“Грозны”супраць “Мамая”
22.05.2009 01:00:00
Вядома, што калядны абрад “Цары” атрымаў папулярнасць на Белай Русі ў 1750-я гады. Салдаты і афіцэры расійскай арміі, знаходзячыся на пастоі ў вёсцы Семежава, у ноч на 14 студзеня (яе, дарэчы, яшчэ называлі “шчодры вечар”) хадзілі па вясковых хатах, віншавалі гаспадароў і разыгрывалі перад імі цікавыя сцэны. Вайскоўцы называлі сябе “царамі”, арганізоўвалі бітвы паміж “Іванам Грозным” і “Мамаем”. Былі ў гурце і “антыперсанажы”: Дзед і Баба, якія вельмі смяшылі гледачоў і на працягу ўсёй тэатралізаванай падзеі спрабавалі нешта “красці”. “Цары” хутка набылі велізарную папулярнасць, а традыцыі афіцэраў неўзабаве перанялі мясцовыя хлопцы, якія апраналіся ў падобнае адзенне і працягвалі “высвятляць адносіны” паміж легендарнымі “гасударамі”.
— Унікальнасць гэтага каляднага абраду ў тым, што ў 1997 годзе ён быў адноўлены і зараз праводзіцца ў Семежава кожны год, — патлумачыла “НГ” старшы навуковы супрацоўнік Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору НАН Беларусі кандыдат гістарычных навук Таццяна Кухаронак. — Гэта нематэрыяльнае праяўленне творчасці, складу жыцця толькі жыхароў пэўнай вёскі.
Нагадаем, што ў апошні час на Беларусі актывізавана работа па прадстаўленню матэрыялаў аб аб’ектах нематэрыяльнай спадчыны для Дзяржаўнага спісу гісторыка-культурных каштоўнасцей. Так, у Віцебскай вобласці гэты пералік уключае 18 пунктаў, на Міншчыне прэтэндэнтаў пакуль 16. Усяго па краіне ў гэты спіс трапіла 56 аб’ектаў нематэрыяльнай спадчыны.