Легендарным «Песнярам» споўнілася 45 гадоў

Гонар «Песнярам»

Учора легендарным «Песнярам» споўнілася 45 гадоў...
Учора легендарным «Песнярам» споўнілася 45 гадоў. З гэтай нагоды на Маскоўскіх могілках у Мінску ля магілы заснавальніка калектыву Уладзіміра Мулявіна адбылася акцыя «Вянок гонару». 

mulyavin111.png— Творчасць вакальна-інструментальнага ансамбля «Песняры» і сёння з’яўляецца культурнай візітнай карткай нацыі, — такое меркаванне выказаў міністр культуры Барыс Святлоў. — Гэта творчая школа для нацыянальнага і сусветнага музычнага мастацтва. Творы Уладзіміра Мулявіна заўсёды былі вынікам пошуку формы і зместу, сугучнымі часу. Старанна перабіраючы вібрацыі жыцця, Мулявін пісаў песні, якія заўсёды закраналі глыбокія духоўныя струны чалавечай сутнасці. 

 «Смеласць, наватарства, выдатны мастацкі густ, выкарыстанне нацыянальнай паэтычнай спадчыны — гэтыя якасці сталі сапраўдным крэда «Песняроў» і ўзвялі ансамбль на элітарны ўзровень музычнага мастацтва», — дадаў міністр. 

Акцыя стала часткай мерапрыемстваў, прымеркаваных да 45-годдзя ансамбля, якія праходзяць не толькі ў нашай краіне, але і за мяжой. 

Першага верасня 1969 года лічыцца афіцыйнай датай стварэння калектыву, у гэты дзень рашэннем мастацкага савета Беларускай філармоніі група «Лявоны» (першапачатковая назва калектыву) атрымала права называцца вакальна-інструментальным ансамблем.

З назвай «Лявоны» група праіснавала каля года, да IV Міжнароднага конкурсу артыстаў эстрады, які праходзіў у кастрычніку 1970 года. «Песняры» доўгі час заставаліся адной з самых папулярных груп Савецкага Саюза. «Белавежская пушча», «Волагда», «За паўгадзіны да вясны», «Князёўна» і многія іншыя песні, якія гучалі ў выкананні легендарнага ансамбля, даўно прызнаны лепшымі хітамі XX стагоддзя. Склад калектыву мяняўся неаднаразова. За гады існавання ў ім працавала больш за 50 музыкантаў. Мастацкім кіраўніком ансамбля «Песняры» з моманту яго ўтварэння і да сваёй смерці ў 2003 годзе быў Уладзімір Мулявін.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter