“Градавая” серада — “сухі” чацвер

На Палессі кожная серада ў перыяд паміж Вялікаднем і Ушэсцем лічылася градавой: “Ат самое Паски и да самага Ушэсьця кожда серада — спецыяльна ад града: ничаго не делають (не чапаюць ні зямлю, ні ваду). Градавая серада — свято варавитэе. Земли трогать не нада” (запісана ў Петрыкаўскім раёне).
Аднак найбольш пашырана традыцыя называць Градабойнай, або Градавой тры наступныя серады. Адна з іх — серада на Велікодным тыдні. Другая Градабойная серада — гэта серада перад Тройцай, перад Сёмікам: “Градовая сэрэда жывэ пэрэд Труйцэю”. Нарэшце, серада пасля Тройцы, на Русальным тыдні таксама называецца Градавой: “Эта ж яе треба сильна сьвяткаваць, каб град не йшоў”. У гэты дзень катэгарычна забаранялася працаваць пад пагрозай таго, што летняя навальніца магла спаліць хату, а град — нанесці шкоду градам і пасевам.
Назаўтра, у чацвер, выконваліся абрады процілеглага напрамку, аб чым даволі выразна гаворыць ужо сама назва дня — Сухі чацвер. Найбольш шырока вядома забарона на тыя ці іншыя работы, звязаныя з зямлёй: нельга капаць, сеяць, араць, саджаць, палоць, акучваць або якім-небудзь іншым спосабам “варушыць зямлю”. Парушэнне гэтых забаронаў пагражае засухай або гібеллю ўраджаю (“само пасохне”). У некаторых выпадках спецыяльна агаворваецца забарона на работы з цвітучымі агароднымі культурамі; параўнайце: “Сухый чэтвэр. Посля Паски и посля Труйцы мы нэ полэм, нэ робим ныц цвитючэго. Вот картошка, например, цвитэ, огурцы, мы йих нэ полэм. А шчо нэ цвитэ, то можно”.
У заходніх раёнах Палесся ў “сухія” дні забаранялася ставіць (гарадзіць) плот — баяліся “загарадзіць дождж”. Паўсюдна на Палессі ў сухі дзень прынята было прасушваць адзенне ад зімовай сырасці. Часам у гэтыя дні каля калодзежаў і святых крыніц ладзілі малебен. На самым захадзе і на самым усходзе Палесся існаваў звычай абліваць адзін аднаго вадой. Тое ж самае адбывалася ў сераду пасля Вялікадня. Рабілася гэта, каб лета было мокрым.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter