Горад-фенікс

Здымкі вуліц вызваленага 71 год таму ад нацыстаў Мінска і цяперашні выгляд тых самых месцаў
Перад вамі здымкі вуліц вызваленага 71 год таму ад нацыстаў Мінска і цяперашні выгляд тых самых месцаў. Горад падняўся з руін, нібы ўваскрэслая птушка Фенікс.

Параўнайце, што мы страцілі ў ваеннае ліхалецце і што набылі за гады мірнага жыцця.

Калі я іду вуліцамі Мінска, то шукаю тыя рысы, якія нагадваюць пра даваенную гісторыю горада. Нягледзячы на тое што ў 1941—1944 гадах горад значна пацярпеў у час авіяналётаў, калі прыгледзецца, то можна прыкмеціць захаваныя да нашых дзён будынкі: Дом Урада, оперны тэатр, акадэмія навук, цэрквы, касцёлы. Але збольшага па вызваленні сталіцы 3 ліпеня 1944 года ўсё давялося будаваць нанова.

На жаль, дагэтуль у гістарычным цэнтры Мінска залечаны не ўсе ваенныя раны. Нібы выбітыя зубы зеўраюць пусткі на целе горада. На месцы руін з’явілася, напрыклад, Кастрычніцкая плошча. Уявіце сабе, раней гэта быў шчыльна заселены квартал!

Гісторыя нас вучыць, што трэба цаніць мір, і тады наш Мінск і іншыя гарады, вёскі краіны не трэба будзе ўжо ніколі падымаць з руін. Мы нічога не страцім і будзем толькі назапашваць багацце. А праз вякі нашчадкі не раз скажуць нам дзякуй за багатую архітэктурную спадчыну, якую мы ім пакінулі.



Дом Урада. Пабудаваны ў 1933 годзе, ён датрываў да нашых дзён. У час акупацыі адно была зрынута статуя Леніна. Ад яе ацалеў пастамент, на якім пасля зноў з’явіўся манумент Ільічу.




Мінскі палітэхнічны інстытут цяпер называецца Беларускім нацыянальным тэхнічным універсітэтам. Яго муры, узведзеныя ў 1950-я, уключаюць карпусы 1930-х гадоў, што згарэлі ў час вайны і пасля былі рэканструяваны.




Вуліца Леніна. Амаль уся разбітая. Але дзякуючы цуду захаваўся кафедральны касцёл і будынкі вакол яго — помнікі архітэктуры XVIII стагоддзя.




Гэтага месца не пазнаць. Тут, на рагу вуліц Карла Маркса і Чырвонаармейскай, стаяў дом ЦК КП(б)Б.
Вось што ад яго засталося да 1944 года. Пасля вайны пабудавалі новы будынак, які заняў Ленінскі камуністычны саюз моладзі Беларусі, а цяпер тут знаходзіцца ЦК БРСМ.


vk@sb.by
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter