецыялістаў ІМБП. Менавіта ў гэтым інстытуце таксама правяраюць стан здароўя і ў касманаўтаў.

У лістападзе ён адправіўся ў Маскву — нашага прэтэндэнта агледзелі літаральна з усіх бакоў. Спецыяльная камісія вызначала, хто сапраўды гатовы стаць кандыдатам. Безумоўна, поўных патрабаванняў, як да пілотаў касмічных караблёў, не прад’яўлялі. Данііл прыводзіць прыклад: у касманаўтаў павінны быць выдалены гланды, а да ўдзельнікаў «месячнага» эксперымента такіх патрабаванняў няма — усё ж нікуды не ляцяць.

Праз некаторы час Даніілу прыйшло паведамленне: ён прайшоў адбор. Родныя і блізкія расхваляваліся, але пасля, вядома, падтрымалі: такі ўнікальны шанц упусціць нельга. Дарэчы, у дзясятку патрапілі 4 жанчыны і 6 мужчын. Сярод іх і лётчык-касманаўт Герой Расіі Яўген Тарэлкін, які лётаў на МКС разам з нашым касманаўтам Алегам Навіцкім.

Каманда вельмі цікавая — кожны чалавек унікальны прафесіянал, — хваліць напарнікаў Данііл. — Вось, напрыклад, у нас ёсць інжынер — выпрабавальнік скафандраў. Кожны дзень мы знаёмімся са спецыялістамі з галін, з якімі ніколі не сутыкаешся, вывучаем новае. Увогуле, сумаваць няма калі.

Данііл ДУБАР: «Сярод нас і лётчык-касманаўт Герой Расіі Яўген Тарэлкін, які лётаў на МКС разам з нашым касманаўтам Алегам Навіцкім».

500 старонак дванаццатым шрыфтам

Са студзеня пачалося новае займальнае жыццё, поўнае адкрыццяў. Да прыкладу, на пытанне, да якога самага цікавага эксперымента рыхтаваліся, Данііл губляецца ў выбары:

— Толькі навуковая праграма SIRIUS-18/19 складае каля 500 старонак дванаццатым шрыфтам. Спектр велізарны: фізіялогія, псіхалогія, псіхафізіялогія, мікрабіялогія, імуналогія і іншыя. Пасля ўсе даследаванні будуць размеркаваны паміж членамі экіпажа, а пакуль мы спасцігаем усё.

На­прык­­лад, нядаўна асвойвалі методыку УГД, а яшчэ кіраванне месяцаходам — гэта, вядома, была камп’ютарная сімуляцыя. На гэтым тыдні вучыліся карыстацца вертыкальнай бегавой дарожкай. Падчас самога эксперымента, расказвае Данііл, будзе мноства фізічных даследаванняў і нагрузак. Вынікі іх правядзення, як і навуковых даследаванняў, яны будуць перадаваць у ІМБП.

А пакуль у Данііла распарадак дня такі: пад’ём у 7 раніцы, на сняданак — кефір і кава. Затым знаёмства з графікам даследаванняў і заняткаў: яго высылаюць па пошце кожнаму ўдзельніку. Ідзе ў ІМБП, дзе навучанне праходзіць на дзвюх мовах — рускай і англійскай. Цікаўлюся, а ці ёсць вольны час? Так — пятніца і нядзеля. Гэты час ён аддае кандыдацкай дысертацыі і самаадукацыі. 

Працоўны дзень можа скончыцца ў 18.00, а можа і ў 16.00, — Данііл апісвае свае будні, а я ўдакладняю: кормяць іх там як? — Абедаем мы ў інстытуце. Ежа дыетычная — нічога смажанага, вострага. 

Пытаюся, ці не страшна, што комплекс, у якім будуць пражываць удзельнікі, зачыняць і адчыняць толькі праз 4 месяцы?

Усе рыхтуюцца вельмі старанна: і ІМБП, і NASA. У гэтым эксперыменце будуць вывучаць паводзіны экіпажа, у тым ліку ў няштатных сітуацыях, форс-мажорных абставінах. Напрыклад, будзе дэпрывацыя сну — хутчэй за ўсё, 36 гадзін. Мы таксама павінны будзем браць біяхімічны аналіз крыві ў такіх стрэ­савых сітуацыях, перадаваць дадзеныя ў ІМБП. Атрымліваецца, што, нягледзячы на тое што мы будзем даследчыкамі, мы адначасова будзем з’яўляцца аб’ектамі даследавання.

Ні мабільнай сувязі, ні інтэрнэту для ўдзельнікаў не будзе. Сувязь са знешнім светам будзе ажыццяўляцца з 30-секунднай затрымкай праз цэнтр кіравання палётамі, які знаходзіцца ў ІМБП. А ці можна будзе ўзяць з сабой што-небудзь на борт? Там будуць і ноўтбукі, і планшэты, і іншыя неабходныя рэчы. Але Данііл кажа, што хацеў бы ўзяць з сабой электронную кнігу, каб чытаць, і цвёрды дыск, калі пройдзе ў шасцёрку ўдзельнікаў SIRIUS 18/19. Пажадаем яму поспехаў!

kasel@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter