У неба пад Мінскам уздымуцца 70 паветраных шароў

Горад вітае ў аблоках

У неба пад Мінскам уздымуцца 70 паветраных шароў. Неверагодна яскравае і эфектнае мерапрыемства — частка першага Фестывалю авіяцыйнага спорту, што пройдзе ў гэтыя выхадныя на аэрадроме Баравая. Усяго, кажуць арганізатары, тут збярэцца 200 спартсменаў-авіятараў з розных краін свету. Акрамя Міжнароднага кубка па паветраплаванню гледачоў чакаюць верталётныя гонкі, авіяшоу, масавы парашутны дэсант.


Імя ў фестывалю сімвалічнае — «70 гадоў мірнага неба». І прысвечана вызваленню нашай краіны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. А вось тое, што аэрастатаў тут будзе 70, прыемнае супа- дзенне. «Заяўкі ўдзельнічаць у Міжнародным кубку па паветраплавацельным спорце нам даслалі 50 спартыўных і 20 фестывальных экіпажаў з дзевяці краін свету, — расказвае пра ўдзельнікаў Жана Лосева, кіраўнік прэс-цэнтра паветраплавацеляў. — Беларусь на спаборніцтвах прадставяць чацвёра пілотаў цеплавых аэрастатаў — двое з Мінска, двое з Гродна». 

Упершыню ў мінскае неба ўзнімуцца радыёкіраваныя мадэлі цеплавых аэрастатаў. Іх прэзентуюць удзельнікі з Белгародскай и Маскоўскай абласцей.

Увогуле спартыўная праграма па паветраплаванні складаецца з чатырох вылетаў, у кожным з якіх пілотам прыйдзецца выконваць разнастайныя заданні. Напрыклад, дабрацца да пэўнай кропкі, зрабіць у небе паварот. Узнімацца ў неба шары будуць раніцай і вечарам. У гэты час, сцвярджаюць арганізатары, надвор`е больш спакойнае. «Пры ветры      3 м/с лётаць на шары складана, пры 7 м/с — увогуле нельга, — працягвае Жана Лосева. — Таму мы адразу папярэджваем гледачоў: палёты залежаць ад надвор`я».

Часавы расклад Міжнароднага кубка па паветраплаванні на выхадныя такі: у суботу першы старт адбудзецца на тэрыторыі аэрапорта Мінск-1 з 6.00 да 8.00. З 18.30 да 20.00 спартыўныя і паказальныя палёты чакаюцца на аэрадроме Баравая. У нядзелю з 6.00 да 8.00 дзейства зноў перамесціцца ў Мінск-1. «Вельмі яскравае шоу адбудзецца ў суботу ў 22.00 ля стэлы «Мінск — горад-герой». У гэты час у неба ўзнімуцца святлівыя шары.


Паралельна з шоу аэрастатаў упершыню ў нашай краіне пройдуць верталётныя гонкі. Пляцоўкай для іх таксама стане аэрадром Баравая. У суботу спаборніцтвы тут распачнуцца а 12-й гадзіне, а ў нядзелю — а 10-й.

«Удзельнічаць у іх будзе 16 экіпажаў з Беларусі, Расіі і Украіны, — пералічвае Аляксандра Садоўнікава, прэс-сакратар фестывалю авіяцыйнага спорту. — Сярод пілотаў, дарэчы, шэсць жанчын. Адна з іх пяціразовая чэмпіёнка СССР, лятае з 1966 года». Гонкі пройдуць на верталётах Мі-2 і Robinson R44 на вышыні ўсяго 3—10 метраў над зямлёй. 

— Падчас спаборніцтваў пілоты будуць выконваць шэраг практыкаванняў, — працягвае суразмоўца. — Уявіце: два верталёты ляцяць на вялікай хуткасці з кропкі А ў кропку Б. Пры гэтым па маршруце ім неабходна правезці вядро з вадой. Яно, дарэчы, прывязана да вяроўкі і знаходзіцца, зразумела, па-за бортам. 

І гэткіх выпрабаванняў у праграме нямала.

А яшчэ ў суботу з 12.30 да 13.00 на Баравой чакаюцца паказальныя скачкі парашутыстаў. Спартсмены прадэманструюць купальную парашутную акрабатыку, будуць скакаць з нізкай вышыні — усяго 200 метраў. Запланаваны і масавы дэсант 24 чалавек.

Дарэчы, наведаць усе мерапрыемствы фестывалю можна бясплатна.

ДАРЭЧЫ

Кожны жадаючы зможа сачыць за палётамі аэрастатаў не толькі гледзячы ў неба, а і з манітора свайго камп`ютара. Анлайн-назіранне будзе даступна падчас палётаў па спасылцы flymonitor.ru/online.

ЦІКАВА

У фестывалі прыме ўдзел навазеландзец Эндру Паркер, аўтар праекта «Узлятаючы ўвысь дзеля дзяцей» у падтрымку Дзіцячага фонду ААН (ЮНІСЕФ). Эндру — пілот паветранага шара, што прадаў свой бізнес і адправіўся ў падарожжа па свеце. У яго планах на працягу чатырох з паловай гадоў на сваім трэйлеры аб`ехаць 100 краін. Так ён хоча прыцягнуць увагу грамадства да правоў малых, у тым ліку хлопчыкаў і дзяўчат з асаблівасцямі развіцця.

Кацярына ПАНЦЯЛЕЕВА

panteleeva_katya@mail.ru
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter