Грошы любяць цiшыню i рост

В Беларуси скоро начнет работать гарантийный фонд поддержки предпринимательства

Фінансавая і інфраструктурная падтрымка бізнесу – вось, бадай, дзве топ-тэмы, якія прагучалі на VIII Міжнародным форуме прадпрымальніцтва ў рамках Сусветнага тыдня прадпрымальніцтва ў Беларусі. Сёння каля паловы прыватных кампаній сутыкаюцца з праблемамі пры атрыманні крэдытаў. А гэта значыць, што акрамя стварэння спрыяльных умоў вядзення бізнесу павінны працаваць новыя інструменты фінансавання і падтрымкі. Адным з іх стане гарантыйны фонд. Пілотны праект будзе рэалізаваны Беларускім фондам фінансавай падтрымкі прадпрымальнікаў.
Пётр Арушаньянц.


Панэльная дыскусія «Новыя падыходы да фінансавання бізнесу праз экасістэму падтрымкі» выклікала небывалую цікавасць у гасцей форуму. Згодна з анлайн-галасаваннем, у якім бізнес прыняў удзел падчас дыялога, 17 працэнтаў рэспандэнтаў адказалі, што не звяртаюцца па фінансавую дапамогу. Генеральны дырэктар Беларускага фонду фінансавай падтрымкі прадпрымальнікаў Пётр Арушаньянц з усмешкай назваў гэтых людзей шчаслівымі. А калі сур’ёзна, то паніжаны попыт на крэдыты з боку бізнесу звязаны часцяком з тым, што ў кампаній не хапае сродкаў або няма закладнога забеспячэння. Аб стварэнні фонду падтрымкі, сродкі якога выступаюць га-рантыяй пад крэдыт, у краіне гаворка ішла даўно, аднак ушчыльную да яго распрацоўкі падышлі паўтара года таму.

— Гарантыйныя фонды працуюць усюды, і яны вельмі паспяховыя. Напрыклад, 30 працэнтаў выдадзеных у Расіі крэдытаў — з гарантыямі, у Еўропе гэтая лічба яшчэ большая. У нас у свой час ідэя не атрымала шырокага распаўсюджвання, паколькі ёсць пэўныя рызыкі. Мы іх прайшлі, выпрацавалі з банкамі механізмы і ўшчыльную падступілі да таго, каб заявіць і рэалізаваць пілотны праект.

Пётр Арушаньянц прызнаецца, што рызыкі пры рабоце фонду могуць быць даволі высокія як з боку спажыўцоў, так і з боку банкаў. Разам з тым ёсць шэраг інструментаў, якія дазваляюць механізму працаваць сумленна і адкрыта:

— Інструмент досыць складаны, трэба працаваць акуратна і выверана, крок за крокам. Таму я не буду зараз называць дакладны час, калі праект запрацуе. Аднак дзякуючы супрацоўніцтву з міжнароднымі арганізацыямі, я думаю, на выхадзе мы атрымаем механізм не толькі для Беларускага фонду фінансавай падтрымкі прадпрымальнікаў, але і для шырокага кола фінансавых інстытутаў.

Прадстаўнікі Белаграпрамбанка прызнаюць: такі механізм актуальны, а таму банк плануе актыўна яго выкарыстоўваць і заключае дамову з фондам. Дарэчы, фінустанова за апошнія гады выдала крэдыты амаль 800 стартапам на агульную суму каля 200 млн рублёў. Што да рызыкі па неплацяжах, то большасць крэдытаатрымальнікаў даволі адказныя, прызнаюць банкіры.

Намеснік старшыні праўлення Рускага Банка падтрымкі малога і сярэдняга прадпрымальніцтва Кірыл Сямёнаў распавёў, што цяпер, акрамя традыцыйных рэсурсаў (крэдыту і лізінгу), якія даволі лімітаваныя, ужо некалькі гадоў суседзі карыстаюцца рэсурсамі Нацыянальнай гарантыйнай сістэмы, механізмам сек’юрытызацыі крэдытнага партфеля (выпуск каштоўных папер у заклад крэдытаў). 

У іншым госці форуму, якія прымалі ўдзел у анлайн-галасаванні, прызнаюць: больш за ўсё інфраструктуры падтрымкі прадпрымальніцтва не хапае прывабных умоў для прыватных інвестыцый, адзінага каардынуючага цэнтра і дзяржаўнага фінансавання. Так што бізнесу і ўладам ёсць што абмяркоўваць і над чым працаваць.

konoga@sb.by

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
Загрузка...