Гран-пры з-пад Гданьска

Заслужаны аматарскі калектыў Беларусі “Дударыкі” вярнуўся з Міжнароднага фальклорнага фэсту, які ладзіцца ў Польшчы, з высокімі ўзнагародамі
Заслужаны аматарскі калектыў Беларусі “Дударыкі” вярнуўся з Міжнароднага фальклорнага фэсту, які ладзіцца ў Польшчы, з высокімі ўзнагародамі

Юныя музыканткі гурта “Дударыкі”на рэпетыцыіМузыка Дмітрый Ровенскі, кіраўнік гурта, яшчэ з Польшчы падзяліўся радаснай навіной: “У нас Гран-пры!”. А калі самадзейныя артысты з 14-й мінскай гімназіі перад Днём ведаў вярнуліся з-пад Гданьска, расказаў цікавы эпізод пра “сілу думкі і слова”. Аказваецца, польскія сябры з фонду “Цэнтр дыялогу культур імя Якуба Коласа” (Fundacja “Centrum Dialogu Kultur” im. Jakuba Kołasa) ужо не першы раз запрашалі адметны, любімы імі гурт на свае імпрэзы, канцэрты Міжнароднага фэсту фальклору “Бацькоўская вёска” (Światowy Festiwal Folkloru „Fathers’ Village”), які праводзіцца амаль дваццаць гадоў. “Фэст, дарэчы, доўжыцца некалькі месяцаў, з 15 мая па 15 верасня там заезды на курорт, дзе ўсё праходзіць, і збірае гурты з усяго свету. Мы прыехалі позна ўвечар пасяляцца пад Гданьск, у мястэчка Асіна, дзе на беразе возера размешчаны курорт “Сонечная паляна” (“Słoneczna Polana”), а нам кажуць: сёлета яшчэ ніхто Гран-пры не ўзяў… — згадвае Дзмітрый Дзмітрыевіч. — А я адразу: то нам будзе! З такім настроем і выступалі. Паказалі сябе найлепшым чынам, а вынікі конкурсу журы аб’яўляе — у нас Гран-пры! Вельмі рады ўсе былі. Нам уручылі дыпломы, залатыя кубкі, добрую фота- і відэаапаратуру. І мне яшчэ вельмі прыемна, што беларуская песня, музыка ў такой высокай цане на прэстыжным фэсце”.
Сёлета на фэсце выступала нямала гуртоў польскіх, з краін амерыканскага кантынента, з Турцыі, Ірана… Дарэчы, былі запрошаны на “Сонечную паляну” яшчэ гурты “Пінскія зоры” і “Калыханка” з Міханавіч, з-пад Мінска. А “Дударыкі” акрамя таго, што далі тры свае канцэрты па паўтары гадзіны, удзельнічалі ў гала-канцэрце ў Гданьску, пабывалі на экскурсіі ў Торуні, адпачывалі ў аква-парку Сопата, ігралі і спявалі на польскіх Дажынках ды іншых імпрэзах. За тое — іх вялікая ўдзячнасць дырэктару курорта Марыяну Казлоўскаму, заснавальнікам фонду “Цэнтр дыялогу культур імя Якуба Коласа” Яніне Франсуазе Быдолэк-Пэйнот (Bydołek-Peynot) і яе мужу, а таксама прэзідэнту фэсту Яраславу Выгнанскаму і яго намесніку Міхалу Пільху.
Дарэчы, а чаму гэта польскі Цэнтр дыялогу культур носіць імя нашага знакамітага класіка? “Калі ў 2011-м ладзілі мы экспазіцыю, прысвечаную Якубу Коласу, у Хэлмна пад Гданьскам, у Музеі зямлі Хэлмнскай, да нас падышоў адзін цікавы чалавек, — згадвае дырэктар Коласаўскага музея Зінаіда Камароўская. — Ён расказаў: у Хэлмне ёсць фонд, заснаваны ў 2009 годзе ягонай жонкай для міжнароднага супрацоўніцтва ў галіне культуры, адукацыі і абароны еўрапейскай культурнай спадчыны. Я спытала: а чаму фонд носіць імя Якуба Коласа? Аказваецца, ім з жонкай трапіла неяк коласаўская паэма “Новая зямля”, выдадзеная на трох мовах, і яны, чытаючы яе, былі настолькі ўражаныя творам, што і назвалі свой фонд імем беларускага Песняра”.

Іван Ждановіч

На здымку:
Юныя музыканткі гурта “Дударыкі”на рэпетыцыі
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter