Гукі з глыбіняў часу

Народныя майстры прадставілі адноўленыя старадаўнія музычныя інструменты на выставе “Заплакалі струны жывыя” ў Нацыянальным гістарычным музеіВыстава музычных інструментаў “Заплакалі струны жывыя” — першая ў жыцці маладога майстра Сяргея Чубрыка. Юнак прыкметна хваляваўся, калі расказваў наведвальнікам пра сваё захапленне народнай музыкай, знаёмства з сябрам і настаўнікам Аляксандрам Сурбам. Менавіта гэты таленавіты музыка падахвоціў хлопца не толькі граць на такіх рэдкіх сёння інструментах, як ліра ці дуда, але і ствараць іх. І вось нарэшце майстар зайграў на дудзе — чароўныя гукі паліліся ў залу...
Народныя майстры прадставілі адноўленыя старадаўнія музычныя інструменты на выставе “Заплакалі струны жывыя” ў Нацыянальным гістарычным музеі
Старадаўняя акарына ў руках майстра Івана Савельева гучыць меладычна, глыбока і таямнічаВыстава музычных інструментаў “Заплакалі струны жывыя” — першая ў жыцці маладога майстра Сяргея Чубрыка. Юнак прыкметна хваляваўся, калі расказваў наведвальнікам пра сваё захапленне народнай музыкай, знаёмства з сябрам і настаўнікам Аляксандрам Сурбам. Менавіта гэты таленавіты музыка падахвоціў хлопца не толькі граць на такіх рэдкіх сёння інструментах, як ліра ці дуда, але і ствараць іх. І вось нарэшце майстар зайграў на дудзе — чароўныя гукі паліліся ў залу...
Дзівосная музыка! Яна быццам заварожвае, пераносіць кудысьці далёка-далёка, і душа становіцца бязмежна вольнай, і шмат прасторы для думак. Гукі беларускай дуды ў нечым падобныя да голасу шатландскай валынкі. “Так склалася, што часам мы ведаем культурныя традыцыі іншых народаў лепш, чым свае, — гаворыць Сяргей Чубрык. — Аднак традыцыйная беларуская дуда куды больш старажытная, чым валынка”.
На экспазіцыі майстры прадставілі і ліры, і нават барабаны. Апошнія, дарэчы, вядомыя ў Беларусі з ХІІ — ХІІІ стагоддзяў. А як цудоўна гучаць мелодыі народных танцаў “Мяцеліца” і “Лявоніха” на гуслях! Так і хочацца пусціцца ў скокі. З кожным інструментам, між іншым, раней былі звязаны пэўныя павер’і і правілы.
Шмат загадак захоўваюць гліняныя свістулькі і акарыны. Спрадвеку яны лічыліся абярэгамі: іх гукі адганялі ад дома нячыстую сілу. Раней гэтыя простыя музычныя інструменты былі практычна ва ўсіх хатах. Іх умелі рабіць нават жанчыны і дзеці. На жаль, той досвед быў амаль забыты ў пасляваенны перыяд. Але сёння — адноўлены маладымі майстрамі. Так, кераміст Андрэй Мяцельскі з Дзяржынска вельмі ўдала спалучае набыткі народнага ганчарства і сучасныя дасягненні керамічнага мастацтва. Асабліва ён любіць вырабляць традыцыйныя акарыны, якія вызначаюцца адмысловымі формамі. Глінянымі музычнымі інструментамі захапляецца і Дзяніс Гром, яго свістулькі часта гучаць на канцэртах шэрагу фальклорных калектываў. А вырабы Івана Савельева і Наталлі Русіян — сапраўдныя творы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, узоры глінянай пластыкі.
Майстар Іван Савельеў адзначае, што мелодыі на акарыне падобныя да музыкі на флейце, толькі яны яшчэ больш мяккія. “Вельмі архаічнае, глыбокае гучанне двайной акарыны набліжае да мінулага, спрадвечнага, — упэўнены творца. — Гэта — гукі з глыбіняў тысячагоддзяў”.

Кацярына Мядзведская
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter