Хуткасць 5G, галаграмы, робаты і дроны — чым яшчэ здзiўляе наведвальнікаў XXV Мiжнародная выстава «TИБO-2018»

Госцi з будучынi

Праспект Пераможцаў, 111а — канькабежны стадыён не пазнаць. Зіхатлівыя стэнды, шыльды, плакаты, над галовамі лётаюць дроны, па дыване рухаюцца міні-робаты. Учора тут адкрылася выстава юбілейнага форуму па інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогіях (ІКТ) «ТИБО-2018». Карэспандэнт «Рэспублікі» даведалася, што цікавае там прадстаўлялі.

Усё на выставе можна пакратаць і выпрабаваць
Фота Аляксандра КУШНЕРА

Да чаго перш падысці? Вельмі складанае пытанне. Убачыць хочацца ўсё. Знаёмлюся з самым маладым удзельнікам выставы — мінскім дзевяцікласнікам Ільёй Маркевічам. Школьнік стварыў прататып робата-сартавальніка — ён зроблены з канструктара Lego. У будучыні такіх робатаў можна выкарыстоўваць на заводах, складах для дастаўкі і сартавання тавараў. Галоўны плюс — ён цалкам аўтаномны. Ілья гаворыць, што ён мадэрнізуе сваю распрацоўку і пастараецца ўкараніць у жыццё. Нездарма ж хлопец выйграў у намінацыі «Тэхналогіі будучыні» ў конкурсе «100 ідэй для Беларусі».

Побач на стэндзе БРСМ размешчаны распрацоўкі студэнтаў — 3D-прынтар, квадракоптары і іншыя. Тут жа непадалёку студэнты каманды Scrawless са сваёй распрацоўкай партала, які дапамагае вучыцца дзецям з праблемамі дробнай маторыкі, — «Рэспубліка» раней пра іх ужо пісала. Хлопцы кажуць, што ўжо ў гэтым верасні будуць укараняць распрацоўку ў школы краіны.

Мінаем некалькі стэндаў — знаёмімся з распрацоўкамі ААТ «Віцязь»: яны прадстаўляюць стацыянарныя электразарадныя станцыі, прызначаныя для электрамабіляў. Начальнік сектара Тарас Клімчанка тлумачыць:

— Летась мы ўпершыню зрабілі мадэль электразараднай станцыі. А ў гэтым годзе ўжо лінейку станцый: з убудаванымі кабелямі, для еўрапейскага, амерыканскага і кітайскага рынкаў. Падлогавыя станцыі, а таксама насценныя — для гаражоў. Гэта для павольнага тыпу зарадкі — 2—2,5 гадзіны. Некалькі такіх станцый ужо стаяць на дарогах краіны, карыстаюцца попытам. Зарадка ад іх цяпер бясплатная. Ёсць тут і навінка — хуткая электразарадная станцыя, якая дазволіць «заправіць» электрамабіль за 20 хвілін.

Для наведвальнікаў арганізаваны яркія забавы
Фота БЕЛТА

Нацыянальная акадэмія навук прадставіла сістэму дыстанцыйнага маніторынгу стану сельгасугоддзяў, а таксама суперкамп’ютар, пра які мы таксама раней пісалі. Побач Інавацыйны фонд дэманструе пераможцаў інавацыйных праектаў. Напрыклад, робат, які дапамагае пераносіць прадметы; сістэма, якая ацэньвае стан лёгкіх і перадае даныя ўрачу; сістэма разумнага паліву раслін; мультыкуб, які можа рэзаць лазерам прадмет, друкаваць на 3D-друкарні і шмат іншага. 

Анансавалі на выставе і наш аналаг Google Maps! Уявіце сабе — гэта адкрыты для ўсіх карыстальнікаў інтэрнэту геаінфармацыйны рэсурс даных дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі, а канкрэтна — нашай краіны. 

Дзяржкамваенпрам прадставіў найноўшыя распрацоўкі па абароне інфармацыі. Напрыклад, ААТ «АГАТ — сістэмы кіравання» паказала рашэнні для кіравання паветраным і наземным рухам на тэрыторыі аэрадрома на базе «разумнага» пульта і многае іншае. Воблачны правайдар beСloud на сваім стэндзе дэманстраваў абсталяванне, якое працуе ў 5G. На месцы праводзілася тэсціраванне прататыпаў: хуткасць аднакарыстальніцкай загрузкі даных складала звыш 3 Гбіт/с! Уявіце, наколькі хуткай стане перадача даных у інтэрнэце. Яшчэ адна навінка, якую прадэманстраваў правайдар: інтэрнэт рэчаў, а дакладней — «разумны» лічыльнік электраэнергіі, які працуе на хуткасці LTE. Ён на месцы счытвае, колькі энергіі ў пэўным офісе, доме траціцца, і адразу адлюстроўвае ў дадатку.

Вельмі шмат на выставе фінансавых дадаткаў, мабільных сэрвісаў і рэсурсаў. Ёсць праграмы, якія паведамляюць аб аператыўнай інфармацыі на дарогах па даных дарожна-вымяральных станцый, а таксама «разумныя» сістэмы грамадскай бяспекі. На галоўным стэндзе «IT-краіна Беларусь» паказалі і расказалі пра будучыню — лічбавы ўрад. А кампанія TeslaSuit, якая стварыла касцюм віртуальнай рэальнасці, прадэманстравала «разумную» вопратку. Пералічваць усе распрацоўкі — газетных палос не хопіць. Але  ўсё можна ўбачыць на свае вочы — выстава працуе да 18 мая.

kasel@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter