Нашы біятланісты занялі толькі 11-е месца ў змешанай эстафеце кубка свету. Якія шанцы ў будучыні?

Гонка за глобусам

Сезон пачаўся. Нашы біятланісты занялі толькі 11-е месца ў змешанай эстафеце кубка свету. Якія шанцы ў будучыні?
Сезон пачаўся. Нашы біятланісты занялі толькі 11-е месца ў змешанай эстафеце кубка свету. Якія шанцы ў будучыні?



Гэты сезон у сусветным біятлоне асаблівы. Праз год пасля заканчэння Алімпійскіх гульняў не ўсе страляючыя лыжнікі выйшлі на старт першага этапу Кубка свету ў Швецыі: так, кар’еру вырашылі скончыць нарвежка Тура Бергер і немка Андрэа Хенкель, з-за траўмы яго прапускае ўкраінка Віта Семярэнка. Таксама па-за мяжой спорту засталіся французскія біятланісткі Мары-Лор Брунэ і Мары Дарэн-Абер. Самы час для нашай тройчы алімпійскай чэмпіёнкі Дар’і Домрачавай заваяваць адзіную ўзнагароду, якой яшчэ няма ў яе калекцыі, — Вялікі крыштальны глобус.

Падаецца, менавіта да гэтай мэты і ідзе спартсменка: яна добра рыхтавалася ў міжсезонне і зараз адчувае сябе на лыжні вельмі ўпэўнена. Узяць, напрыклад, змешаную эстафету, якую нашы біятланісты скончылі на адзінаццатым радку пратакола: Домрачава стартавала з дзевятнаццатай пазіцыі, а фінішавала першая. Матывацыі ў яе хапае: і ўзнагароду трэба заваёўваць, і заданне кіраўнікоў зберагчы квоту — чатыры спартсменкі ў спрынце і індывідуальных гонках — выконваць. На руку ёй і новая экіпіроўка — спецыяльна сканструяваныя лыжы і выгнутыя палкі, якія, спадзяецца сама Дар’я, добра паўплываюць на яе хуткасць. А таксама сэрвісмэн, які займаўся падрыхтоўкай лыж у алімпійскім Сочы. Івар Улеклёйв павінен быў пакінуць зборную ў гэтым годзе, але Домрачава дабілася таго, каб нарвежац застаўся яшчэ на сезон. Калі адкрываюцца такія перспектывы, рызыкаваць нельга. Яшчэ адзін важны чалавек, які прымкнуў да нашых біятланістаў, — аўстрыйскі спецыяліст Альфрэд Эдэр. Ён змяніў Клаўса Зіберта на пасадзе старэйшага трэнера жаночай зборнай. Славіцца аўстрыец хуткай стральбой па мішэнях. У свой час навучыў гэтаму сына — прызёра Алімпійскіх гульняў і чэмпіянатаў свету Сімона Эдэра. Спадзяёмся, “падцягне” стральбу новы трэнер і нашым біятланісткам.

Хаця аналагічная задача на Кубку свету стаіць і перад мужчынскай зборнай, у жанчын козыраў, здаецца, больш. У іх камандзе і бронзавы прызёр Алімпіяды ў Сочы Надзея Скардзіна. Дзяўчына хаця і перанесла аперацыю на правым воку, ужо прывучылася цэліцца па мішэнях левым. І гэта ў яе атрымліваецца нядрэнна. У страі таксама нашы вопытныя байцы Надзея Пісарава і Анастасія Дубарэзава, да якіх прымкнула Анастасія Каліна.

Больш значныя змены перажыла мужчынская зборная: ад спорту адышлі адразу сярэбраны прызёр Алімпіяды-2010 Сяргей Новікаў, Яўген Абраменка і Уладзімір Алянішка. На іх месцы прыйшлі маладыя хлопцы — Дзмітрый Будзіловіч, які адправіўся на першы этап Кубка свету ў Швецыю, а Раман Ялётнаў і Віктар Крыўко выйшлі на старт Кубка IBU у нарвежскім Бейтастолене. У іх ёсць яшчэ тры гады, каб падрыхтавацца да наступных зімовых Алімпійскіх гульняў. Аднак вынік у мужчын пакуль не самы добры: у мужчынскай індывідуальнай гонцы лепшы з нашых біятланістаў Уладзімір Чапелін заняў 47-е месца, Юрый Лядаў — 72-е, Аляксандр Дарожка — 92-е, а Дзмітрый Будзіловіч — толькі 95-е. Раман Ялётнаў у Бейтастолене ў спрынце стаў

30-ы, Віктар Крыўко — 54-ы. А вось дзяўчаты і ў гэтым турніры парадавалі: Ірына Крыўко прынесла краіне першы мядаль — бронзу ў спрынце Кубка IBU, а васямнаццацігадовая Ганна Сола ў ім стала чацвёртай.

Такі пачатак сезона — зусім не прычына сумаваць. Па сутнасці, гэта першы старт на снезе. Біятланістам таксама патрэбны час на тое, каб раскрыць увесь свой патэнцыял. Толькі ў снежні ў іх запланаваныя тры этапы Кубка свету, у тым ліку ў аўстрыйскім Хохфільцэне і славенскай Паклюцы. Так што трэба са старту набіраць хуткасць. Калі нумар падпісваўся да друку, жанчыны выходзілі на старт індывідуальнай гонкі. Спадзяёмся, што нашы біятланісты змогуць паказаць, на што здольныя.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter