Госці з будучыні

Якую дарогу выбраць?
Якую дарогу выбраць? Сёння жыццё выпускнікоў можна параўнаць з сюжэтам народнай казкі. Ад таго, які шлях (чытай: прафесію) выберуць, залежыць іх будучыня. І глядзець трэба на перспектыву: ці будзе твая спецыяльнасць запатрабаваная праз 10-15 гадоў? Наш карэспандэнт паспрабавала высветліць, якія віды работы будуць у фаварытах і як адбываецца нараджэнне абсалютна новых прафесій.  


Па версіі Forbes, сярод прафесій будучыні ёсць, на першы погляд, прыземленыя — сядзелка, герантолаг, селекцыянер. Але ёсць і незвычайныя для нашага вуха — GR-менеджар, эксперт у сферы альтэрнатыўнай энергетыкі… А што думаюць нашы аналітыкі, якія спецыяльнасці будуць папулярныя ў краіне ў бліжэйшыя дзесяцігоддзі?

Аказваецца, з’яўленню новай спецыяльнасці ў даведніку для абітурыентаў папярэднічае цэлая чарга мерапрыемстваў. Не бывае такога, каб ВНУ без усякага на тое абгрунтавання адкрыла, скажам, падрыхтоўку спецыялістаў па кіберпратэзаванні. Любое новаўвядзенне трэба яшчэ аргументаваць. Атрымліваецца, ужо на гэтым этапе застаюцца самыя жыц­цеўстойлівыя спецыяльнасці, упэўнена Іна Багнюк, начальнік аддзела спецыяльнасцяў і кваліфікацый Рэспубліканскага інстытута вышэйшай школы: “Улічваецца мноства нюансаў: эканамічная сітуацыя, тэндэнцыі ў сферы занятасці, прагнозы запатрабаванасці. Новыя дзяржаўныя праграмы таксама становяцца штуршком для зараджэння незвычайных напрамкаў падрыхтоўкі будучых спецыялістаў. У выніку фарміруецца своеасаблівы пералік перспектыўных прафесій, якія будуць запатрабаваныя. А незапатрабаваныя, наадварот, знікаюць”.

Толькі за мінулы год з’явілася 19 новых спецыяльнасцяў. Іна Багнюк расказвае, як літаральна на яе вачах нарадзілася прафесія на стыку біялогіі, фармацэўтыкі і хіміі — біяфармахімік. Гэта і ёсць прафесія будучыні. Пакуль унікальнай спецыяльнасцю можна авалодаць у БДУ, але, улічваючы, якімі шалёнымі тэмпамі развіваецца беларускі лекавы рынак, у прафесіі ёсць усе шанцы застацца ў фаварытах.

Дзве сферы — праграмаванне і эканоміка — сфарміравалі аблічча яшчэ аднаго новага спецыяліста ў галіне электроннай эканомікі. З’явілася прафесія “эканаміст-праграміст”. Яна таксама будзе запатрабавана ў недалёкай будучыні, лічыць Іна Багнюк. Доўгае жыццё наканавана і прафесіі “спецыяліст па беспілотных авіяцыйных комплексах”. Не застануцца без працы праз дзясятак гадоў і магістры прыкладной біятэхналогіі, якія змогуць рабіць прадукцыю з прымяненнем ДНК і клетачных тэхналогій. Бясспрэчна будзе попыт на прафесіяналаў у галіне ядзернай энергетыкі.

Слухаеш назвы спецыяльнасцяў — і нібы глядзіш футурыстычнае кіно. На стале ў Эдуарда Каліцкага, першага прарэктара Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі, ляжыць атлас прафесій будучыні Маскоўскай школы “Сколкава”. Ён бярэ яго ў рукі: “Прагнозы здзіўляюць: “архітэктар жывых сістэм”, “генетычны кансультант”, “дызайнер віртуальнага свету”, “гульняпедагог”… Ёсць метад вызначэння спецыяльнасцяў будучыні: фарсайт — прадказанне. Але ўсё гэта папулісцкія рэчы”. На самай справе прафесіі вельмі жывучыя. Сама сутнасць застаецца, а змяняюцца ўмовы, працоўнае месца. Узяць для прыкладу прафесію даяра, разважае Эдуард Мечыслававіч. Функцыя што дзесяць гадоў назад, што сёння адна — атрымаць ад каровы малако. Але наколькі змяніліся падыходы. Сёння аператар машыннага даення ў ідэале павінен ведаць асновы праграмавання, заатэхнію, разбірацца ў кліматычных умовах і рацыёнах кармлення жывёл. Зайдзі на любую ферму — ёсць аўтаматызаваная сістэма. А некаторых кароў нават пад музыку дояць. Або яшчэ прыклад. Сучасны сантэхнік можа не адключаць ваду ва ўсім доме, а з дапамогай спецыяльнага ўстройства замарозіць вадкасць у месцы парыву. Або тэлекамерай праверыць стан труб. Таму так складана рабіць доўгатэрміновыя прагнозы, лічыць Эдуард Каліцкі. Дзесяць-пятнаццаць гадоў — і нават традыцыйныя рабо-чыя прафесіі зменяць сваё аблічча. Для нагляднасці прыводзіць прыклад. У краіне ўжо выпусцілі першы кар’ерны самазвал БелАЗ з дыстанцыйным кіраваннем. А што гэта значыць? Усё проста — праз некалькі гадоў, скажам, прафесія трактарыста трансфармуецца да непазнавальнасці. Трактарыст будзе прыходзіць у гальштуку і касцюме ў свой кабінет, націскаць кнопку — і трактар, які стаіць за 25 кіламетраў ад яго, будзе ўзворваць зямлю.

“І трактарыст, паверце, перад экранам будзе бачыць больш, чым ён бачыў бы праз лабавое шкло, — з энтузіязмам глядзіць у будучыню Эдуард Мечыслававіч. — Менавіта таму ў нашых прафесійных навучальных установах імкнуцца навучаць таму, чаго ў рэальным жыцці яшчэ не існуе. Нездарма ў нас створана 40 рэсурсавых цэнтраў з самым перспектыўным абсталяваннем, якое можна адшукаць толькі на спецыялізаваных выставах або за мяжой”. У 2014 годзе наша краіна ўпершыню стала ўдзельнічаць у своеасаблівых алімпійскіх гульнях па прафесіях — WorldSkills International. А летась Вольга Закрэўская, навучэнка Мінскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа швейнай вытворчасці, ужо атрымала медаль дасканаласці ў кампетэнцыі “Дызайн адзення”. Па сутнасці, гэта не спаборніцтва, а магчымасць зазірнуць у будучыню. Бо ў спаборніцтвах людзі розных прафесій выкарыстоўваюць самыя прагрэсіўныя метады работы. У наступным годзе наша краіна прадставіць 33 прафесіі.

Афіцыянтаў, фармацэўтаў, кіроў­цаў, спецыялістаў службы падтрымкі ў будучыні заменяць робаты .

— Калі ж гаварыць пра прафесіі будучыні, то актыўна развіваецца сфера паслуг. Машынабудаванне таксама выдатны варыянт. Гэта нашы бюджэтаўтваральныя прадпрыемствы, і яны хутка пераўзбройваюцца, — пералічвае перспектыўныя напрамкі Эдуард Каліцкі. — І вядома, нас чакае рэіндустрыялізацыя, рабатызаванне. Гэта, можна меркаваць, прывядзе да знікнення спецыялістаў сярэдняга ўзроўню кваліфікацыі.

У любым выпадку ўсе змены, якія адбываюцца, аўтаматычна становяцца штуршком для стварэння новых прафесій. Напрыклад, у 2014 годзе з’явіліся дзве новыя прафесіі — “сартавальнік другаснай сыравіны” і “наладчык аўтаматызаванага тэхналагічнага абсталявання ў жывёлагадоўлі (птушкагадоўлі)”. У мінулым — шэсць, якія датычацца работы на АЭС, удакладняе Алена Пешчанка, кансультант упраўлення арганізацыі і матывацыі працы галоўнага ўпраўлення працы і заработнай платы Мінпрацы і сацабароны. Таксама ў 2015-м уведзены тры пасады — аперацыйны лагіст, галоўны спецыяліст па рабоце з каштоўнасцямі, спецыяліст па рабоце з каштоўнасцямі, а ў 141 характарыстыку ўнесены змены і дапаўненні.

Алена Пешчанка тлумачыць: “Усе змены ў свеце прафесій і пасад адлюстроўваюцца ў Адзіным тарыфна-кваліфікацыйным даведніку работ і прафесій рабочых і Адзіным кваліфікацыйным даведніку пасад службоў-цаў”. Гэтыя даведнікі, як жывы арганізм, тонка рэагуюць на павевы часу.

Даведацца, якая сітуацыя складзецца на рынку працы ў будучыні, цяжка. Але ўжо сёння можна зрабіць сякія-

такія прагнозы. Таму не варта падаваць дакументы ў навучальную ўстанову, кіруючыся сумніўнай матывацыяй — абы паступіць. Значна лепшы варыянт — падумаць на перспектыву.

Таісія Азановіч
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter