Горад з будучыні

У 2030 годзе жыхароў Смалявічаў стане ў чатыры разы болей

Стартавыя ўмовы Смалявічаў у якасці спадарожніка Мінска ацэньваюцца як перспектыўныя і прывабныя для інвестыцый

Дзяржаўная праграма будаўніцтва жылых раёнаў для жыхароў Мінска ў гарадах-спадарожніках і пераносу са сталіцы ў буйныя населеныя пункты рэспублікі асобных вытворчых аб’ектаў надала новы статус гэтаму гораду. А разам з тым і іншыя магчымасці для развіцця. Аб’ём работ, якія запланавана правесці ў Смалявічах, сапраўды каласальны. Зразумела, зараз гэта гарадское паселішча пакуль яшчэ аддалена нагадвае выніковы варыянт, прадугледжаны Генеральным планам. Аднак работы пачаліся ўжо, і, як сведчыць дакумент, шмат намечана зрабіць па сталічных стандартах. Такім чынам, паспрабуем уявіць, якія яны, Смалявічы будучыні?

Эксперыментальныя праекты прадугледжваюць будаўніцтва шматкватэрнага жылога раёна ў самім горадзе і малаэтажнага сядзібнага раёна за яго межамі. У адпаведнасці з Генпланам, які будзе рэалізаваны ў два этапы, колькасць насельніцтва горада да 2020 года павінна вырасці да 37,7 тысячы, а да 2030 года — да 63,73 тысячы чалавек. З іх каля 39 тысяч паселяцца ў жылым раёне для мінчан. Для параўнання трэба сказаць, што на тэрыторыі, якую сёння займаюць Смалявічы, пражываюць 16 тысяч чалавек.

Несумненна, што прысталічны горад досыць перспектыўнае месца для размяшчэння прадпрыемстваў, дзелавых цэнтраў, а таксама культурна-забаўляльных, гандлёвых і адміністрацыйных будынкаў. Ён знаходзіцца за 38 км ад сталіцы, дзве аўтатрасы, электрыфікаваная чыгунка, нацыянальны аэрапорт, прывабная прырода і гэтак далей. Адным словам, стартавыя ўмовы ў якасці горада-спадарожніка ацэньваюцца як надзвычай перспектыўныя. Як адзначылі ў Смалявіцкім райвыканкаме, чакаецца значны імпульс для развіцця, і ёсць намер у больш сціслыя тэрміны ажыццявіць намечаныя праграмы.

У цэлым Генплан уяўляе сабой адзіную горадабудаўнічую задуму, а новы жылы раён павінен арганічна ўпісацца ў існуючае гарадское асяроддзе, якое таксама будзе актыўна развівацца. Для гэтага плануецца стварыць аб’яднаны грамадскі цэнтр вакол новай плошчы ў раёне Смалявіцкага вадасховішча, там жа — ландшафтна-рэкрэацыйную і спартыўную зоны. У мінулым годзе пачатак развіццю цэнтра паклала будаўніцтва футбольнага стадыёна і пляцоўкі для правядзення культурных мерапрыемстваў. Сёлета там плануюць пабудаваць лыжаролерную трасу, скончыць добраўпарадкаванне стадыёна і прыбярэжнай паласы. У склад аб’ектаў грамадскага цэнтра ўвойдуць бізнес-цэнтр з адміністрацыйна-гасцінічным комплексам і паркінгам, музей, рэстаран, кафэ, бары, кінатэатр і ўніверсальны спартыўна-аздараўленчы комплекс з плавальным басейнам, саўнай, боўлінгам і гэтак далей.

Чакаецца актыўнае ўзвядзенне раёна шматкватэрнай жылой забудовы Паўночна-Заходні з дзіцячымі садамі, школамі, магазінамі, культурнымі і камунальнымі аб’ектамі, а таксама аб’ектамі бытавога абслугоўвання крокавай даступнасці. Ужо зараз распачата будаўніцтва дзевяціпавярховага дома на 142 сям’і для жыхароў Мінска, а ў трэцім квартале мяркуецца закладка жылога дома для смалевічан. У паўднёва-ўсходнім напрамку (па дарозе на Жодзіна ў раёне вёскі Ліпкі) размесціцца сядзібная жылая забудова з адпаведнай інфраструктурай. Паэтапная рэканструкцыя чакаецца і ў цэнтральнай частцы, а таксама ўздоўж галоўных вуліц горада.

Адпаведныя захады будуць зроблены і ў развіцці транспартнай інфраструктуры. Аўтадарога Р-53, што звязвае горад са сталіцай, стане чатырохпалоснай, на перакрыжаванні з вуліцай Магістральнай з’явіцца двухузроўневая транспартная развязка. Раён-спадарожнік, новы грамадскі цэнтр, цэнтральную частку Смалявічаў, перспектыўнае жыллё і прамысловыя раёны звяжа шырокая магістраль. А паўкальцавая магістраль з пуцеправодам праз чыгунку забяспечыць транспартныя зносіны ў абход цэнтральнай часткі горада.

У працэсе рэканструкцыі чыгуначнага вакзала з’явіцца пешаходны пераход праз пуці.

Генеральны план прадугледжвае цэлую сістэму мер па стварэнні інжынернага забеспячэння і добраўпарадкаванні жылога асяроддзя па сталічных стандартах: якасная вада, цяпло, каналізацыя, сучасная сувязь, электра-і газазабеспячэнне, сістэма збору і перапрацоўкі адходаў. Для паляпшэння экалагічнай сітуацыі вытворчыя і сельскагаспадарчыя аб’екты будуць выносіцца з жылой і прыбярэжнай зон, а паўз раку Плісу атрымае развіццё ландшафтна-рэкрэацыйная прастора.

Вытворчыя зоны размесцяцца ў паўднёва-заходнім напрамку, там, дзе ўжо дзейнічае частка аб’ектаў, і ў новым, усходнім прамысловым вузле па дарозе Смалявічы—Пліса.

Буйной пляцоўкай для высокатэхналагічнай вытворчасці стане Кітайска-Беларускі індустрыяльны парк. Гэта якасна новае для Беларусі тэрытарыяльнае ўтварэнне з усёй неабходнай інфраструктурай для вядзення і абслугоўвання бізнесу, дзе плануецца засяродзіць вытворчыя комплексы, жылыя, офісныя, лагістычныя зоны, фінансавыя і навуковыя цэнтры. Прыярытэтнымi накі-рункамi вытворчасці будуць электроніка, біямедыцына, машынабудаванне. Па папярэдняй ацэнцы, аб’ём капіталаўкладанняў у інфраструктуру парка складзе каля 5,6 млрд. долараў ЗША за першыя 10—15 гадоў рэалізацыі праекта. Дынамічна развіваецца і Мінскі абласны тэхнапарк, на вытворчых пляцоўках якога працуюць прадпрыемствы па вытворчасці металавырабаў, электраабсталявання, запасных частак для аўтатрактарнай прамысловасці і гэтак далей.

Перспектывы развіцця, закладзеныя ў Генеральны план, сапраўды ўражваюць. Мяркуецца, што ў выніку будзе створана сучасная, зручная і гарманічная жылая прастора. Несумненна, спатрэбяцца велізарныя намаганні для таго, каб горад-казка, які зараз на старонках дакумента, стаў рэальным. Што ж, прыгожыя ідэі патрабуюць прыгожага ўвасаблення.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter