Госці ў хату. Больш за 80 манастыроў, праваслаўных прыходаў, выдавецтваў і майстэрань з розных куткоў Беларусі, Расіі, Украіны, Грэцыі і Ізраіля стануць удзельнікамі 6-й духоўна-асветніцкай выставы “Пакроўскі кірмаш”.

Яна будзе праходзіць у сталічным Палацы мастацтва амаль два тыдні, з 9 па 17 кастрычніка. Кірмаш прыпадае на час святкавання Пакрава Прасвятой Багародзіцы. Традыцыйна гэта свята на Беларусі адзначаюць 14 кастрычніка яшчэ і як Дзень маці.
За 9 дзён у Мінску пройдуць семінары, лекцыі, гутаркі са святарамі, сустрэчы з пісьменнікамі, акцёрамі, навуковымі супрацоўнікамі, медыцынскімі работнікамі. Кожны дзень будзе праводзіцца акцыя “Спытайце ў свяшчэнніка”. Адной з галоўных падзей стане падрыхтаванае Беларускай праваслаўнай царквой і грамадскім аб’яднаннем “Беларуская асацыяцыя мнагадзетных бацькоў” узнагароджанне мнагадзетных маці медалямі прападобнай Еўфрасінні Полацкай. Наогул значнае месца ў праграме выставы зоймуць тэмы мацярынства, сям’і, шлюбнага жыцця, выхавання дзяцей.
Дзеля таго каб наведвальнікі выставы атрымалі магчымасць выбраць цікавыя падарункі хросным бацькам і матулям, ім будзе прапанаваны багаты выбар духоўнай літаратуры, іконы, вырабы з бяросты, лазы, дрэва і гжэльскага фарфору, хусткі з Арэнбурга, вопратка з натуральнага ільну. Адным з самых цікавых раздзелаў экспазіцыі стане “Трапеза”. Тут можна будзе пачаставацца стравамі праваслаўнай кухні, згатаванымі майстрыхамі з праваслаўных манастыроў і царкоўных прыходаў, купіць выпечку і натуральны пчаліны мёд, а таксама сабраныя ў экалагічна чыстых раёнах лекавыя травы і прыгатаваныя з іх бальзамы. Іншымі словамі, у арганізатараў форума, а гэта Беларуская праваслаўная царква, выставачнае аб’яднанне “Экспафорум” і ТАА “Экспасэрвіс”, будзе чым здзівіць гасцей самых розных узростаў і інтарэсаў.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter