Нашы мудрыя продкі ўмелі здабываць гукі з самых нечаканых прадметаў

Грэбень-мікрафон і саламяная дудка

Калі вы думаеце, што нашы бабулі і дзядулі толькі працавалі і да пагулянак ім не было ніякай справы, то моцна памыляецеся. Беларусы яшчэ той музычны народ! Без спеваў і музыкі раней не абыходзіўся ні адзін занятак — была гэта праца ў полі, мыццё бялізны на рацэ або ткацтва на кроснах у хаце. Не кажучы ўжо пра вячоркі, народныя святы і вяселлі. І гралі нашы продкі не толькі на вядомых нам гармоніках ды скрыпках



У Музеі гісторыі тэатральнай і музычнай культуры можна ўбачыць такія народныя музычныя інструменты, якія і інструментамі не адразу назавеш. У гэтым была фішка беларусаў — прыстасоўваць побытавыя рэчы пад нешта большае.

— Вось, да прыкладу, драўляны грэбень для часання лёну — ён большы за той, што выкарыстоўвалі для валасоў, — праводзіць экскурсію па экспазіцыі музея навуковы супрацоўнік Алеся Карпач. — Здавалася б, прычым тут музыка? Аднак варта нацягнуць паміж крайнімі зубамі грэбня ліст тонкай паперы, як ён ператворыцца ў першабытны мікрафон. У грэбень можна дзьмуць альбо спяваць. І калі атрымаць правільны вугал, то гучанее голасу павялічыцца прыкладна ў два разы.

Грэбень адносіцца да групы самагучальных народных інструментаў. Гэта значыць, тлумачыць Алеся, каб сыграць на іх, не абавязкова быць музыкай — проста бярыце ў рукі, патрэсвайце, паскрэбвайце, трыце ці дзьміце і атрымлівайце гук. Складана меркаваць пра канкрэтную дату нараджэння самагучальных інструментаў. Большасць з іх выраблена з дрэва, якое досыць дрэнна захоўваецца, таму археалогія тут не памочніца. Патрэбны пісьмовыя сведкі.

— Першыя звесткі пра беларускія музычныя інструменты знаходзім на старонках Радзівілаўскага летапісу XIII—XV стагоддзяў з выявамі скамарохаў, якія граюць на барабанах, пасвісцелях, рагах, а таксама ў Аршанскім Евангеллі XIII стагоддзя і “Кнігах Царстваў” Францыска Скарыны XVІ стагоддзя, — распавядае Алеся Карпач. — Музыказнаўцы сыходзяцца на думцы, што часам з’яўлення такіх інструментаў трэба лічыць XIV стагоддзе, але гэта магло адбыцца значна-значна раней.

Музыка ад... каня

Да самагучальных беларускіх інструментаў, на якіх могуць іграць нават дзеці, адносяцца таксама бразготка (“погремушка”) і трашчотка — рабрысты валік з ручкай, да якога прымацавана прамавугольная рамка з тонкім гнутым язычком. Раней трашчоткамі карысталіся начныя вартаўнікі і паляўнічыя ў час загону звяроў. Сёння ж іх, зробленых з пластыку, часцей за ўсё можна пабачыць на футбольных матчах.



Цікавасць выклікае і калотка — прамавугольная дубовая дошчачка з адтулінай пасярэдзіне, у якую ўстаўлена ручка. Да той яе часткі, што выступае паверх дошчачкі, прымацаваны дубовы малаток, які пры ўзмахах рукі круціцца і ўдараецца аб дошчачку. Калотка прымянялася вартаўнікамі для абвяшчэння вяскоўцаў аб нейкім нечаканым здарэнні. А вось для адагнання злых духаў нашы продкі выкарыстоўвалі кляшчотку. Яна атрымала сваю назву з-за гуку, які нагадвае клёкат бусла, і ўяўляе сабой мноства аднолькавых прамавугольных дошчачак, нанізаных, бы сушаныя грыбы, на вяроўку. Каб атрымаць гук, варта проста рухаць вяроўку ўверх-уніз, трымаючы яе ў абедзвюх руках.

— Да нескладаных самагучальных музычных інструментаў адносяцца бразготкі, або шархуны, якія ўяўляюць набор розных па велічыні пустацелых медных ці бронзавых шарыкаў са шрацінкай унутры. Яны маглі выкарыстоўвацца як асобны інструмент і як музычнае ўпрыгожванне для конікаў, — працягвае знаёміць з даўнімі музычнымі традыцыямі беларусаў Алеся Карпач.

Дуда — не валынка

Самым старажытным і адначасова простым духавым інструментам у беларусаў з’яўляецца гліняная свісцёлка. Цацкі-свісцёлкі знаходзяць на раскопках курганоў і гарадзішчаў яшчэ часоў жалезнага веку. Больш мадыфікаваная і цікавая варыяцыя свісцёлкі — акарына, якая трапіла да нас з Італіі. У Беларусі былі папулярныя дудкі, якія вырабляліся з чароту, трасцін бузіны і нават сцяблін саломы, і жалейкі — тая ж дудка, толькі з раструбам з рога быка ці дрэва.



Адзін з самых каларытных духавых інструментаў у беларусаў — дуда, якая складаецца са скуранога меха з маленькай трубачкай-соскай і некалькімі ігравымі трубкамі. Часам яе называюць разнавіднасцю валынкі. Але, як упэўнівае Алеся Карпач, у дачыненні да нашай краіны наогул лепш забыцца пра слова “валынка”:

— Па сваёй канструкцыі і па гучанні дуда і валынка вельмі адрозніваюцца. Гук у валынкі высокі, на ёй іграюць хуткія мелодыі, а на дудзе — павольныя, і гук у яе нізкі. Трубы, якія называюцца “бурдонамі”, у валынцы накіраваны ўверх, а ў дудзе — уніз, і яны маюць закругленні. Мех са скуры ў дудзе беларусы ніколі нічым не аздаблялі, а вось валынку за мяжой зацягвалі шатландскай тканінай.

Лічыцца, што дуда бытавала ў Беларусі ўжо ў XIII—XIV стагоддзях, але найбольшую папулярнасць атрымала ў XVI стагоддзі. Яна выкарыстоўвалася пры танцах, песнях, прыпеўках на сямейных і каляндарных святах, ігрышчах, кірмашах. На жаль, на доўгія гады гэты аўтэнтычны інструмент быў забыты. Рэстаўрацыя дударскай традыцыі пачалася толькі ў 1970-я гады. І сёння гэта адзін з любімых інструментаў у беларускіх этнагуртах.

Піяр для цымбалістаў

З цягам развіцця музычнай традыцыі на нашай зямлі пачалі з’яўляцца цэлыя ансамблі. Амаль на працягу трох стагоддзяў ігралі разам скрыпка, бубен і гармонік. Сугучча гэтых інструментаў, так званая траістая музыка, лічылася ў беларусаў найбольш гарманічным. Скрыпка трапіла да нас з Італіі. Музыкаў, якія гралі на скрыпцы, вельмі паважаў народ, асабліва тых, хто сам вырабляў інструмент. Былі вядомыя скрыпкі двух відаў — “даўбанка” і састаўная. “Даўбанка” выдзёўбвалася з суцэльнага кавалка дрэва, а састаўная складалася з асобных дошчачак і, як правіла, цанілася больш высока. Гармонік таксама запазычаны. Ён трапіў у інструментальную культуру Беларусі з розных краін і ў розных відах: з Германіі прыйшла “венка”, з Польшчы — “педалёўка”, з Расіі — “петраградка” і “хромка”.

— А вось бубен беларусы ні ад каго не запазычвалі, выраблялі самі, яшчэ з ХІ стагоддзя — проста абцягвалі драўляны абруч з аднаго боку скурай. І як паказваюць археалагічныя раскопкі, скурай не толькі казляняці або цяляці, але і старых сабак, — здзіўляе гістарычнымі фактамі Алеся і, заўважыўшы маю збянтэжанасць, дадае: — Не-не, не перажывайце, нашы экспанаты вырабленыя не з сабачай скуры.

Гармонік у ансамблі з часам замянілі цымбаламі. Цікава, што прыкладна два стагоддзі на іх ігралі толькі мужчыны.

— У XVIII стагоддзі існавала правіла, згодна з якім музыкам забаранялася сядзець, — расказвае навуковы супрацоўнік Музея гісторыі тэатральнай і музычнай культуры. — Цымбалы — інструмент досыць вялікі і цяжкі. І вось уяўляем сабе беларускае вяселле. Пачынаем ранкам і добра, калі скончым на наступны дзень. Жанчына проста не вытрымала б.

Вядома яшчэ адна традыцыя, звязаная з цымбаламі. Калі маладым падабалася, як іграе цымбаліст, то нявеста здымала са свайго вясельнага касцюма паясок і ўручала яго цымбалісту, каб той павесіў на інструмент. Так па колькасці паяскоў на цымбалах можна было вызначыць, якім майстэрствам валодае музыка і ці варта яго запрашаць на вяселле. Вось такі старажытны піяр-ход. А колькі яшчэ цікавага могуць расказаць сучаснікам народныя беларускія інструменты! Проста не трэба ленавацца пазнаваць сваю культуру і гісторыю.

КАРЫСНА ВЕДАЦЬ

Топ-3 цікавых беларускіх музеяў, дзе можна даведацца больш пра музычныя інструменты
Музей-сядзіба Міхала Клеафаса Агіньскага 
а/г Залессе, Смаргонскі раён, Гродзенская вобласць
Меламанаў павінна зацікавіць зала “Музыка Агіньскага”, дзе наведвальнікі могуць не толькі пабачыць музычныя інструменты XIX cтагоддзя, але таксама акунуцца ў жывую музычную атмасферу, якая панавала ў маёнтку пры жыцці вядомага кампазітара.

Гісторыка-культурны музей-запаведнік “Заслаўе”
г. Заслаўе, Мінская вобласць
“Музыка вячорак” на другім паверсе музейна-выставачнага комплексу знаёміць з музычнай культурай беларускіх вёсак і мястэчак. У вітрынах размешчаны музычныя інструменты, сабраныя з усёй Беларусі, у тым ліку гармонікі, цымбалы, скрыпкі, жалейкі, бубны, а экскурсія суправаджаецца арыгінальным аўдыязапісам народных ансамбляў.

Нацыянальны гістарычны музей Беларусі
г. Мінск, вул. К. Маркса, 12
У калекцыі музея прадстаўлены амаль усе групы музычных інструментаў: струнныя, духавыя, ударныя, клавішныя, электрамузычныя. Сярод рарытэтных экспанатаў — басэтля, народны кантрабас, інструмент, які сёння амаль нідзе не захаваўся.

Ольга ЖДАНОВИЧ
Фото автора

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter