“Грозны”супраць “Мамая”

Беларускі калядны абрад “Цары”, які на тэрыторыі нашай краіны ў вёсцы Семежава Капыльскага раёна ўзнік яшчэ ў XVIII стагоддзі, будзе прэтэндаваць на ўключэнне ў Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. Пра гэта паведамілі прадстаўнікі Міністэрства культуры Беларусі.Загадчыца сектара абароны гісторыка-культурнай спадчыны міністэрства Наталля Хвір расказала, што эксперты ЮНЕСКА ў Парыжы ўжо атрымалі неабходныя дакументы, аднак працэдура прыняцця рашэння па аб’ектах даволі складаная, таму пакуль што рана гаварыць пра нейкія тэрміны.

Вядома, што калядны абрад “Цары” атрымаў папулярнасць на Белай Русі ў 1750-я гады. Салдаты і афіцэры расійскай арміі, знаходзячыся на пастоі ў вёсцы Семежава, у ноч на 14 студзеня (яе, дарэчы, яшчэ называлі “шчодры вечар”) хадзілі па вясковых хатах, віншавалі гаспадароў і разыгрывалі перад імі цікавыя сцэны. Вайскоўцы называлі сябе “царамі”, арганізоўвалі бітвы паміж “Іванам Грозным” і “Мамаем”. Былі ў гурце і “антыперсанажы”: Дзед і Баба, якія вельмі смяшылі гледачоў і на працягу ўсёй тэатралізаванай падзеі спрабавалі нешта “красці”. “Цары” хутка набылі велізарную папулярнасць, а традыцыі афіцэраў неўзабаве перанялі мясцовыя хлопцы, якія апраналіся ў падобнае адзенне і працягвалі “высвятляць адносіны” паміж легендарнымі “гасударамі”.
— Унікальнасць гэтага каляднага абраду ў тым, што ў 1997 годзе ён быў адноўлены і зараз праводзіцца ў Семежава кожны год, — патлумачыла “НГ” старшы навуковы супрацоўнік Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору НАН Беларусі кандыдат гістарычных навук Таццяна Кухаронак. — Гэта нематэрыяльнае праяўленне творчасці, складу жыцця толькі жыхароў пэўнай вёскі.
Нагадаем, што ў апошні час на Беларусі актывізавана работа па прадстаўленню матэрыялаў аб аб’ектах нематэрыяльнай спадчыны для Дзяржаўнага спісу гісторыка-культурных каштоўнасцей. Так, у Віцебскай вобласці гэты пералік уключае 18 пунктаў, на Міншчыне прэтэндэнтаў пакуль 16. Усяго па краіне ў гэты спіс трапіла 56 аб’ектаў нематэрыяльнай спадчыны.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter