Гуканне вясны

З кожным днём сонца ўздымалася ўсё вышэй, больш працяглым станавілася светлая частка сутак. А пад нагамі па-ранейшаму макрэча змянялася ранішнімі маразамі. І паветра ўсё яшчэ сцюдзёнае ды золкае. Здаецца, усё навокал існавала і жыло ў напружаным чаканні таго, калі ж нарэшце вясна ўзарве паднябессе доўгачаканай песняй жаўранка, а зямля ажыве-зазвініць спевам-пералівам раўчукоў і гулкім гулам-скрыгатам крыгаходу на вялікіх рэках. А вясна марудзіла, не спяшалася. А можа, гэта зіма не хацела выпускаць са сваіх рук прыгажуню — багіню вясны Лялю. Чакалі, чакалі нашы продкі гэтай веснавой прыроднай сімфоніі, ды ў рэшце рэшт пачыналі брацца за сваю адвечную справу — гукаць вясну, клікаць яе, запрашаць з дапамогай магічных формул — песень-заклічак.

Благаславі, Божа,
Вясну заклікнуці,
Лета сустракаці!
Прыйдзі, вясна,
Прыйдзі красна!
Кожны радок гэтай песні заканчваецца працяглым выгукам выклічніка “Гу-у-у!”, з дапамогай якога выканаўцы пасылалі ў наваколле моцныя энергетычныя вібрацыі, якія, меркавалася, павінны абудзіць зямлю, наваколле, даляцець да птушынага выраю і свету памерлых продкаў. Зразумела, што найбольшага эфекту рэфрэн-узбуджальнік мог дасягнуць тады, калі абрад праводзіўся на ўзвышшах або іншых адкрытых прасторах. Калектыўная магія ўвогуле была адной з самых важных складовых частак каляндарных сямейна-родавых абрадаў беларусаў.
У адрозненне ад пераважнай большасці каляндарных свят, якія маюць дакладную па часе прымеркаванасць, гуканне вясны адзначалася ў розных геаграфічных зонах і нават невялікіх лакальна-рэгіянальных традыцыях у розны час. Амплітуда ваганняў часавой прымеркаванасці была даволі значнай — ад Масленіцы да другога дня Вялікадня. Такі вялікі дыяпазон рухомасці можна патлумачыць двума прычынамі. Па-першае, геаграфічна-кліматычнымі ўмовамі; па-другое, значным уплывам хрысціянскага календара і ўвядзеннем Вялікага посту. Якраз гэтыя фактары “прымусілі” вяскоўцаў выйсці за межы посту і сумясціць абрад “Гуканне вясны” з Масленіцай або прымеркаваць яго да значных свят хрысціянскага календара — Саракоў (дакладней, дня ушанавання Сарака севастыйскіх мучанікаў) — 22 сакавіка (9 сакавіка) і Дабравешчання (Благавешчання, Звеставання) — 7 красавіка (25 сакавіка). У той год, калі Вялікдзень святкавалі даволі рана (сакавік, пачатак красавіка) свята “Гуканне вясны” адзначалі на другі дзень яго святкавання, зноў-такі выходзячы за межы посту і саступаючы дарогу найвялікшаму святу Уваскрэсення Хрыстова.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter