У Міжнародным фестывалі традыцыйнай культуры “Браслаўскія зарніцы” паўдзельнічалі беларусы з Даўгаўпілса

Горад сонца і азёраў

Свята традыцыйнай культуры “Браслаўскія зарніцы” — найстарэйшае ў Беларусі: у горадзе блакітных азёраў праходзіла яно ў 51-ы раз. У раённы цэнтр, што ля беларуска-латвійскай мяжы, з’ехаліся дэлегацыі ды творчыя калектывы з Літвы, Латвіі, Эстоніі, Польшчы, Расіі, Беларусі. Упершыню пабывалі на ім артысты ансамбля “Пралескі” Даўгаўпілскага Цэнтра беларускай культуры.

Удзельнікі ансамбля “Пралескі” на фестывалі ў Браславе


На вялікім канцэрце-адкрыцці фестывалю госці з Даўгаўпілса выканалі латышскую народную песню “Es nenācu šai vietāi” на дзвюх мовах — латышскай і беларускай. Пасля разам з беларускім ансамблем “Лянок” з Елгавы выспупілі з канцэртам у аграгарадку Пагошча. Там “Пралескі” пад акардэон і скрыпку спявалі і па-латышску, і па-беларуску, і нават па-латгальску. Дарэчы, гэтай мовай валодае ўсяго толькі каля дзесяці працэнтаў насельніцтва Латвіі. На заключным канцэрце свята “Браслаўскія зарніцы” артысты выканалі папулярную песню Райманда Паўлса з сімвалічнай назвай “Nekur nav tik labi kā mājās” (“Нідзе так хораша не бывае, як дома”) у перакладзе на беларускую мову вядомага беларускага паэта з Даўгаўпілса Станіслава Валодзькі.

“Наш калектыў малады, але мы выступалі ўжо на многіх міжнародных святах ды фестывалях у Беларусі. А сёлета ажыццявілася й мара патрапіць на знакамітыя “Браслаўскія зарніцы”, — расказвала кіраўніца ансамбля “Пралескі” Анастасія Малышава. — Гэтае свята самабытнае: захоўвае беларускую культурную спадчыну. Аднак яно ж злучае народы і краіны. З задавальненнем удзельнічаюць у ім і беларусы замежжа”.

Сіла слоў, вобразаў і рыфмаў

А ў Браслаўскай школе мас-тацтваў прайшла творчая сустрэча даўгаўпілскага паэта, ураджэнца Астравецкага раёна Гродзеншчыны, члена Саюза пісьменнікаў Беларусі Станіслава Валодзькі ды браслаўскага кампазітара Альберта Белуся. На рахунку Станіслава Валодзькі некалькі паэтычных кніг для дарослых, а таксама зборнікаў вершаў, казак і апавяданняў для дзяцей на рускай і беларускай мовах. У працэсе супрацоўніцтва творцаў на свет з’явілася шмат песень.

Пад час творчага флэшмоба з песнямі Станіслава Валодзькі ды Альберта Белуся выступалі ансамбль “Спадчына” Цэнтра беларускай культуры, гурт беларускай суполкі “Уздым”. У іх выкананні прагучалі песні “Матчына мова” і “На ростанях”. Салістка ансамбля “Пралескі” Юлія Хмяльніцкая выканала песні “Беларусы свету”, “Браслаўшчына”, “Суніцы для Багдановіча” і “Песенька вясёлкі”. Алена Валодзька прадэкламавала верш для дзяцей “Куды дзеўся апетыт?”.

Завяршылася сустрэча песняй “Развітальная”, музыку да якой напісала Таццяна Піменава, у выкананні даўгаўпілчан.

Дарэчы, браслаўскі фестываль быў насычаны рознымі мерапрыемствамі. Прайшлі й святочнае шэсце ўдзельнікаў, і выступленні ў аграгарадках, і салют, і фэст сярэдневяковай культуры “Меч Брачыслава”, і выстава-кірмаш “Горад майстроў”. Да свята было прымеркавана і адкрыццё інтэрната паруснай школы. Гэтыя два святочныя дні сапраўды падарылі гледачам, гасцям і ўдзельнікам фэсту шмат пазітыўных эмоцый.

Марыя Памецька,

Браслаў—Даўгаўпілс

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter