Грант на “Беларускае вяселле”

На фэст, які зладзіла Беларускае зямляцтва на Алтаі супольна з мясцовымі ўладамі, прыехалі творчыя гурты з Томска і НовасібірскаЯк вядома, сацыяльная актыўнасць беларускіх суполак за мяжой залежыць і ад таго, ці ўдаецца ім узаемадзейнічаць з мясцовымі ўладамі. Бо не сакрэт: на значныя культурныя акцыі патрэбны і сродкі адпаведныя. Дзе іх узяць? Яны могуць знайсціся ў мясцовым бюджэце, калі этнасуполка, назапасіўшы творчых сілаў, зможа, кажучы мовай эканамістаў, “вырабіць” арыгінальны сацыякультурны прадукт. А што гэта такое — ведаюць актывісты грамадскай арганізацыі “Беларускае зямляцтва на Алтаі”.
Сафія Антоненка з гуртом “Медуніца” з Томска На фэст, які зладзіла Беларускае зямляцтва на Алтаі супольна з мясцовымі ўладамі, прыехалі творчыя гурты з Томска і Новасібірска
Як вядома, сацыяльная актыўнасць беларускіх суполак за мяжой залежыць і ад таго, ці ўдаецца ім узаемадзейнічаць з мясцовымі ўладамі. Бо не сакрэт: на значныя культурныя акцыі патрэбны і сродкі адпаведныя. Дзе іх узяць? Яны могуць знайсціся ў мясцовым бюджэце, калі этнасуполка, назапасіўшы творчых сілаў, зможа, кажучы мовай эканамістаў, “вырабіць” арыгінальны сацыякультурны прадукт. А што гэта такое — ведаюць актывісты грамадскай арганізацыі “Беларускае зямляцтва на Алтаі”. “Напрыканцы ліпеня мы ладзілі фэст “Беларускае вяселле”, — напісала ў рэдакцыю Сафія Антоненка, старшыня праўлення суполкі. — Важна, што грант на добрую справу выдзеліў губернатар Алтайскага краю Аляксандр Карлін. Пэўна ж, мы таго вартыя! Бо наш праект быў прызнаны сацыяльна значным. А з такой падтрымкай і праграма фэсту атрымалася саліднай, цікавай, разнастайнай. У ім удзельнічаў самадзейны вакальны гурт беларусаў Барнаула “Вячоркі”, выступалі і запрошаныя намі госці з Томска і Новасібірска”.
Фэст пачаўся суботнім днём у парку “Сонечны вецер” з канцэрта беларускай песні. Вяла яго, дарэчы, сама Сафія Антоненка ў прыгожым нацыянальным строі. Больш за гадзіну доўжылася прадстаўленне. Сярод гледачоў — шмат моладзі, былі нават танцы пад беларускія рытмы. Спачатку Алена Дзедава, салістка Новасібірскага абласнога цэнтра беларускай культуры, спявала пра любоў да Беларусі, потым выступала вакальная група “Вячоркі”.
Далей Алена выйшла на сцэну ўжо з Валерыем Слізовым, пасля дуэта майстэрства паказвалі артысты народнага ансамбля “Сібірскі ўзор” з Новасібірска і вакальнага гурта “Медуніца” з Томска. Як магутны фінальны акорд прагучала песня-рэквіем “Белая Русь”, яе пранікнёна выконвалі ўсе артысты разам. Гледачы, сярод якіх былі і прадстаўнікі мясцовых улад, адміністрацыі Алтайскага краю, цёпла віталі артыстаў.
Пасля канцэрта гаспадары свята запрасілі ўдзельнікаў фэста на святочны абед, потым паказалі ім горад: пазнавальную экскурсію “Барнаул — сталіца Алтайскага краю” арганізавала мясцовае турбюро. Вечарам быў яшчэ канцэрт, у санаторыі “Сасновы бор” Першамайскага раёна.
Удзельнікі фэсту “Беларускае вяселле” ў Тальменскім раёнеНа другі дзень галоўныя дзеі фэсту перамясціліся ў Тальменскі раён. Як вядома, там пры аўтамабільнай трасе Барнаул—Нова-сібірск у 1975 годзе быў узведзены манумент “Алтай—Хатынь”, прысвечаны братанню рускага і беларускага народаў, зямлі Алтая з зямлёй “вогненнай вёскі” Хатыні. Артыстаў віталі прадстаўнікі краявой і раённай адміністрацый. Дырэктар Тальменскага краязнаўчага музея Людміла Смірнова расказала, як ствараўся манумент. Былі ўскладзены кветкі да яго падножжа, а Беларускае зямляцтва на Алтаі перадало каштоўныя экспанаты для мясцовага музея: мужчынскі і жаночы нацыянальныя строі і фотаальбом “Лагойскі раён, Хатынь”. Гучала ля манумента і прыгожая песня пра Беларусь. Пазней артысты далі канцэрт і ў Тальменскім доме-інтэрнаце для састарэлых і інвалідаў.
Добрая справа, як бачым, згуртавала шмат людзей. У лісце ў рэдакцыю Сафія Антоненка выказвае ўдзячнасць тым, хто дапамог актывістам суполкі ладзіць фэст “Беларускае вяселле”, заўважае, што да яе землякоў на Алтаі ставяцца з вялікай павагай. У прыватнасці, Адміністрацыя краю бясплатна выдзеліла на час фэсту аўтобус “з вадзіцелем А. Наседкіным, вельмі ўважлівым да гасцей”, таму ўсе паездкі былі зручнымі і камфортнымі. Удзячна кіраўніца суполкі і дырэктару Тальменскага краязнаўчага музея Людміле Смірновай: яна ўзяла на сябе немалую частку фэставых клопатаў у раёне. “Асаблівая падзяка — журналістам з Тальменскага раёна, якія асвятлялі падзеі фэсту “Беларускае вяселле” не толькі ў мясцовых СМІ, але і перадалі відэаролік у тэлерадыёкампанію “Алтай”. І пра добрую справу беларусаў даведаўся ўвесь край”.

Іван Іванаў
На здымках:
Сафія Антоненка з гуртом “Медуніца” з Томска
Удзельнікі фэсту “Беларускае вяселле” ў Тальменскім раёне
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter