Горад пад зялёнымі шатамі. Гомель лічыцца адным з прыгажэйшых гарадоў Беларусі, дзе мінулае і сучаснае ідуць побач, узаемна дапаўняючы і ўзбагачаючы адзін аднаго.

Гэта буйны прамысловы цэнтр, размешчаны на стыку трох рэспублік, трох славянскіх народаў, адсюль яго адкрытасць, талерантнасць, статус цэнтра міжрэгіянальных сувязей. Сем цудаў для горада, у якім пражывае каля 500 тысяч чалавек і дзе кожная з яго адміністрацыйных адзінак настойліва аспрэчвае сваё права быць самай дагледжанай, камфортнай для пражывання грамадзян і цікавай для гасцей — гэта, безумоўна, усяго толькі невялічкая часцінка.

Прападобная Манефа Гомельская

Яшчэ і сёння жывуць людзі, якія ведалі Манефу (ад нараджэння Марыя Скопечава) і былі сведкамі духоўнага і жыццёвага подзвігу прападобнай.
З нараджэння дзяўчынка пакутвала на цяжкую хваробу. Маці шмат малілася, прасіла для яе палёгкі. Чулая душа дзіцяці ўлавіла сэнс існавання на зямлі: усё трымаецца на малітве і любові. На плячах бацькоў або міласэрных аднавяскоўцаў часта наведвала храм Чонкаўскага манастыра, у якім яна прыняла пострыг. Пасля закрыцця манастыра пасля вайны старалася не прапускаць ніводнай святочнай службы ў храмах. Гэта было параўнальна з подзвігам, бо хадзіць станавілася ўсё больш складана.
Зямное жыццё Марыі Скопечавай скончылася ў 1984 годзе. У жніўні 2007-га яна была прылічана Беларускай праваслаўнай царквой да ліку святых. У саборы Пятра і Паўла ў Гомелі знаходзіцца рака з мошчамі прападобнай Манефы Гомельскай. Гэта месца духоўнага пакланення вернікаў.

Любімае месца адпачынку

Парк вакол Палаца Румянцавых—Паскевічаў з’яўляецца не толькі яго выдатным дапаўненнем, часткай ансамбля, але і сам па сабе ўнікальны. Займае 25 гектараў. У ім налічваецца больш як 60 відаў зялёных насаджэнняў. Толькі дрэў больш за 6000 адзінак. Заклаў парк Іван Паскевіч. Акрамя традыцыйных відаў, некаторыя з якіх захаваліся і да нашых дзён, былі завезены і экзоты. Нетрадыцыйныя віды прысутнічаюць і ў сённяшняй разнастайнасці флоры. У парку нямала цудоўных куточкаў. Адзін з іх — Лебядзіная сажалка з яе гордымі насельнікамі — чорнымі і белымі лебедзямі. Дзякуючы нядаўняй маштабнай рэстаўрацыі сажалка паўстала перад гамяльчанамі і гасцямі ў новым эфектным абліччы.
У парку мноства малых архітэктурных форм, якія захоўваюць гістарычны каларыт і ўдала дапаўняюць зялёную прастору. Ёсць фантаны. Ва ўсе поры года ён цудоўны і прыцягвае ўвагу наведвальнікаў. Гэта любімае месца адпачынку.

Галоўная славутасць

Ёю па праву з’яўляецца Палац Румянцавых—Паскевічаў, сапраўдная жамчужына Гомельшчыны, помнік архітэктуры XVIII—XIX стагоддзяў. Узведзены ён у 1777—1796 гадах вялікім рускім палкаводцам Пятром Румянцавым, якому Гомель быў падараваны імператрыцай Кацярынай II. Як мяркуецца, архітэктарам палаца быў Іван Староў, які праславіўся будаўніцтвам Таўрычаскага палаца, Казанскага сабора і Аляксандра-Неўскай лаўры ў Санкт-Пецярбургу. Пасля бацькі і двух сыноў Румянцавых палацам валодалі два пакаленні Паскевічаў. Яны ўнеслі свой уклад у знешняе аблічча палаца і яго ўнутранае ўбранства, дапоўнілі яго новымі пабудовамі, разбілі парк. Паскевічы валодалі багацейшай калекцыяй антыкварыяту. З канфіскацыяй палаца пасля рэвалюцыі яна склала аснову Гомельскага абласнога краязнаўчага музея, які быў створаны ў 1919 годзе. У час вайны палац пацярпеў, але быў адноўлены. Яго новы росквіт пачаўся ў канцы 90-х гадоў мінулага стагоддзя. Абнаўленне ідзе і сёння. Разам з іншымі аб’ектамі, што побач з ім, гэта адзін з лепшых музейных комплексаў краіны.

Формы малыя, але выразныя

Жыхары Гомеля і госці, якія адкрываюць для сябе горад над Сожам, абавязкова адзначаюць арыгінальныя малыя архітэктурныя формы, якія размешчаны ва ўсіх раёнах горада. Гэта і героі казак (Гулівер, Дама ў блакітным, Дзюймовачка), і прадстаўнікі асобных сфер працоўнага фронту (дворнічыха), і зборныя гістарычныя вобразы (лодачнік), і бронзавыя фігуркі вядомых людзей, якія пабывалі ў Гомелі (Карандаш), і асобы з мінулага, што ўнеслі вялікі ўклад у развіццё горада (Ірына Паскевіч). І прадстаўнікі фаўны, і проста эфектныя кампазіцыі, без якіх вуліцы і скверы выглядалі б менш выразна і прывабна. Працуе над імі цэлая група мастакоў: Віктар Папоў, Вячаслаў Далгоў, Уладзімір Андрыянаў і іншыя. І ў гэтым шэрагу, як і ў тэхніцы “Гомсельмаша”, пастаянна прыбывае.

Тэхнічны прарыў

У сёлетнім кастрычніку шматтысячны калектыў РУП “ВА “Гомсельмаш” адзначыў 80-годдзе свайго прадпрыемства. Падзея мае вялікае значэнне не толькі для саміх камбайнабудаўнікоў, але і многіх людзей, якія карыстаюцца пладамі іх працы. Гэта ў першую чаргу аграрыі Беларусі, для якіх тэхніка “Гомсельмаша” становіцца асноўнай на ўборцы ўраджаю і нарыхтоўцы кармоў. А таксама ўсе мы, хто спажывае прадукцыю сельгасвытворцаў, што трапляе на сталы дзякуючы тэхнічнаму ўкладу камбайнабудаўнікоў. Гісторыя прадпрыемства — гэта гісторыя мужнага пераадольвання разнастайных  цяжкасцей, у тым ліку ваеннага і пасляваеннага часу. Гэта тэхнічны прарыў у колькасных адносінах: ад машын асобных відаў прадпрыемства перайшло да выпуску цэлых мадэльных радоў для выканання шырокага комплексу сельскагаспадарчых работ, і якасных — упэўненага выхаду на рынкі дзясяткаў краін. Свой юбілей калектыў таксама адзначае выхадам новай збожжаўборачнай машыны, аналагаў якой няма на постсавецкай прасторы.

Поўны кавалер ордэна Славы

Віктар Вятошкін (на фота справа) меў “бронь” і не падлягаў мабілізацыі. Але храбры хлопец рваўся на фронт. У ваенкамаце задаволілі яго настойлівую просьбу і адправілі ў Чырвоную Армію.
14 студзеня 1945 года пры прарыве варожай абароны на левым беразе Віслы ў раёне польскага горада Варка наводчык мінамёта Віктар Вятошкін падавіў дзве кулямётныя кропкі і забіў каля дзесяці варожых салдат, за што быў узнагароджаны ордэнам Славы 3-й ступені. Напярэдадні самой перамогі сяржант-смяльчак нанёс сур’ёзны ўрон сілам праціўніка ў баі ў раёне горада Врыцэн у Германіі. Аднак трэці ордэн знайшоў яго толькі праз 25 гадоў. Аднаму з першых яму было прысвоена званне ганаровага грамадзяніна Гомельскай вобласці. Сёння ён адзіны поўны кавалер ордэнаў Славы ў Беларусі.

Лётчык-ас і настаўнік Гагарына

Гаворка ідзе пра Рыгора Дзенісенку, удзельніка Вялікай Айчыннай вайны, Героя Савецкага Саюза, ганаровага грамадзяніна Гомеля і Гомельскай вобласці. Рыгор Кірылавіч ваяваў у складзе
325-га штурмавога авіяпалка пад камандаваннем В.Н.Каракова. Лятаў на штурмавіку “Іл-2”. За паўтара года баявых дзеянняў зрабіў 197 вылетаў, знішчыў на зямлі 20 варожых самалётаў і два ў паветраным баі, 47 танкаў, тры чыгуначныя саставы і мноства іншай тэхнікі праціўніка. Яго самалёт двойчы збівалі. Удзельнік Парада Перамогі ў Маскве 24 чэрвеня 1945-га і яшчэ шасці юбілейных парадаў. Пасля вайны служыў у ВПС СССР, працаваў у аэраклубах Расіі. У сярэдзіне 50-х узначальваў Саратаўскі аэраклуб. Вучыў лятаць будучага першага касманаўта Зямлі Юрыя Гагарына. Больш таго, калі б не Рыгор Дзенісенка, які дабіўся для студэнта тэхнікума Юрыя Гагарына дазволу быць залічаным у лётнае аддзяленне насуперак загаду не прымаць навучэнскую моладзь, той мог і не стаць лётчыкам.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter