Горад, дзе прызямліўся Хрыстос. Нездарма Гродна называюць горадам-музеем. Тут захаваліся помнікі практычна ўсіх архітэктурных стыляў, храмы амаль усіх канфесій.

Сярэдневяковы горад, намаляваны ў рамане “Хрыстос прызямліўся ў Гародні”, Уладзімір Караткевіч стварыў у сваіх мроях. А потым прыехаў, каб ідэнтыфікаваць. І быў уражаны падабенствам.

Гады мінаюць, а тое пачуццё, што ахінае падарожніка, які ўпершыню трапіў у горад над Нёманам, мабыць, застаецца нязменным. Захапленне. Найперш — ад той прасторы ды маляўнічых краявідаў, якія тут зберагаюць пакаленнямі; ад таго, што, куды ні кінеш вокам, — усюды гісторыя: і ў купалах ды шпілях даўно мінулых эпох, і ў брукаванай вуліцы, і ў агромністых камянях замкаў, і ў прыязнасці людзей, што жывуць тут і сілкуюцца, напэўна ж, усведамленнем высокага гонару за сваіх папярэднікаў.
Статус горада — помніка беларускай архітэктуры і горадабудаўніцтва Гродна атрымаў яшчэ ў 1987 годзе згодна з загадам Савета Міністраў БССР. Сёння гарадской грамадскасцю ў парламент краіны пададзена прапанова аб пацвярджэнні гэтага звання.
У гістарычным цэнтры горада на досыць невялікай плошчы (200 гектараў) месціцца каля 900 будынкаў, сярод якіх 86 — гэта помнікі гісторыі і архітэктуры, 33 з іх — помнікі рэспубліканскага значэння.
Знаёмства з горадам-помнікам пачынаем з Каложскай, ці Барысаглебскай царквы  ХІІ стагоддзя. Гісторыя гэтага дзіўнага будынка пераносіць нас у самы ранні перыяд Гародні, да першых упамінанняў у Іпацьеўскім ды Лаўрэнцьеўскім летапісах, якія пазначаны 1128 годам. Зрэшты, археолагі сцвярджаюць, што горад прыкладна на стагоддзе старэйшы.
Каложа — самы старажытны з дзеючых храмаў Беларусі. Ён намініраваны на ўключэнне ў Спіс сусветнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА. Пачатак рэстаўрацыйных работ тут благаславіў днямі Мітрапаліт Філарэт, у горадзе распачата дабрачынная акцыя па аднаўленні храма.
Для мяне, чалавека, што нарадзіўся і жыве на роўнай зямлі Брэсцка-Пінскага Палесся,  асаблівае захапленне — рэльеф краявідаў. Цяжка нават і патлумачыць тое адчуванне — нібыта нейкая сіла ўзносіць цябе над рэчаіснасцю.
На бліжэйшым пагорку — Стары замак. Менавіта адгэтуль пачынаўся горад, тут была пабудавана першая крэпасць, што перарасла ў гарадскі дзядзінец.
Дынастыю мясцовых князёў адлічваюць ад Усеваладкі Гарадзенскага, праўнука Яраслава Мудрага, які ўзяў шлюб з дачкой Уладзіміра Манамаха Агаф’яй. Згодна з легендай, гэтыя тэрыторыі ён атрымаў у якасці жончынага пасагу. Дык вось, гродзенцы не прамінуць зазначыць, што пачынаўся горад з кахання, з сямейнага шчасця. Пры малодшым з пяцярых дзяцей Мсціславе і пачалося ў горадзе беспрэцэдэнтнае па тых часах на Беларусі мураванае будаўніцтва.
Да Старога замка ідзём па самым старым на Беларусі каменным мосце сярэдзіны XVII стагоддзя, пабудаваным з нагоды прыёму першага Гродзенскага сойма Рэчы Паспалітай. І загадваем жаданні, якія, згодна з мясцовым павер’ем, абавязкова павінны збыцца.
Замкавая гара ўзвышаецца ў месцы зліцця рэк Гараднічанкі і Нёмана. Стары замак пабудаваны па загадзе караля Стэфана Баторыя ў канцы ХVI стагоддзя на руінах замка Вітаўта, апяразанага мураванымі сценамі трохметровай таўшчыні. Падчас Паўночнай вайны замак быў разбураны шведамі, часткі збудавання пападалі ў Нёман.
Новы каралеўскі палац XVIII стагоддзя ўзведзены побач для правядзення генеральных соймаў Рэчы Паспалітай па праекце саксонскіх архітэктараў. Праўда, тады ён не меў сённяшняга шэрага аблічча, а быў абліцаваны ружовым мармурам. Сёння на шпілі пяціканцовая зорка і герб савецкай эпохі замест герба Рэчы Паспалітай. Тут пасля абкама партыі месцяцца Гродзенскі гісторыка-археалагічны музей і абласная навуковая бібліятэка імя Карскага.
Велічна ўзносіцца да нябёсаў у самым цэнтры горада касцёл Святога Францыска Ксаверыя — Фарны касцёл, сведка трох стагоддзяў гісторыі зямлі гарадзенскай, які не мае аналагаў у Еўропе.
Касцёл захоўвае і самы старажытны ў Еўропе дзеючы маятнікавы гадзіннік, які быў перанесены сюды з гарадской ратушы і, па меркаванні гісторыкаў, ужо на працягу пяці стагоддзяў з’яўляецца своеасаблівым сімвалам Гродна. Дарэчы, аналаг гарадзенскага гадзінніка таго ж англійскага майстра Клеменса, але ў нерабочым стане знаходзіцца ў музеі Лондана. А тут ён спраўна цікае, і над наваколлем кожную чвэрць гадзіны разносіцца яго ўнікальны звон.
...Аднак і мы былі змушаны зірнуць на стрэлкі з пэўнай адказнасцю. На жаль, многія дзівосы з-за недахопу часу назіраем толькі праз акно аўтобуса, у тым ліку адну з самых велічных у Еўропе сінагог XVI стагоддзя. Многае і ўвогуле застаецца па-за межамі нашага маршруту, хоць вельмі хацелася хоць адным вокам паглядзець на драўляны лямус, пабудаваны без адзінага цвіка, самы стары драўляны будынак, які захаваўся з 1630-х гадоў, завітаць у адзіную на Беларусі аптэку-музей, пагутарыць з матушкай Гаўрыілай у манастыры Ражаства Багародзіцы... Адным словам, разумееш, тут і тыдня на ўсё не хопіць. Таму, пакідаючы горад, мы забіраем з сабою ўспаміны і намер вярнуцца сюды зноў.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter