Як зменіцца Мiнск у бліжэйшыя 15 гадоў?

Горад здзiўляе фiгурай

Днямі завяршаецца грамадскае абмеркаванне генеральнага плана развіцця Мінска. Як зменіцца горад у бліжэйшыя 15 гадоў? Відавочна адно: ён будзе будавацца. А значыць, да сённяшніх жылых масіваў, комплексаў офісаў дададуцца новыя гмахі з бетону і шкла. Як не згубіцца сярод іх? Як зрабіць гарадское асяроддзе камфортным?


Фото Виталия ГИЛЯ

У скульптуры тут асаблівая роля. Яна ажыўляе нават самую сумную прастору, уносіць гармонію, супакойвае і ўзнімае настрой, развівае фантазію і будзіць уяўленне. І вось мы ўжо ўсміхаемся «Гандлярцы семачкамі», уваходзячы на Камароўскі рынак, падміргваем аматару папарыцца «Васю» каля лазні на Маскоўскай, фатаграфіруемся з «Незнаёмкай» у Міхайлаўскім скверы.

Якія скульптуры неабходны сёння мегаполісу? Многа ці мала іх у Мінску? І хто вырашае, якія фігуры патрэбны гораду? Паспрабуем разабрацца.

Скульптура і мегаполіс


Вядомы майстар, загадчык кафедры скульптуры Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Уладзімір Слабодчыкаў упэўнены: гарадская скульптура — рэч бяспройгрышная. Бо яна застаецца для будучыні. Разважае: вядома, жывапіс і графіка таксама неабходныя, але яны менш даступныя. Гэта музейныя рэчы. Ці так часта мы ходзім у музеі? А скульптуру, ідучы па горадзе, бачым штодзень, яна ўплывае на нас пастаянна, і гэта каласальнае эстэтычнае і выхаваўчае ўздзеянне.


Фото Виталия ГИЛЯ

— Мегаполісу скульптура проста неабходная. Вялікія сучасныя будынкі ціснуць на чалавека, у горадзе ён адчувае сябе безабаронным — вакол бетон. Скульптура ажыўляе гэтае асяроддзе, сагравае, збліжае чалавека і горад, робіць прастору больш жыццёвай, нават інтымнай, — гаворыць Уладзімір Слабодчыкаў.

— Уладзімір Іванавіч, на ваш погляд, ці хапае скульптур у Мінску?

— Мала катастрафічна. Насычэнне імі горада з насельніцтвам амаль у 2 мільёны чалавек мізэрнае. У часы СССР скульптура больш арыентавалася на ідэалогію, ствараліся ўсе тыя вялікія помнікі дзеячам партыйным. А вось скульптуры паркавай, вулічнай практычна не было. Дзесьці з 1990-х сталі з`яўляцца першыя працы Уладзіміра Жбанава, якія цяпер усе любяць і ведаюць, а спачатку многіх яны нават шакіравалі. А на Захадзе такіх вулічных скульптур каласальная колькасць. Мілых, зразумелых, даступных, да якіх хочацца наблізіцца, дакрануцца, сфатаграфавацца побач. Напрыклад, купаюцца гусі або вераб`і п`юць са сподачка — маленькія такія скульптуркі.

— У нас маленькая скульптурка, асабліва бронзавая, можа доўга не прастаяць...

А. ЗАСПІЦКІ, А. ФІНСКІ. «Адам Міцкевіч».

— Такое, на жаль, не выключана. Вось і ў майго Ваньковіча (скульптура Валенція Ваньковіча работы Уладзіміра Слабодчыкава стаіць у Верхнім горадзе каля Дома-сядзібы мастака. — Заўв. аўт.) на днях пэндзаль адламалі. Ужо не першы раз аднаўляць прыйдзецца.

— Зразумелая справа: паляванне на бронзу. Дарэчы, а ці магчымыя ў вулічнай скульптуры іншыя матэрыялы, больш сучасныя?

— Бронза лічыцца класікай, да гэтага матэрыялу ўсе скульптары імкнуцца. Але цяпер шмат ужываюць і граніт, і мармур. Дарэчы, пра сучаснасць. Жанравыя рэчы, розныя жывыя сцэнкі ў гарадской скульптуры, пра якія я казаў вышэй, — добра, але толькі гэтым нельга абмяжоўвацца. Бо горад будуецца, шмат сучаснай архітэктуры. Патрабуюцца і новыя скульптурныя формы, з яркімі акцэнтамі, неардынарныя, якія звязвалі б гэтыя будынкі, адпавядалі гэтаму асяроддзю. Там якраз вельмі арганічнымі могуць быць і шкло, і метал, і пластык.

Ул. ЖБАНАЎ. «Незнаёмка».

— А ці ёсць творчы патэнцыял, каб новыя ідэі ўвасабляць?

— У Мінску сёння больш за сотню скульптараў. У абласных гарадах па 10—15 майстроў працуюць. Акадэмія мастацтваў кожны год выпускае пяць чалавек. Але запатрабаваныя, на жаль, далёка не ўсе. Дарэчы, сіламі кафедры скульптуры мы стараемся адну-дзве рэчы ў год паставіць у горадзе, гэта дыпломныя работы, невялікія, як, напрыклад, «Сэрца» каля кардыялагічнага цэнтра. Кожны год выязджаем у невялікія гарады на пленэры. Нашы работы ёсць у Лагойску, Паставах, Вілейцы, Верцялішках. Але ўсё роўна гэтага мала.

— Дарэчы, пленэры, па-мойму, адзін з простых і танных спосабаў насычэння горада скульптурай.

— Згодзен. Я і сам не раз удзельнічаў — у Кітаі, Гер­маніі, Эміратах, Тур­цыі. За месяц-два працы з`яўляюцца 25—30 твораў, якія застаюцца гораду. Памятаю, годзе ў 1988-м, у той час я кіраваў секцыяй скульптуры ў саюзе мастакоў, мы паехалі ў Клайпеду пацікавіцца вопытам пленэраў. У Літве яны праводзіліся тады ўжо больш за 10 гадоў. Мы былі ўражаныя, калі ўбачылі парк скульптур — больш за 100 твораў у адным месцы. Вярнуліся і арганізавалі ў Мінску першы рэспубліканскі пленэр. Частка тых работ і цяпер стаіць у парку Янкі Купалы. Потым быў пленэр у 1989-м і ў канцы 1990-х. Цяпер тыя скульптуры растварыліся ў горадзе...

С. БАНДАРЭНКА. «Піраміда».

— І да стварэння парку скульптур справа так і не дайшла?

— Так, але ідэя па-ранейшаму лунае, і даўно пара да яе ўвасаблення набліжацца. Такі парк мог бы быць у раёне Уручча. Там, дзе заканчваюцца Маскоўскія могілкі, ёсць дастаткова прасторы для гэтага. Прыгожая невялікая пляцоўка для 5—6 скульптур ёсць перад Домам-музеем Заіра Азгура на вуліцы Пуліхава. Туды, дарэчы, можна забраць тыя ж работы з парку Купалы, яны там не да месца, гэта была часовая экспазіцыя. Зрэшты, усе гэтыя пытанні я ўзнімаў не раз, але безвынікова. Гэтак жа, у нікуды сышлі і вынікі выстаўкі, дзе былі адабраны лепшыя з прапанаваных эскізаў для ўзвядзення ў гора­дзе скульптурных твораў. Наогул, упэўнены, што ў майстэрнях нашых скульптараў ёсць шмат цікавых, але так і не рэалізаваных праектаў.

— А ці заўсёды ваш погляд пра­фесіянала радуюць скульптуры, якія ўжо стаяць у горадзе?

— Я радуюся новай скульптуры заўсёды. Таму што гэта заўжды лепш, чым нічога. А наколькі добрая яна ці дрэнная? Гэта, па-мойму, як параўноўваць тэатр оперы і музкамедыі. Скульптура таксама можа быць лёгкага жанру і сур`ёзнага. Бывае нешта не надта ўдалае. Але зусім непрымальныя рэчы, думаю, не могуць з`явіцца. Бо ёсць гарадскі савет манументальнага мастацтва, які адбірае работы.

М. ІНЬКОЎ.
 «Сафія Слуцкая».
— Як жа зрабіць, каб на нашых вуліцах скульптур было больш?

— Напрыклад, у савецкі час не самая дрэнная сістэма існавала. Сутнасць яе ў тым, што пэўная сума ад сродкаў, закладзеных на будаўніцтва комплексу будынкаў, ішла на стварэнне пластыкі. Цяпер нам такая ж практыка не перашкодзіла б: будуеш жылы комплекс — падумай і пра добраўпарадкаванне тэрыторыі, а гэта могуць быць і скульптура, і дызайнерскія нейкія рэчы, і ўпрыгажэнне дзіцячых пляцовак, там жа таксама могуць быць вельмі цікавыя пластычныя рашэнні.

Ці вось як робіцца ў Кітаі: плануюць разбіць парк і адразу вызначаюць месцы для скульптуры. У выніку атрымліваецца прыгожы арганічны ансамбль. Дарэчы, многія нашы скульптары сёння досыць запатрабаваныя за мяжой, мы там вельмі цікавыя. Можа, таму, што яшчэ не настолькі уніфікаваныя, у нашых работах прысутнічае больш аўтэнтычнасці, духоўнасці. Калі існуе попыт, гэта, вядома, прыемна. Дрэнна тое, што мы шмат і ўдала робім там, але мала — тут.

КАМЕНТАРЫЙ

Ініцыятарамі стварэння і ўстаноўкі манументальна-дэкаратыўных скульптур могуць быць не толькі дзяржаўныя органы і арганізацыі, але таксама грамадскія аб’яднанні, іншыя арганізацыі і фізічныя асобы. Гэта адзначаецца ў пастанове Савета Міністраў  краіны № 1372 ад 19.09.2008 г. Для атрымання дазволу неабходна заключэнне Міністэрства культуры і мастацкага экспертнага савета па манументальнай скульптуры, які ёсць у кожнай вобласці і Мінску.

Як паведамілі ва ўпраўленні ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Мінгарвыканкама, большасць праектаў атрымліваюць дазвол на стварэнне і ўстаноўку скульптуры, адмаўляюць толькі ў тым выпадку, калі творы выраблены няякасна ці не ўпісваюцца ў архітэктурны ансамбль той ці іншай мясцовасці.

ЦІКАВА

У бліжэйшы час у аграгарадку Лясны, што ў Мінскім раёне, з’явяцца адразу тры манументальна-дэкаратыўныя скульптуры з каменю: «Сусвет», «Музыка сфер» і «Зараджэнне». Дакладны выгляд гэтых твораў будзе вызначаны пасля правядзення пленэру. Створаны і ўстаноўлены яны будуць за кошт мясцовага бюджэту.

ДАРЭЧЫ

Самай старажытнай паркавай скульптурай краіны можна лічыць «Хлопчыка з лебе­дзем», які знаходзіцца ў Аляксандраўскім скверы ў Мінску. Да таго ж гэта самы ўзроставы гарадскі фантан, ён лічыцца гісторыка-культурнай каштоўнасцю.
«Хлопчык» быў зроблены ў 1874 го­дзе. Цікава, што гэта не арыгінальная скульптура, а адна з копій, якія, мяркуецца, у канцы XIX стагоддзя разышліся па многіх еўрапейскіх гарадах. Дакладна не вядомы і аўтар гэтай работы, гісторыкі ўзгадваюць некалькі прозвішчаў, сярод якіх немец Тэадор Эрдман Калідэ і італьянец Джанларэнца Берніні. 

За сваю гісторыю скульптура неаднаразова рэканструявалася, а таму крыху змяніла свой воблік. Вядома, што пасля вайны яе аднаўляў народны мастак СССР Заір Азгур. Пасля яго рэканструкцыі, як узгадваюць старажылы, жабы, якія былі адметнасцю менавіта мінскага фантана, яшчэ былі на сваіх месцах — размяшчаліся па акружнасці. А вось у пачатку 70-х пасля чарговага абнаўлення яны зніклі. З той пары глабальнай рэканструкцыі не праводзілася, рабіліся толькі касметычныя рамонты, таму фантан хоць і працаваў, але ў апошні час выглядаў дрэнна. А ў верасні будаўнікі нарэшце прыйшлі і да скульптуры!

План рэканструкцыі распрацаваў «Мінскпраект». Яго аўтары абяцаюць, што «Хлопчык з лебедзем» будзе выглядаць амаль так, як і сто сорак гадоў таму. З’явяцца побач і жабы. Завяршыць рэканструкцыю, як паведамілі ў «Мінскзелянбудзе», плануецца ў пачатку наступнага года.

svirko@sb.by
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter