Горад добрых людзей

Дзяржынск вызначаны адным з гарадоў-спадарожнікаў Мінска. У гэтым паселішчы, як і ў ягоных ваколіцах, памятаюць даўніну і дбаюць пра будучыню.На календары — першы дзень вясны. А сонечныя промні, як вядома, найперш праграваюць праталіны на высокіх мясцінах, узвышшах. І мы заглянем на Дзяржыншчыну, дзе нават раённая газета мае назву “Узвышша”: менавіта ў гэтым раёне знахо-дзіцца гара Дзяржынская, самая высокая ў Беларусі: 345 метраў над узроўнем мора. Райцэнтр — кіламетраў за 40 ад Мінска, туды зручна дабірацца як па шашы, што ідзе да заходняй мяжы Беларусі, так і па чыгунцы, да станцыі Койданава.
Ля царквы Пакрова Прасвятой Багародзіцы  ў ДзяржынскуДзяржынск вызначаны адным з гарадоў-спадарожнікаў Мінска. У гэтым паселішчы, як і ў ягоных ваколіцах, памятаюць даўніну
і дбаюць пра будучыню.

На календары — першы дзень вясны. А сонечныя промні, як вядома, найперш праграваюць праталіны на высокіх мясцінах, узвышшах. І мы заглянем на Дзяржыншчыну, дзе нават раённая газета мае назву “Узвышша”: менавіта ў гэтым раёне знахо-дзіцца гара Дзяржынская, самая высокая ў Беларусі: 345 метраў над узроўнем мора. Райцэнтр — кіламетраў за 40 ад Мінска, туды зручна дабірацца як па шашы, што ідзе да заходняй мяжы Беларусі, так і па чыгунцы, да станцыі Койданава.

На новыя арбіты
Апошнім часам пра Дзяржынск, у якім амаль 25 тысяч жыхароў, усё часцей гавораць як пра адзін з дзевяці гарадоў-спадарожнікаў Мінска. Нагадаем, у такой якасці ў дзяржпраграму ўключаны Дзяржынск, Жодзіна, Фаніпаль, Смалявічы, Стоўбцы, Узда, Рудзенск, Заслаўе і Лагойск. На нядаўняй прэс-канферэнцыі ў Мінскім аблвыканкаме гаварылася, што праграма іх развіцця дапрацоўваецца, і гарады хутка будуць мяняць абліччы, у тым ліку і за кошт прыцягнення інвестыцый з Мінска. Ужо тое, што населеныя пункты аднесены да спадарожнікаў сталіцы, прынесла станоўчыя вынікі: да іх значна ўзрасла цікавасць інвестараў, ёсць планы па рэалізацыі там буйных праектаў. У прыватнасці, развіццю Дзяржыншчыны дадатковы штуршок дае
і пашырэнне свабоднай эканамічнай зоны “Мінск”.

Прыгожа глядзіцца сучасны Дзяржынск з вышыніКрутагор’е. Койданава. Дзяржынск
Жыхары Дзяржыншчыны ведаюць: раней (гісторыкі сцвярджаюць: да другой паловы ХІІ стагоддзя) гэта пагоркавая мясцовасць на Мінскім узвышшы мела характэрную назву: Крутагор’е. У дакументах сярэдзіны ХV стагоддзя ўпершыню згадваецца і Койданава, у сувязі з будаўніцтвам у паселішчы першага касцёла. Адкрыты ён для вернікаў і сёння, цяпер асвечаны ў гонар святой Ганны, стаіць непадалёк ад старажытнага Замчышча, паміж вуліцамі Першамайскай і Якуба Коласа. Дарэчы, ад мясцовых жыхароў часам пачуеш: маўляў, былая назва мястэчка — ад імя татарскага хана Кайдана, армія якога была там быццам некалі разбіта. Некаторыя краязнаўцы, аднак, тую версію не падтрымліваюць — і ў летапісах няма адпаведных звестак, ды і звычкі называць свае паселішчы імёнамі ворагаў, хай сабе і пераможаных, нашы продкі не мелі. То, можа, у найменні адлюстравана, што гэта паселішча кавалёў? У старабеларускай мове, сцвярджаюць мовазнаўцы, было слова кеда, ёсць і такое беларускае прозвішча. Слова трансфармавалася ў койда — каваль. Сярод іншых жалезных рэчаў ён выкоўвае і кайданы. Памятаеце знакаміты верш Купалы: “Партызаны, партызаны,/ Беларускія сыны!/ За няволю, за кайданы/ Рэжце гітлерцаў паганых,/ Каб не ўскрэслі век яны”. А кавальства на Койданаўшчыне развівалася спрадвеку, бо руду там здабывалі, і назвы Рудня, Новая і Старая Рудзіца некаторых тамтэйшых вёсак таму сведчаннем.
З яшчэ адным перайменаваннем, ужо ў 20-я гады мінулага стагоддзя, усё зразумела: гэта даніна павагі чэкісту-рэвалюцыянеру Феліксу Дзяржынскаму. Ён з тых мясцін, з маёнтка паблізу Налібоцкай пушчы, родам. Пэўна, тады палічылі, што невялічкаму паселішчу прысвойваць імя ў гонар “жалезнага Фелікса” несалідна, таму ў маі 1932-га мястэчку спачатку далі статус горада, а ў ліпені і новую назву: Дзяржынск.

Снягі і Негарэлае
За савецкім часам асаблівы статус мела і чыгуначная станцыя Негарэлае на тэрыторыі раёна. Як вядома, паводле мірнага дагавора Савецкай Расіі з Польшчай, падпісанага 18 сакавіка 1921 года ў Рызе, заходнія землі Украіны і Беларусі часова, да 1939 года, заставаліся пад уладай Польшчы. Койданаўская воласць у момант стала памежнай, а Негарэлае — не проста першай памежнай станцыяй Савецкага Саюза, а “варотамі” ў краіны Заходняй Еўропы. Яна часта згадвалася ў савецкім і замежным друку. У Негарэлым спыняліся вядомыя савецкія і замежныя мастакі, пісьменнікі, іншыя дзеячы культуры. Сярод іх былі Р. Ралан, Ю. Фучык, Ф. Нансэн, М. Горкі, В. Чкалаў, П. Робсан... Напрыклад, Уладзімір Маякоўскі неаднаразова бываў на станцыі. Ёсць меркаванні, што пад час праверкі дакументаў на мяжы і ўзнікла ідэя яго знакамітых “Вершаў пра савецкі пашпарт”. А ў вершы “Яны і мы”, напісаным пасля паездкі ў Германію і Францыю, ёсць адметныя радкі: “На горизонте — белое./ Снега и Негорелое…”
Сёння турыстам, якія падарожнічаюць па Дзяржыншчыне, нагадваюць і такія цікавыя факты. Аказваецца, у 20-30-я гады станцыя Негарэлае наносілася на ўсе карты Еўропы: стратэгічны пункт… Да верасня 39-га менавіта ў Негарэлым заканчваўся даўжэзны маршрут кур’ерскага цягніка “Уладзівасток—Негарэлае”, хадзіў яшчэ міжнародны экспрэс “Маньчжурыя—Стоўбцы”, ды і заходнеўрапейскі “Парыж—Негарэлае” дахо-дзіў якраз да паселішча. А спачатку ж гэта была проста звычайная станцыя на Маскоўска-Брэсцкай чыгунцы. Між іншым, 16 лістапада 1871 г. па маршруце Мінск—Койданава—Негарэлае адправіўся першы цягнік, і тая дата лічыцца днём нараджэння Беларускай чыгункі. Саліднасці станцыі надала невялічкая пасадачная платформа, якая будавалася на сродкі графа Караля Чапскага і пачала прымаць і адпраўляць пасажыраў са снежня 1879 года. Потым, у 20-я і 30-я гады, калі станцыя Негарэлае прымала гасцей з Заходняй Еўропы, іх ужо ўражваў вялікі і прыгожы вакзал з рэстаранам, аддзяленнем сувязі, агенцтвам “Інтурыст”...
Прайшоў час, Негарэлае стала, на першы погляд, звычайнай станцыяй, але раней створаная там інфраструктура мадэрнізуецца, працуе на сучасную эканоміку краіны. І сёння ў Негарэлым загружаюцца вагоны, фарміруюцца саставы, у асноўным э мінеральнымі угнаеннямі, будаўнічымі і лесаматэрыяламі, якія ідуць і за мяжу — у Кітай, Літву, Латвію, Польшчу, Расію.

У турыстычным цэнтры “Станькава” адпачываць можна з камфортам“Партызанскі лагер” у Станькаве
Многія ведаюць, што вёска Станькава — малая радзіма юнага партызана, Героя Савецкага Саюза Марата Казея. Там, непадалёк ад Дзяржынска, знаходзіцца і родавое памесце графоў Чапскіх. Цяпер у маёнтку, які ім належаў, месціцца Станькаўская школа-інтэрнат. Нядаўна на сядзібе адрэстаўраваны будынак скарбчыка — у ім Эмерык фон Гутэн-Чапскі зберагаў свае каштоўныя калекцыі. Дарэчы, і цяпер у Дзяржынску зберагаюцца не менш каштоўныя скарбы: там працуе Беларускі дзяржаўны архіў кінафотафонадакументаў. У фондах — тысячы рэдкіх фотаздымкаў, фонадакументы з запісамі галасоў Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Танка, Кандрата Крапівы і іншых знакамітых людзей.
Але вернемся ў Станькава, дзе намаганнямі спецыялістаў вядомага ў краіне агракамбіната “Дзяржынскі” на плошчы амаль паўтысячы гектараў створаны экалагічны цэнтр “Станькава”. Там ёсць розныя зоны адпачынку. Першы на маршруце гасцей — “Заалагічны сад”, дзе ў прыгожых дамках жывуць шматлікія дзікія жывёлы і дэкаратыўныя птушкі. Побач будынак конефермы — там разводзяць пародзістых коней, поні. Турыстам можна пакатацца на іх як вярхом, так і ў прыгожым дыліжансе. Ёсць шмат іншых забаў, можна пастраляць з лука ці арбалета, пасядзець у міні-кафэ. А ў бярозавым гайку нядаўна запрацавала рэзідэнцыя Дзеда Мароза. Адметная і пляцоўка “Старая мяжа” — яна расказвае пра гісторыю краю, гэта адначасова і вялікі музей баявой тэхнікі, зброі, там ёсць нават паравоз з ваенных часоў, які ў вайну захапілі ў фашыстаў чырвонаармейцы.
Цікава наведаць і пляцоўку “Партызанскі лагер” — Беларусь нездарма называлі партызанскім краем. Надпіс на мемарыяльнай дошцы пры ўваходзе нагадвае, што ў вайну на тэрыторыі рэспублікі дзейнічала 1255 партызанскіх атрадаў, налічвалася 374 тысячы партызан. На лясной паляне — з дзясятак зямлянак. Там можна доўга вывучаць, як жылі народныя мсціўцы, пабываць у іхняй майстэрні па рамонце зброі, медсанчасці, лазні, лясной школе, друкарні… Гасцям, асабліва школьнікам, такая вандроўка ў мінулае запомніцца надоўга.

Іна Ганчаровіч, Іван Іванаў
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter