Карэспандэнт «Рэспублікі» даведалася, як будуць віншаваць працаўнікоў і што думаюць пра свята 1 мая беларусы розных узростаў

Гонар маю

Па традыцыі 1 Мая пройдуць святочныя мерапрыемствы і канцэрты. Карэспандэнт «Рэспублікі» даведалася, як будуць віншаваць працаўнікоў і што думаюць пра свята беларусы розных узростаў.

Першамай для многiх асаблiвы дзень
Фота Таццяны СТАЛЯРОВАЙ

Святкаванні дня працы пройдуць ва ўсіх рэгіёнах. У Мінску ўрачыстасці пачнуцца ў 11.30 з цырымоніі ўскладання кветак да стэлы «Мінск — горад-герой». Апоўдні ў парку Перамогі гасцей павіншуюць прадстаўнікі прафсаюзаў і працоўных калектываў. Пасля афіцыйнай часткі пачнуцца канцэрт і гулянні — ва ўсім горадзе будуць працаваць дадатковыя міні-кафэ.

У брэсцкім гарадскім парку культуры і адпачынку ў 12.00 павіншуюць пераможцаў абласнога конкурсу прафесійнага майстэрства «Умельцы Брэстчыны». У віцебскім парку Перамогі ўручаць дыпломы лаўрэатам конкурсаў прафмайстэрства – 20 пераможцам прысвояць званне «Майстар года Віцебшчыны-2017». Гамяльчан запрашаюць на яркае свята ў гарадскі парк культуры і адпачынку — яно пачнецца ў 12.00 і працягнецца да позняга вечара. У Гродне адбудзецца вулічная выстава, дзе кожны зможа навучыцца карыстацца інструментамі рабочых розных спецыялізацый. У Магілёве дзеці змогуць бясплатна пакатацца на каруселях і зрабіць здымкі ў фотазоне з прафсаюзнай атрыбутыкай і хэштэгам «Мы — разам!». У некалькіх раёнах Мінскай вобласці — Валожынскім, Лагойскім, Слуцкім — 1 Мая ўрачыста адкрыюць дошкі Гонару працаўнікоў, а ў Жодзіне арганізуюць конкурс малюнкаў на асфальце.

Мы даведаліся ў прахожых, як яны будуць адзначаць свята.


Крысціна ШУМАЙ, 20 гадоў:


— Удзячная Першамаю за доўгія выхадныя — паеду адпачываць у Кіеў. Летась на Свята працы я была ў Германіі — на галоўнай плошчы праходзілі дэманстрацыі і вулічныя святы, сабралася каля 20 тысяч чалавек. Ёсць там яшчэ адна цікавая традыцыя: халастыя мужчыны саджаюць маленькія бярозы — яны называюць іх «майскімі дрэвамі» — каля дамоў незамужніх жанчын. А на верхавіне ўсталёўваюць сэрца з імем каханай дамы, выразанае з кардону.

Андрэй КАЛГАНАЎ, 42 гады:

— Для мяне гэты дзень яшчэ адна нагода адпачыць з сям’ёй на прыродзе, пасмажыць шашлыкі, пагрэцца на сонейку. Але ў мінулым годзе мы далучыліся да гулянняў у парку Горкага — там была выстава дасягненняў народнай гаспадаркі, выступалі спевакі і танцоры. Мне здаецца, гэта вясёлае і добрае свята — выдатна, калі шануюць людзей працы.

Ніна Іванаўна САМОЙЛЕНКА, 78 гадоў:


— Люблю Першамай – асаблівы дзень, нават сонца грэе цяплей. Кожны год прыязджаюць мае дзеці і ўнукі — з раніцы мы разам прыбіраем участак ля дома, выкідваем смецце і пустазелле. А вечарам адпачываем на тэрасе: смажым шашлыкі і праводзім душэўны сямейны час — кожны распавядае аб сваіх дасягненнях і планах. Першае мая — дзень, калі ўся мая сям’я побач са мной!

Хрысціна СКУРАТОВІЧ

kristina_skuratovich@mail.ru

Першамай для многiх асаблiвы дзень.
Фота Таццяны СТАЛЯРОВАЙ
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter