Грай, гармонік! Раней без яго не абыходзілася ніводнае свята, а ў доме Кашанскіх і сёння ён часта гучыць

Жыхар вёскі Ходунь Клімавіцкага раёна Мікалай Кашанскі — музыкант-самавучка. Здольнасці перадаліся яму ў спадчыну ад дзядзькі, які ў акрузе лічыўся добрым гарманістам.

Жыхар вёскі Ходунь Клімавіцкага раёна Мікалай Кашанскі — музыкант-самавучка. Здольнасці перадаліся яму ў спадчыну ад дзядзькі, які ў акрузе лічыўся добрым гарманістам. — Шасцігадовым хлопчыкам я мог рукамі адбіць розныя мелодыі. Гадзінамі слухаў, як граў дзядзька. Бацька бачыў маю цягу да музыкі. Каб развіваць мае музычныя здольнасці, купіў мне губны гармонік. А пазней — сапраўдны гармонік, які зрабіў майстар па індывідуальным заказе. Каштаваў ён роўна столькі, колькі і карова. Доўга збіралі грошы. Дапамаглі і сваякі. Я, каб унесці ў пакупку свой уклад, працаваў у калгасе. На наша шчасце, майстар прадаў нам музычны інструмент намнога танней, і вось чаму. Ён зрабіў шэсць гармонікаў. Сыграў для мяне на адным з іх. Потым аднёс усе ў іншы пакой і пачаў па чарзе граць на кожным з шасці. Мне трэба было ўгадаць гукі свайго гармоніка. І ў мяне гэта атрымалася, — расказвае Мікалай Антонавіч. На колькіх вечарынках, вяселлях, провадах у армію і іншых святах іграў на гэтым гармоніку Мікалай Кашанскі!

— На вечарынку збіраліся жыхары з пяці-шасці суседніх вёсак. Моладзь танчыла і спявала песні. Чаго толькі не давялося граць — вальс, твіст, сямёнаўну, лявоніху, падыспань... Калі вяртаўся дамоў з вечарынкі, заўсёды граў. Мама мой гармонік чула нават за чатырнаццаць вёрст, вось як гучаў ён, — узгадвае маэстра. І са сваёй будучай жонкай Марыяй Васільеўнай Мікалай Антонавіч пазнаёміўся на танцах. Ён адразу заўважыў сімпатычную дзяўчыну са звонкім голасам. Папрасіў сябрука падмяніць яго і сыграць вальс, а сам запрасіў прыемную незнаёмку на танец. З таго моманту і пачалася гісторыя іх прыгожага кахання. Хутка Мікалай пайшоў у армію. Служыў у танкавых войсках. Калі другі раз прыйшоў у водпуск, згулялі вяселле. І вось яны разам ужо больш як сорак гадоў. Выхавалі сына і дачку. Дачакаліся двух унукаў. Музыка звязала лёсы Мікалая Антонавіча і Марыі Васільеўны. З песняй яны сябруюць доўгія гады, удзельнічаюць у мастацкай самадзейнасці. Гармонік і сёння часта гучыць у доме Кашанскіх.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter