Паритетное сотрудничество агрогородка Грозово и столичного банка

Грозава: класічны палац на фоне сучаснага інтэр’ера

ПАЎТАРА стагоддзі таму вядомы беларускі вандроўнік Павел Шпілеўскі ў нататках «Падарожжа па Палессі і Беларускім краі», якія друкаваліся ў рускім часопісе «Современник», пісаў: «На даволі высокім месцы прыгожа раскінута мястэчка Грозаў і ў ім манастыр… З грамат Мінскай губерні відаць, што яно даволі старажытнае».


Пісьмова маёнтак упершыню ўзгадваецца ў першай палове ХVІ стагоддзя ў дакументах Слуцкага княства як уладанне магнатаў Алелькавічаў. У Вялікім Княстве Літоўскім ім валодалі Валадковічы, Радзівілы, Незабытоўскія, Межаеўскія, Вітгенштэйны, Гогенлоэ.

У ХVІІІ стагоддзі Грозава атрымала статус мястэчка, якое пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай стала цэнтрам воласці Слуцкага ўезда Мінскай губерні Расійскай імперыі. Шляхціц Марцін Валадковіч заснаваў Свята-Іаана-Багаслоўскі манастыр і праваслаўную царкву. За паўвярсты ад сялянскіх сядзіб дзейнічаў уніяцкі Нікольскі мужчынскі манастыр. Паўстаў у цэнтры паселішча мураваны касцёл. Працавалі млын, шынок, піваварня, некалькі пастаялых двароў, пошта. Удалае геаграфічнае становішча садзейнічала правядзенню кірмашоў. Адкрылася народная вучэльня.

На пачатку мінулага стагоддзя наладзілі выпуск прадукцыі вінакурны і медаварны заводы. Восенню 1920 года з беларускай міліцыяй быў створаны вядомы Грозаўскі полк.

Пасля ўсталявання савецкай улады мястэчка стала цэнтрам сельсавета Грэскага, а потым Капыльскага раёнаў, а пасля калектывізацыі — цэнтральнай сядзібай арганізаванага калгаса «Інтэрнацыянал». З верасня 1938 года Грозава зноў вёска.

У Вялікую Айчынную вайну нямецка-фашысцкія акупанты загубілі 421 мясцовага жыхара. У дзвюх брацкіх магілах пакояцца чырвонаармейцы і савецкія воіны, якія загінулі на франтах мінулага стагоддзя.

У вёсцы Канюхі нарадзіўся беларускі пісьменнік і грамадскі дзеяч Алесь Адамовіч.

На мясцовых кладах спачывае самабытная мастачка Алена Кіш, імя якой занесена ў Сусветную энцыклапедыю наіўнага мастацтва.

З 2000 года Грозава — аграгарадок Капыльскага раёна.

ШМАТ разоў да­во­дзілася бываць на Капыльшчыне, а за­вітаць у Грозава чамусьці не выпадала. І вось — сустрэча з аграгарадком, раскінутым на некалькіх пагорках сярод шырокіх палёў. Беларускай жытніцай называюць гэтыя мясціны. Рэкордныя ўраджаі збожжавых, кармавых і тэхнічных культур тут сталі нормай. Адным з першых у раёне Грозава атрымала статус аграгарадка. Тры гады таму сельвыканкам, які ўзначальвае Жанна Скрыган, перанесены ў вёску Камсамольскае — цэнтральную сядзібу ўнітарнага прадпрыемства “Прыартранс­Агра”. Дадалося клопатаў грозаўскаму старасце Мікалаю Корбуту. У старшыні сельвыканкама даведаўся, што працуе ён спецыялістам у псіханеўралагічным доме-інтэрнаце, куды я і накіраваўся.

Стараста аграгарадка Грозава Мікалай КОРБУТ.

Ад асфальтавай дарогі з Грозава на Грэск вузкая грэб­ля, паабапал абсаджаная старымі вербамі, прывяла праз невялікі лясок да белакаменных муроў былога панскага маёнтка. Разгалістыя дубы-веліканы, альтанкі, гіпсавыя скульптуры і цішыня надаюць падворку казачнасць. Паміж аднапавярховымі карпусамі забрукаваны ходнікі. На тэрыторыі пануе ідэальны парадак.

Некалькі прыступкаў — і спецыяльны пандус ля ўвахода ў аднапавярховы корпус. Прасторнае фае падобнае на зімовую аранжарэю. Вазонамі ўпрыгожаны падаконнікі светлых вокнаў калідора. У адным з пакояў праз расчыненыя насцеж дзверы ўбачыў за сталамі юнакоў і дзяўчат, занятых рукадзеллем, і іх выхавацеля.

Старшыня сельвыканкама Жанна СКРЫГАН.
Педагог Таццяна За­рэм­боў­ская расказала, што яна з суседняй вёскі Жукі. Трыццаць гадоў таму пасля заканчэння геафака Белдзяржуніверсітэта вярнулася дамоў настаўнічаць. Выкладала геаграфію ў школе-інтэрнаце, якая дзейнічала ў былым маёнтку. На базе яе чатыры гады таму адкрыўся псіханеўралагічны дом-інтэрнат, у якім утрымліваецца паўтары сотні інвалідаў. Працуюць тут у асноўным жыхары навакольных вёсак. З Канюхоў медсястра Таццяна Люцко, якая закончыла Слуцкі дзяржмедкаледж. Намеснік дырэктара па гаспадарчай частцы Віктар Корзун — выхаванец былой школы-інтэрната.

Перакваліфікаваўся вы­пускнік сталічнага тэх­на­ла­гічнага ўніверсітэта Мікалай Корбут. Шчыра расказваў саракагадовы Мікалай Анатольевіч пра сваё мінулае. У студэнцкія гады застаўся без бацькі. Трэба было падтрымліваць маці. Старэйшая сястра выйшла замуж і пераехала ў любанскае Урэчча. На канікулах сена нарыхтоўвалі для каровы, дровамі запасаліся на зіму. Пасля заканчэння вучобы па накіраванні паехаў працаваць у Мазыр. Адслужыў у пагранічных войсках і падаўся ў сталіцу. Але доўга там не затрымаўся. Вярнуўся дамоў. Маці Ганна Аляксееўна абрадавалася сыну. 

Некалькі гадоў Мікалай Анатольевіч кіраваў Домам культуры. Ажаніўся з мясцовай дзяўчынай Аленай. Нарадзіўся першынец Аляксандр. Прырасла сям’я і дзвюма дочкамі. Купілі сялянскі дом. З дзяржаўнай падтрымкай рэканструявалі яго. Займелі карову, свіней. У апошнія гады складана стала з выпасам, і карову замянілі козачкай. Чатырнаццацігадовы Аляксандр, дачушкі Кацярына і Вікторыя даглядаюць трусоў, курэй, дапамагаюць упраўляцца па хатняй гаспадарцы.

Пасля працоўнага дня хапае грамадскіх клопатаў у Мікалая Анатольевіча. Людзі звяртаюцца да старасты па розных пытаннях. Мікалай Анатольевіч імкнецца дапамагчы кожнаму. І на сваім падворку паспявае ўпраўляцца. Давёў да ладу куплены дом. Абнавіў сад. Гледзячы на яго старанні, і суседзі імкнуцца не адставаць. Зараз Мікалай Корбут заклапоча­ны газіфікацыяй агра­гарадка. Агітуе зем­лякоў уступаць у ка­аператыў.

Механізатар Аляксандр НЕРАНЕНЯ.

ПЕРШЫ намеснік старшыні Капыльскага райвыканкама Віталь Ракевіч задаволены, што падрыхтавана праектна-каштарысная дакументацыя на пракладку газаправода да Грозава. Ад вёскі Старыца, якая ўжо газіфікавана, да аграгарадка паўтара дзясятка кіламетраў. Праз год работу плануецца завяршыць. Бла­кітнае паліва атры­мае і малочна-таварны комплекс на 560 галоў буй­ной рагатай жывёлы, пабудаваны пры фінансавай падтрымцы Прыарбанка на ўскрайку Грозава. Кіруе ім выпускніца заафака Белдзяржсельгасакадэміі Ірына Бойка. Ірына Ула­дзі­міраўна расказала нам, што месяц таму ўсёй вёскай Заастравечча, дзе жыве яе сям’я, праводзілі ў армію двух сыноў. Раман служыць у Барысаве, а Максім — у Мар’інай Горцы.

Ветэран працы Аляксандра Рыгораўна МАТУС.

Пасля армейскай службы вярнуўся да бацькоўскага парога Юрый Полаз, з якім сустрэліся на жывёлагадоўчым комплексе. Юрый Іванавіч закончыў Мар’інагорскі дзяржаўны аг­рарны каледж і працуе спе­цыялістам па абслугоўванні электраабсталявання. Усе вытворчыя працэсы на комплексе камп’ютарызаваны. 

Побач з жывёлагадоўчай вытворчасцю — мехдвор філіяла “Лакнея” ўнітарнага прадпрыемства “ПрыартрансАгра”. Рамонтам сельгасмашын заняты ў зімовыя дні механізатары. Амаль усе яны выпускнікі сярэдняй школы. Прафесію трактарыста-машыніста ат­рым­лі­валі ў Ка­пыльскім дзяр­жаў­ным агра­ліцэі. Ме­ха­ні­затарамі сталі браты Аляксандр і Сяргей Неранені. Ад гаспадаркі атрымалі новыя катэджы.

Прызёр рэспубліканскай алімпіяды па працоўным навучанні Аляксандр ГАРАВЫ.

З Аляксандрам Нераненяй на яго легкавіку прадоўжылі вандроўку па Грозава і наваколлі. Па дарозе ён расказваў пра сваё жыццё. З вясны да позняй восені разам з братам заняты ў полі. Сеялі збожжавыя, даглядалі пасевы, убіралі ўраджай. Памочнікам на збожжаўборачным камбайне сёлета працавала жонка Таццяна Сяргееўна. Яна загадвае бібліятэкай. На час жніва брала чарговы водпуск. Больш за 700 тон зерня намалацілі. Я пацікавіўся, хто ж дома ўпраўляўся ў жніўны час?

Аляксандр Анатольевіч ус­міх­нуўся і з гонарам распавёў пра сына Уладзіслава. З маленства хлопчык прызвычаены да сялянскага побыту. У пятнаццаць гадоў ён сапраўдны гаспадар. Вучыцца ў дзявятым класе. Захапляецца машынамі. Спы­ніўшы легкавік каля сцен паўразбуранага панскага палаца ў цэнтры Грозава, Аляксандр Нераненя дадаў, што сам некалі незаўважна пры­звычаіўся да тэх­нікі.

Выхавацель Настасся БАРЫСЮК і яе памочнік Таццяна ВАСЦЬЯНАВА з дзецьмі на прагулцы.

УРАЖВАЕ ўнікальны архі­тэк­турны ансамбль класічнага стылю. Сваёй велічнасцю будынак надае значнасць паселішчу. Да высокіх круглых калон параднага ўвахода праз сквер вядзе доўгая алея.

Насупраць помніка мінуўшчыны праз шаты аголеных дрэў праглядаецца двухпавярховы будынак сярэдняй школы. У скверы ўсталяваны помнік. На гранітнай пліце, прымацаванай да каменя-валуна, выбіта: “Вечная памяць жыхарам вёскі Аксаміты, спаленым 23.02.1943 года за сувязь з партызанамі”.

Па алеі няспешна крочылі дашкаляты. Прыпыніліся ля сцен былога палаца і з непасрэднай цікавасцю разглядалі яго. Мы падышлі да іх, дзеці зычна павіталіся. Выхавацельніца Настасся Барысюк і яе памочнік Таццяна Васцьянава вывелі на прагулку сваіх падапечных. Пад перазвон дзіцячых галасоў Настасся Барысюк расказала, што трэці год пасля заканчэння Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта настаўнічае ў роднай школе. 

Загадчыца малочна-таварнага комплексу Ірына БОЙКА.

Вандруючы па аграгарад­ку, агледзелі му­ра­ва­ны гандлё­вы дом, пабуда­ваны ў пазамінулым ста­год­дзі. Прыгожы будынак пошты з чырвонай цэглы, праз вуліцу ўзвышаецца Дом культуры. Па гранітных прыступках прайшлі да параднага ўвахода ў высокі будынак, якому некалькі стагоддзяў. Мастацкі кіраўнік Яўгенія Леус узгадала багатую гісторыю пабудовы.

У 1802 годзе заможны шляхціц М. Барановіч прафінансаваў будаўніцтва касцёла ў Грозава. У другой палове ХIХ стагоддзя памяшканне пераабсталявана ў царкву Свяціцеля Мікалая Цудатворца. У канцы пяцідзясятых гадоў мінулага стагоддзя храм закрылі, а ў ім захоўвалі збожжа. Цяпер тут Дом культуры. Яўгенія Вітальеўна кіруе самадзейнымі артыстамі. Сталічную кватэру прамяняла на звычайны сялянскі дом продкаў у аграгарадку. Галоўным аграномам гаспадаркі быў дзядуля Уладзімір Захаравіч Леус, а бабуля Таццяна Мікалаеўна — галоўным эканамістам. Доўгі час іх дом пуставаў, і гэта не давала спакою Яўгеніі Вітальеўне. Лягчэй на сэрцы стала, калі вярнулася на падворак. Адрамантавала дом, навяла парадак у агародзе і садзе. Задаволена любімай працай у Доме культуры. Дачушка Ева вучыцца ў 7-м класе.

Мастацкі кіраўнік Дома культуры Яўгенія ЛЕУС.

Ні адна ўрачыстасць у аграгарадку і навакольных вёсках не праходзіць без удзелу самадзейнага калектыву. Расказала Яўгенія Вітальеўна, як на пачатку восені цёпла віталі іх жыхары райцэнтра на бульбяным фэсце. Зімовымі вечарамі выязджаюць з канцэртамі ў суседнія вёскі.

Пад адным дахам з Домам культуры і бібліятэка, якою загадвае Таццяна Нераненя. Маляўнічыя стэнды, прысвечаныя культуры і гісторыі роднага краю. На асобным з іх — кнігі таленавітага земляка Алеся Адамовіча, дзяцінства якога прайшло ў суседняй вёсцы Канюхі. Выстаўлены і выданні паэта, перакладчыка Валянціна Рабкевіча з вёскі Аксаміты. Убачылі мы і альбом, прысвечаны самабытнай мастачцы Алене Кіш, пра якую расказала бібліятэкар. Спецыяльнай адукацыі ў яе не было. Хадзіла па вёсках і малявала сялянам дываны. Вядомасць атрымала амаль праз тры дзесяцігоддзі пасля смерці, у 1978 годзе. На першай Рэспубліканскай выставе народных маляваных дываноў яе творы прадставілі браты Басалыгі. У вясковых дамах засталіся ўнікальныя вырабы мастачкі.

СЛАЎНУЮ традыцыю народнай творчасці працягвае моладзь. Прызёрам рэспубліканскай алімпіяды па працоўным навучанні сёлета стаў дзесяцікласнік Аляксандр Гаравы. Бацькі яго і сястра Вольга — жывёлаводы. Сям’я атрымала ад сельгаспрадпрыемства катэдж на Вішнёвай вуліцы. Забудавана яна ў асноўным новымі дамамі. Гаспадарка і надалей плануе ўзводзіць жыллё для хлебаробаў, педагогаў, медыкаў.

Помнік спаленай гітлераўцамі вёскі Аксаміты.

Маладымі грушамі, яблынямі, вінаградам акружаны дом сям’і дырэктара дзіцячага сада — сярэдняй школы Настассі Неранені. Яна расказала, што іх падворак прадстаўляў Грозава на раённым конкурсе-аглядзе. Адзначыўся сярод педагогаў раёна настаўнік-метадыст Ігар Дубіна. Ён распрацаваў сшытак па чарчэнні для навучэнцаў 9-х класаў, якім карыстаюцца ў іншых школах. Шмат новых ідэй у творчага педагога, як і ў жыхароў аграгарадка.

Закладзена капсула пад падмурак будучага праваслаўнага храма Свяціцеля Мікалая Цудатворца. У задумках грозаўцаў рэстаўрыраваць класічны мураваны палац — помнік архітэктуры ХIХ стагоддзя.

Капыльскі раён.

Фота аўтара.
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter