Горад сярод азёр

альбо 5 прычын паехаць у Браслаў

Трапіць на востраў рабінзонам


Горад, як каштоўны камень у кароне, абрамляюць каля трохсот азёр. І ўсё дзякуючы ледніку, які прапрасаваў гэтыя месцы каля дваццаці тысяч гадоў назад. Адсюль і назва краю — Паазер’е.

Большую яго частку займае Нацыянальны парк “Браслаўскія азёры”. Аматары “дзікага” адпачынку жывуць на шматлікіх астравах амаль як Рабінзон Круза. Вада тут найчысцейшая! Купацца і вывучаць падводны свет — адно задавальненне. Палавіць рыбу можна нават у горадзе. Акунь, лешч, судак і шчупак водзяцца ў вялікай колькасці ў возеры Дрывяты, адзін з берагоў якога — звычайная вуліца.





Стаць царом гары

Замкавая гара — гарадзішча IX стагоддзя. Некалі тут стаяў драўляны замак з сямю вежамі. Пяцьсот гадоў назад у горадзе пабываў Вялікі князь Літоўскі Аляксандр Ягелончык з жонкай Аленай — дачкой маскоўскага князя Івана III. Княгіня была ўражана ўбачаным. Расчулены князь падарыў каханай Браслаў з усімі навакольнымі землямі. Алена ў падзяку заснавала праваслаўны жаночы манастыр.

Улетку на гары праходзяць міжнародныя рыцарскія турніры ды іншыя святы, на якія з’язджаюцца некалькі тысяч удзельнікаў. Там яны дэманструюць і стыль мінуўшчыны.



Папрасіць дапамогі ва ўладаркі азёр

Прыступкі з Замкавай гары прыводзяць да падножжа касцёла Нараджэння Найсвяцейшай Дзевы Марыі. Будаваць храм пачалі ў 1824 годзе. У алтары захоўваецца цудадзейны абраз Маці Божай Браслаўскай, якую яшчэ называюць Уладаркай азёр. Вернікі расказваюць, што яна дапамагае жадаючым пазбавіцца ад алкагольнай залежнасці.

Праз дарогу — Свята-Успенская царква. Збалаваным турыстам белы атынкаваны будынак можа здацца сціплым і не вартым увагі. Але ўнутры сапраўдная каштоўнасць — трох’ярусны іканастас, выкананы кіеўскімі майстрамі.


Выпіць “жывой” вады

Сапраўдным цудам лічаць мясцовыя жыхары гаючую крыніцу Акмяніцу. Па легендзе, даўным-даўно на Браслаўшчыне расла магутная елка. Дрэва было настолькі разгалістым і высокім, што здалёк вылучалася сярод астатніх. Здароўе і сілу расліне давала крыніца. Людзі заўважылі: калі піць гэтую ваду, то хвароба адыходзіць, знікаюць пакуты, сціхае боль. Яна амалоджвае арганізм і не псуецца некалькі месяцаў. Каб аддзячыць жыватворнай крыніцы, трэба кінуць у яе манетку альбо завязаць на галінцы вузельчык. Таму ўсе ствалы навакольных хвой упрыгожаны рознакаляровымі шматкамі.


Рамесніцтва і сафары-парк

Браслаў падыходзіць для ідэальнага ўік-энду з сям’ёй. Дзеці ў захапленні ад Музея традыцыйнай культуры, дзе можна павучыцца рабіць гаршкі на сапраўдным ганчарным крузе або выткаць паясок на старадаўнім станку. Улетку на пляжы адкрыюць пляцоўку-карабель. На палубе па суседстве з пясочніцамі і арэлямі будзе лабірынт.

У мясцовы сафары-парк завезлі аленяў. За імі можна папаляваць — праўда, пакуль толькі з фотаружжом, але ўжо зусім хутка, як абяцаюць, і на касцюміраваным каралеўскім паляванні з лукамі і арбалетамі.


Легенда пра каварную Дрыву і слаўны Брас

Адна з іх гаворыць, што некалі на гары сярод чыстых азёр стаяў замак, у якім жыў багаты князь. У яго была дачка Дрыва. Сваталіся да прыгажуні трое братоў — князі Снуд, Брас і Ноў. Але каварная дзяўчына заявіла: “Выйду замуж за таго, хто заб’е ўсіх сапернікаў”. Снуд і Ноў вырашылі пазбавіцца ад брата, аднак памылкова забілі слугу, а потым схапіліся адзін з адным... У жывых застаўся Брас. Але, даведаў­шыся пра лёс братоў, ён адмовіўся ўзяць яе ў жонкі. Абняслаўленая Дрыва кінулася ў возера. А пасля смерці князя Брас стаў слаўным правіцелем горада — у гонар яго і назвалі Браслаў.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter