Гран-пры ў Харватыi

З блiскучай перамогай вярнуўся на радзiму калектыў Беларускага тэатра «Лялька» з Вiцебска. У напружаным творчым сапернiцтве на Мiжнародным фестывалi тэатраў лялек у горадзе Заграбе, сталiцы Харватыi, нашы артысты здолелi атрымаць Гран-пры. Адным з першых з такой прыемнай падзеяй вiцебскiх лялечнiкаў павiншаваў карэспандэнт «Р». У размове з мастацкiм кiраўнiком Беларускага тэатра «Лялька» Вiктарам Клiмчуком i загадчыкам лiтаратурнай часткi Вiкторыяй Дашкевiч удалося пачуць падрабязнасцi. У сталiцу Харватыi з’ехалiся лепшыя лялечныя калектывы з Iталii, Францыi, Германii, ЗША. Нашу краiну прадстаўлялi Беларускi тэатр «Лялька» з Вiцебска, Гродзенскi лялечны тэатр i артысты Акадэмii мастацтваў з Мiнска. У спектаклi артыстаў з берагоў Заходняй Дзвiны па творы Яна Баршчэўскага «Загубленая душа, або Пакаранне грэшнiка» быў задзейнiчаны чыста мужчынскi творчы калектыў. За два дзесяцiгоддзi свайго iснавання творчая трупа беларускай «Лялькi» з Вiцебска аб’ездзiла лiтаральна паўсвета. З трыумфам выступалi яны ў Германii, Францыi, Турцыi, Iсламскай Рэспублiцы Iран, Югаславii, Польшчы, Расii, Украiне, Малдове, Прыбалтыцы... Паўсюдна артысты з годнасцю праслаўлялi Айчыну, нацыянальны сцяг i наш таленавiты народ. Свой новы юбiлейны 20-ты тэатральны сезон калектыў беларускай «Лялькi» адкрывае на роднай сцэне прэм’ерай спектакля па казцы Сяргея Кавалёва «Пiлiпка i ведзьма».
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter