Горад з вялікай літары.

Узгадваючы першы ўспамін аб Пінску, пінчукі не прамінуць удакладніць, што ў гэтым сэнсе ён старэйшы за Маскву ажно на 50 гадоў. Так-так, сённяшні берасцейскі райцэнтр — адзін з найстаражытнейшых гарадоў Беларусі — упершыню ўзгадваецца ў старажытнарускім летапісе “Аповесць мінулых гадоў” 5 лістапада 1097 года як адно з тураўскіх уладанняў вялікага кіеўскага князя Святаполка Ізяславіча. Першапасяленцы дрыгавічы, якія атабарыліся ў месцы, дзе зліваюцца Піна і Прыпяць, на стагоддзі прадвызначылі лёс Пінска.

Узгадваючы першы ўспамін аб Пінску, пінчукі не прамінуць удакладніць, што ў гэтым сэнсе ён старэйшы за Маскву ажно на 50 гадоў. Так-так, сённяшні берасцейскі райцэнтр — адзін з найстаражытнейшых гарадоў Беларусі — упершыню ўзгадваецца ў старажытнарускім летапісе “Аповесць мінулых гадоў” 5 лістапада 1097 года як адно з тураўскіх уладанняў вялікага кіеўскага князя Святаполка Ізяславіча. Першапасяленцы дрыгавічы, якія атабарыліся ў месцы, дзе зліваюцца Піна і Прыпяць, на стагоддзі прадвызначылі лёс Пінска. Пад сценамі горада, які напрыканцы ХII стагоддзя стаў сталіцай асобнага княства, пралягаў важны гандлёвы шлях, што звязваў Кіеў і Тураў з Валынню, Польшчай і Балтыкай, — адзін з маршрутаў гандлёвага шляху “з варагаў у грэкі”. Пінск сёння — сапраўдны горад-помнік. У яго абліччы — загадкавасць і чароўнасць, дзіўны шарм даўніны. Ці не за гэты шарм Уладзімір Караткевіч называў Пінск “Горадам з вялікай літары”.

Праваслаўны храм з каталіцкімі каранямі

На працягу амаль 180 гадоў у будні і святы збірае вернікаў у сваіх сценах старэйшы праваслаўны храм Пінска — Свята-Варварынская царква.
Здзіўляе незвычайная архітэктура гэтага збудавання — няўдалая спроба знітаваць у адзінае каталіцкія і праваслаўныя элементы. Зрэшты, незвычайны і лёс гэтага мураванага храма. У 1705 годзе вялікі гетман літоўскі князь Міхал Вішнявецкі і яго жонка Кацярына заснавалі каталіцкі манастыр ксяндзоў-бернардзінцаў. Кляштар доўгі час быў драўляным, потым ён перайшоў да праваслаўнага прыходу. Храм пераасвяцілі ў гонар Святой вялікамучаніцы Варвары. Яго перабудова была не лепшай спробай архітэктурнага майстэрства.
Інтэр’ер самой царквы надзвычай багаты. А найгалоўнейшы рарытэт храма — створаны на мяжы ХV і ХVI стагоддзяў абраз Маці Божай Адзігітрыі Іерусалімскай, пакланіцца якой ідуць многія пакаленні гараджан.

Патрыярх пінскіх муроў

Самы стары будынак Пінска — езуіцкі калегіум — уражвае сваёй велічнасцю. Ён захаваўся ад грандыёзнага кляштарнага комплексу, першы камень у падмурак якога ў 1636 годзе паклаў канцлер вялікі літоўскі, староста віленскі і пінскі Альбрэхт Станіслаў Радзівіл. На працягу трох стагоддзяў гэты велічны храм быў сімвалам Пінска. Ва ўсім Вялікім княстве Літоўскім не існавала збудавання, роўнага па маштабе пінскаму касцёлу cвятога Станіслава. Аб’ём будынка складаў 40 тысяч м3, крыжы ззялі на вышыні сучасных 9-павярховых дамоў. Абгарэлы падчас Другой сусветнай вайны, з паўразбуранай вежай, цудоўны шэдэўр архітэктуры барока ў жніўні 1953 года быў узарваны. Страту гэтага помніка для Палесся спецыялісты параўноўваюць са знішчэннем храма Хрыста Збавіцеля ў Маскве.
Сёння ў сценах калегіума месціцца музей Беларускага Палесся, які за сваю 80-гадовую гісторыю сабраў 76 тысяч экспанатаў — ад костак маманта і валасатага насарога, якія насялялі Палессе ў каменным веку, да драўлянага ровара, што змайстраваў паляшук з вёскі Багданаўка Васіль Іллючык. Карцінную галерэю музея называюць палескай Траццякоўкай. Сярод амаль дзвюх тысяч карцін — палотны Айвазоўскага, Васняцова, Пярова, Паленава, Шышкіна, партрэты асоб, якія маюць дачыненне да гісторыі Палесся, з калекцыі князёў Радзівілаў.

Франт на вёсцы

Быў час, калі з набярэжнай Піны адкрываўся від на прыгожы белы будынак з калонамі, ад высокага цокаля якога кіраваліся ў бок ракі адразу пяць ганкаў. У ХІХ стагоддзі вядомы польскі пісьменнік Юзаф Крашэўскі назваў гэты палац “франтам на вёсцы”. Гэта быў першы такі шыкоўны цагляны будынак у Пінску, не лічачы культавых пабудоў, і  ўвайшоў у гісторыю як пінскі “мур”, ужо ў наш час стаў называцца па прозвішчы першага гаспадара — палац Бутрымовіча. У 1784—1790 гг. ён быў узведзены для гарадскога суддзі і падстаросты пінскага Матэвуша Бутрымовіча, які праславіўся сваёй грамадска-палітычнай і гаспадарчай дзейнасцю. Дарэчы, першы камень у яго падмурак паклаў апошні польскі кароль Станіслаў Аўгуст Панятоўскі.
Пасля вызвалення горада ад фашысцкіх акупантаў палац доўгі час выкарыстоўваўся як памяшканне для друкарні, потым — як кінатэатр, Дом піянераў. Больш за паўтара стагоддзя ніхто не здагадваўся, што стаіць будынак на крыніцах, вада якіх паспяхова адводзіцца простай і ў той жа час унікальнай дрэнажнай сістэмай. Здагадаліся, калі пачалі будаваць побач гасцініцу “Прыпяць” і сістэму парушылі. Да таго ж гасцініца каменнай сцяной адгарадзіла палац ад ракі.
Не адно дзесяцігоддзе рэстаўратары змагаліся за жыццё палаца Бутрымовіча. І нарэшце летась  да параднага ганка пінскага “мура”, нібы стагоддзі таму, пацягнуліся ўрачыстыя працэсіі — тут, у цяперашнім загсе, благаслаўляюцца на шчаслівае сямейнае жыццё маладыя пінчукі. Асобны пакой прысвечаны першаму гаспадару маёнтка Матэвушу Бутрымовічу.

Шэсць стагоддзяў палескіх францысканцаў

Пад’язджаючы да Пінска з боку Століна ў добрае надвор’е, за шмат кіламетраў заўважыш стромкі чарапічны дах і скіраваную ў неба званіцу, якія належаць найстаражытнай пінскай святыні, аднаму з сімвалаў горада — былому францысканскаму, а цяпер касцёлу Успення Прасвятой Дзевы Марыі. Францысканцы былі першым каталіцкім ордэнам, які з’явіўся ў самым цэнтры праваслаўнага Палесся больш за шэсць стагоддзяў таму. Новы мураваны касцёл асвяцілі ў 1730 годзе (дагэтуль збудаванне было драўляным). У ягоным абліччы злучыліся сярэднявечная магутнасць з мудрагелістасцю барока. Інтэр’ер здзіўляе велічнасцю і багаццем убранства. Сапраўдны цуд — кляштарны амбон, аздоблены больш як 70 драўлянымі скульптурамі, пакрытымі ліставым золатам. Яшчэ адна аздоба касцёла — непаўторнае палатно Альфрэда Ромера “Пінская Мадонна” ХІХ стагоддзя. Так ахрысцілі яе невыпадкова — правобразам была гараджанка. У свой час карціну хацелі забраць для экспазіцыі ў Эрмітаж, але настаяцель храма Казімір Свёнтак не дазволіў, нягледзячы нават на тое, што ўзамен абяцалі рэстаўраваць касцёл. Агульную атмасферу ўрачыстасці падчас набажэнстваў падтрымліваюць гукі аргана. (З канцэртамі тут выступаюць таксама вядомыя арганісты з Беларусі, Польшчы, іншых краін.) Арган быў сканструяваны ў 30-я гады ХІХ стагоддзя. Больш на Беларусі такіх старажытных і дзеючых няма. А па гуку пінскі арган — сапраўдны цар музыкі.

Сталіца мотабола

Не ўсе ведаюць, але гэта так: мотабол Беларусі нарадзіўся менавіта ў Пінску. Сённяшняя спартыўная візітоўка горада — каманда “Аўтамабіліст” адсвяткавала свой 30-гадовы юбілей. З году ў год пінчукі станавіліся чэмпіёнамі Беларусі, СССР, уладальнікамі кубка, прызёрамі чэмпіянату Усходне-еўрапейскай лігі, пераможцамі розных міжнародных турніраў. На рахунку лепшага снайпера каманды Антона Уласаўца, 14-разовага чэмпіёна Беларусі, лепшага бамбардзіра чэмпіянатаў Еўропы, больш за 2000 забітых мячоў.

Каштанавы водар і подых ракі

Абышоўшы стары горад, варта падняцца на борт прагулачнага цеплахода, які ў цёплы сезон курсіруе па Піне і Прыпяці, і прайсці на ім уздоўж залатых пляжаў ды цяністай каланады ліп і каштанаў на гарадской набярэжнай, захапляючыся самай прыгожай паўднёвай панарамай горада, у якую ўпісаліся сілуэты пінскіх святыняў і ўзняты на п’едэстал баявы карабель, сімвал мужнасці і гераізму маракоў-дняпроўцаў — удзельнікаў вызваленчага дэсанту ў ліпені 1944 года. Сваю набярэжную, якая шмат чаго бачыла на сваім вяку, пінчукі небеспадстаўна лічаць жамчужынай горада.
Стварэнне Дняпроўска-Бугскага і Агінскага каналаў дало яшчэ большы штуршок развіццю гандлю ў другой палове ХІХ стагоддзя. Як пісалі сучаснікі, у перыяд навігацыі праз Пінск цягнулася бясконцая колькасць параходаў, плытоў.
Узведзеная ў 1948 годзе на энтузіязме патрыятычна настроенай моладзі набярэжная стала своеасаблівай візітоўкай горада і месцам творчага натхнення многіх мастакоў і паэтаў, якое ўтварае незвычайны водар квітнеючых каштанаў, настоены на прахалодным подыху Піны.

Прытулак манахаў-камуністаў

Успаміны пра італьянскі ордэн “Ксяндзоў свецкіх, што жылі камунай”, які даў жыццё яшчэ адной славутасці Пінска — касцёлу Карла Барамея, амаль немагчыма было адшукаць у даведніках савецкай эпохі. Адна з назваў яго прадстаўнікоў — “манахі-камуністы” — міжволі кідала цень на адзіную партыю савецкага грамадства. Між тым пінскі кляштар камуністаў быў адзіным ва ўсім Вялікім княстве Літоўскім. Манахі-камуністы жылі абшчынай, мелі агульную касу, у сваіх семінарыях рыхтавалі моладзь да працы на духоўнай ніве.
Кляштар перажыў войны, але звонку застаўся амаль што такім, як і быў раней. У 60-я гады мінулага стагоддзя храм закрылі. Будынак прыходзіў у запусценне. Каб уратаваць унікальны помнік архітэктуры, мясцовыя ўлады вырашылі яго рэстаўраваць. У 1992 годзе былая святыня зазіхацела вітражамі вокнаў і напоўнілася чароўнымі гукамі аргана — тут адкрылася канцэртная зала.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter